Мядзведзеў загадаў адмяніць санкцыі ў дачыненні да паставак беларускага малака
Прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў даручыў Рассельгаснагляду адмяніць сектаральныя абмежаванні адносна паставак беларускай малочнай прадукцыі і ўвесці абмежаванні ў дачыненні да прадпрыемстваў, якія не змаглі пацвердзіць бяспеку сваёй прадукцыі. Пра гэта паведаміў Белсат.
Паводле стэнаграмы выступу Дзмітрыя Мядзведзева, якая апублікавана на сайце Ураду Расеі, адзначаецца, Масква і Менск дамовіліся пра адыход ад сектаральных санкцыяў, сектаральнага блакавання, рашэнняў, якія звязаны з галіной у цэлым, у тым ліку і з малочнай галіной.
«Але пры гэтым мы дамовіліся, што па ўсіх пытаннях, якія ў нас ёсць адносна малака, па прадпрыемствах, якія цяпер яшчэ не могуць прадаваць сваю прадукцыю на расейскім рынку, мы ўвядзем часовае абмежаванне, то бок нічога не зменіцца, і па кожным прадпрыемстве будзем разбірацца. Гэта значыць ад сектаральных рашэнняў мы сыходзім, але яны замяшчаюцца рашэннямі на ўзроўні кампаніяў», – распавёў Дзмітрый Мядзведзеў.
Адпаведныя даручэнні Дзмітрый Мядзведзеў накіраваў міністру сельскай гаспадаркі РФ Дзмітрыю Патрушаву і кіраўніку Рассельгаснагляду Сяргею Данкверту.