Імітацыя дэмакратызацыі

16 чэрвеня, у традыцыйны Дзень беларускай салідарнасці, які адзначаецца ўжо шмат гадоў менавіта шаснаццатага дня кожнага месяца, вядомыя тутэйшыя палітыкі ў прысутнасці журналістаў агучылі зварот, які непасрэдна тычыцца выканання ўладамі правоў чалавека ў нашай краіне. Паводле меркавання вядомых у Беларусі і ў свеце асобаў, сітуацыя з правамі чалавека ў нас не паляпшаецца.   (На здымку: Злева  направа: Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч)



f0adc8838f4bdedde4ec2cfad0515589.jpg

16 чэрвеня, у традыцыйны Дзень беларускай салідарнасці, які адзначаецца ўжо шмат гадоў менавіта шаснаццатага дня кожнага месяца, вядомыя тутэйшыя палітыкі ў прысутнасці журналістаў агучылі зварот, які непасрэдна тычыцца выканання ўладамі правоў чалавека ў нашай краіне. Паводле меркавання вядомых у Беларусі і ў свеце асобаў, сітуацыя з правамі чалавека ў нас не паляпшаецца.

(На здымку: Злева  направа: Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч)


Сярод тых, хто падпісаў дакумент, — экс-кандыдат у прэзідэнты, прафесар Аляксандр Казулін, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, былы спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, а таксама экс-намеснік міністра замежных спраў, каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь Андрэй Саннікаў, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і каардынатар “Еўрапейскае кааліцыі Мікалай Статкевіч.
“У Беларусі па-ранейшаму цалкам адсутнічае сістэма прававой абароны грамадзян ад пераследу за палітычныя, рэлігійныя і іншыя перакананні, не выконваюцца найважнейшыя абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай сферы дзяржавай: у любы час асоба можа зрабіцца ахвяраю неабгрунтаваных брутальных дзеянняў з боку міліцыі і спецыяльных сіл, не мае шансаў на аб’ектыўны і справядлівы суд, магчымасцяў нармальнага працаўладкавання або вучобы на тэрыторыі краіны, калі ўлада лічыць гэту асобу сваім палітычным праціўнікам, — адзначыў, агучваючы дакумент, лідэр ПБНФ Лявон Баршчэўскі.
Па словах палітыка, афіцыйныя ўлады Беларусі хаваюць сапраўднае становішча з правамі чалавека ў краіне — перадусім у кантактах з Еўрасаюзам. Такая сітуацыя, сцвярджаюць аўтары звароту, абсалютна не нармальная: яна патрабуе неадкладных карэнных змен.
Аляксандр Казулін нагадаў, што мінула ўжо два месяцы, як былы прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту ў сталічным следчым ізалятары.
“Гэта галадоўка можа прывесці да таго, што Аўтуховіч скончыць сваё жыццё, — адзначыў былы кандыдат на прэзідэнцкую пасаду. — Але ніякіх заяў ні з боку дыпламатаў, ні з боку Еўрасаюза няма. Аднак маўчаць у гэтай сітуацыі папросту немагчыма. Тое ж самае тычыцца і новага прысуду фігуранту “Працэсу чатырнаццаці Максіму Дашуку. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады не зрабілі ніякіх высноў, яны працягваюць ужываць звыклыя метады свайго палітычнага кіравання краінай праз ужыванне сілы.
Аляксандр Казулін нагадаў пра тое, што ў Беларусі рыхтуецца закон, які дасць магчымасць МУС, КДБ і Камітэту дзяржаўнага кантролю праводзіць арышты грамадзян без санкцыі пракурора, што таксама ёсць істотным парушэннем правоў чалавека. “Праз гэта ўлады рыхтуюцца вырашаць эканамічныя праблемы сілавымі метадамі, — зрабіў выснову палітык.
Па словах каардынатара “Еўрапейскай кааліцыі Мікалая Статкевіча, “зараз рэжым імкнецца імітаваць нейкую дэмакратызацыю. “Але насамрэч тыя касметычныя дзеянні, якія ён праводзіць, не кранаюць яго аснову. Улады нават не дазваляюць сабе выпусціць усіх палітвязняў, бо гэта знізіць узровень страху ў грамадстве, — падкрэсліў Мікалай Статкевіч.
Як мяркуе каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь Андрэй Саннікаў, у краіне ёсць асобы, якія спрабуюць інтэрпрэтаваць узніклы цяпер расійска-беларускі канфлікт як паварот Аляксандра Лукашэнкі на Захад. “І мы ўжо бачым некаторыя каментары з Захаду, што сяброўства, супрацоўніцтва з Лукашэнкам дае нейкі плён, але ж з нядаўніх інтэрв’ю Лукашэнкі мы шмат чаго даведаліся. Напрыклад, з інтэрв’ю расійскай газеце “Завтра  стала вядома, што былі забітыя нашы сябры і калегі. У інтэрв’ю Уладлены Функ мы пачулі пра тое, што насамрэч адбываецца ў беларускіх турмах. Мы, канешне, ведалі пра гэта і раней, але да сённяшняга дня не было такіх сведчанняў з боку заходніх грамадзян. І зараз мы звяртаемся да еўрапейскай супольнасці, да журналістаў, каб акцэнтаваць увагу на праблеме правоў чалавека ў Беларусі, — заявіў Андрэй Саннікаў.
Вяртаючыся да актуальнай сітуацыі ў беларуска-расійскіх дачыненнях, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі агучыў свой зварот як кіраўніка палітычнай структуры, у якім назваў усё, што адбываецца ў апошнія месяцы, “пахавальным звонам па “саюзнай дзяржаве.
“Аб’яднаная Еўропа магла б ясна заявіць пра сваю гатоўнасць інстытуцыянальна дапамагчы Беларусі — і фінансава, і допускам беларускіх тавараў на свае рынкі — пры ўмове неадкладных захадаў улады дзеля дэмакратызацыі краіны, празрыстасці прыняцця палітычных і эканамічных рашэнняў, — падкрэсліў Лявон Башчэўскі.