«Справакавалі самі беларускія ўлады». Валерый Карбалевіч — пра пяты пакет санкцый

Палітолаг упэўнены, што чарговыя абмежавальныя меры, якія рыхтуе ЕС, справакавалі самі беларускія ўлады.

sank5.jpg

— Калі гэты пакет будзе прыняты, то можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта беларускія ўлады справакавалі яго прыняцце, — сказаў Валерый Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Прычым не столькі нават унутранымі рэпрэсіямі (хоць яны як былі, так і працягваюцца), колькі мігранцкім крызісам.

Суседнія краіны — Літва, Латвія, Польшча, пацярпелыя ад гэтага крызісу, — сталі ініцыятарамі новых санкцый. Што называецца, самі вінаватыя. Але такая логіка беларускіх улад — адказваць ударам на ўдар, нягледзячы на тыя страты, якія можа панесці эканоміка.

Палітолаг мяркуе, што ў новым санкцыйным пакеце з'явяцца прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта:

— Перш за ўсё, гаворка ідзе пра структуры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якія фактычна арганізоўвалі прыём мігрантаў.

Пры гэтым суразмоўца не гатовы адказаць на пытанне пра крокі ў адказ беларускіх улад:

— Можна, вядома, арганізаваць палёты «Белавія» ў Афганістан і прывозіць адтуль уцекачоў. Што тычыцца перакідання праз мяжу ядзерных матэрыялаў, — гэта складаней, таму што ядзерныя матэрыялы небяспечныя: як для таго боку, у які ідуць, так і для таго, з якога ідуць. Гэта вельмі рызыкоўная гульня, у якой можна сур'ёзна прайграць.