Латвія заклікала ЕС заняцца крызісам на мяжы з Беларуссю, а не толькі сітуацыяй у Афганістане
Пра гэта заявіў міністр абароны
Латвіі Арціс Пабрыкс на інфармацыйнай сустрэчы міністраў абароны краін
Еўрасаюза, якая прайшла ў Славеніі, паведамляе ej.by.
Латвія заклікала Еўрасаюз звярнуць увагу на крызіс на мяжы з Беларуссю, а не толькі займацца сітуацыяй у Афганістане
«У першую чаргу нам трэба адказаць на пытанне, што робяць нашы баявыя групы. Гэта пытанне не войскаў, а палітычнай волі, — заявіў ён. — Я б хутчэй сказаў, што мы павінны думаць не толькі пра тое, што рабіць з Афганістанам, але пра тое, што рабіць з Беларуссю. Вось што важна».
Ён дадаў, што «цяпер справа не ў бежанцах, і медыя павінны прысвячаць гэтаму больш увагі», піша telegraf.by.
«Бо цяпер усе глядзяць на Афганістан, але тое, што адбываецца ў Беларусі – гібрыдная атака, дзе дзяржава выкрадае людзей, ставіць ім візу і выштурхвае ў памежную зону. Вось што цяпер робіць Беларусь. І гэта вельмі небяспечна, бо адначасова праходзяць вучэнні Захад–2021, яны сутыкаюцца ў тым жа месцы на межах Еўрасаюза», — заявіў ён.