Лукашэнка падтрымлівае магчымае аднаўленне для беларускага парламента статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ

На сустрэчы з членамі Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 29 верасня Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прапрацаваць пытанне аб магчымасці аднаўлення для беларускага парламента статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ.



pasie_1397093349_jpg_600x450_q85.jpg

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, ініцыятыву вылучыў старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па міжнародных справах Мікалай Самасейка. Як мяркуе дэпутат, гэта дазволіла б больш эфектыўна выкарыстаць парламенцкую дыпламатыю пры прасоўванні нацыянальных інтарэсаў, у развіцці двухбаковых кантактаў.
Падтрымаўшы прапанову, Лукашэнка падкрэсліў, што ў любым выпадку неабходна дакладна прытрымлівацца выпрацаванай у Беларусі пазіцыі. "У нас ёсць свая пазіцыя. Мы павінны дакладна яе прытрымлівацца, і мы ні ў якім разе не павінны вагацца", — заявіў ён.
Кажучы пра міжнародныя кантакты ў цэлым, афіцыйны лідар выказаў меркаванне, што Беларусь паважаюць за яе прадказальную палітыку і строгае выконванне абяцанняў. У гэтым плане ён лічыць характэрным узаемадзеянне з Кітаем: "Наша стабільнасць у адносінах іх падкупляе. Калі мы пачнём віхляць, ці, не дай Бог, казаць адно, а рабіць другое, мы страцім свой твар. Алгарытм нашых паводзінаў на міжнароднай арэне выпакутаваны, і гэтым шляхам нам трэба ісці, падабаецца гэта камусьці або не".


Даведка БелаПАН.  Статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ беларускі парламент быў пазбаўлены 13 студзеня 1997 года пасля рэферэндуму 1996 года, на якім былі прыкметна пашыраныя паўнамоцтвы прэзідэнта і ўрэзаныя правы парламента.

БелаПАН