Еўрасаюз пачаў працу над пятым пакетам санкцый

У Еўрасаюзе пачалася праца над пятым пакетам санкцый супраць улад Беларусі.

3bfe95d5_b13c_4392_bddb_2ff275f2e150_cx2_cy8_cw93_w1023_r1_s.jpg


Паводле карэспандэнта «Радыё Свабода» ў Брусэлі Рыкарда Юзвяка, абмеркаванне новага пакета санкцый адбудзецца ўжо на гэтым тыдні на неафіцыйнай сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС. Аднак канчатковае рашэнне будзе прынята пазней.

Ініцыятарам новага пакету санкцый выступіла Літва, якая першай з заходніх суседзяў Беларусі сутыкнулася з арганізаваным уладамі Беларусі патокам нелегальных мігрантаў. Мяркуецца, што ў санкцыйным спісе будуць дзяржаўныя кампаніі, датычныя да міграцыйнага крызісу. Пра гэта на слуханнях у Еўрапейскім парламенце заявіў намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас.

У чэрвені Еўрасаюз зацвердзіў чацвёрты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году пакет санкцый супраць беларускіх улад. Прычынай былі прымусовая пасадка самалёта «Ryanair», а таксама парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У абмежавальным спісе апынуліся 78 чалавек і восем кампаній, актывы якіх павінны быць замарожаныя. Услед за ЕС санкцыі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, звязаных з рэжымам Лукашэнкі, увялі ЗША, Канада і Вялікабрытанія.

У санкцыйны спіс трапілі такія кампаніі, як «МАЗ», «БелАЗ», «Белаэранавігацыя», «Bremino Group», «Globalcustom», «Новая нафтавая кампанія», «Logex» і «Sohra». Сярод фізічных асоб — суддзі, следчыя, пракуроры, депутаты, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, адміністрацыя некаторых ВНУ, чыноўнікі і бізнесмены.

ЕС таксама ўвёў сектаральныя санкцыі, якія закранулі галіну нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і доступу да рынкаў капіталу Еўрасаюза.

На гэтым тыдні камісар ЕС па ўнутраных справах Ілва Ёхансан заявіла, што ЕС можа прыпыніць дзеянне візавага кодэкса ЕС для людзей, звязаных з беларускім рэжымам.