Мітрапаліт Веніямін: Калі святара мабілізуюць — дык трэба ісці. Набажэнствы па-беларуску — гэта небяспечна

16 снежня адбыўся сход духавенства Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, які ўзначаліў мітрапаліт Веніямін.

фота з Telegram-канала BLIK

фота з Telegram-канала BLIK

Як паведамляе «Хрысціянская Візія», большую частку сходу заняў даклад мітрапаліта, які казаў пра:

— каварны Захад і ЗША, якія нібыта хочуць насадзіць педафілію;

— варожасць Злучаных Штатаў супраць Расіі: мітрапаліт нават распавёў, што нейкі амерыканскі сенатар заклікаў знішчыць Расію за тое, што яна захоўвае праваслаўе (відавочна, маецца на ўвазе даўно выкрыты фэйк ад адыёзнага медыя Fox News, які прыпісаў такі заклік кангрэсмену Джэймі Раскіну);

— тое, што вайна ва Украіне — прыкмета глабальнага перадзелу свету;

небяспеку набажэнстваў на беларускай мове, якія быццам бы вельмі бянтэжаць нейкіх вернікаў, якія баяцца расколу.

З залы паступіла пытанне ад святара, выкліканага ў ваенкамат. Мітрапаліт Веніямін адказаў, што калі святара мабілізуюць, то «абараняць Айчыну» трэба — але не браць у рукі зброю, а толькі «натхняць і суцяшаць» байцоў.

Запрошаным госцем сходу стаў дацэнт Маскоўскай духоўнай акадэміі ігумен Дыянісій (Шлёнаў), які выкрываў Канстанцінопальскі патрыярхат. Яго даклад насіў назву «Непрымальнасць тэорыі першынства гонару і ўлады з пункту гледжання праваслаўнай эклезіялогіі». Адзначым, што такой тэорыі ў Канстанцінопальскім патрыярхаце няма — так што ігумен асудзіў уяўную ерась.

Спадзяёмся, мітрапаліт Веніямін атрымае пры патрэбе позву ў ваенкамат уласна.