Класкоўскі: Лукашэнка ўжо не ў стане супраціўляцца экспансіі «рускага свету»
Палітычны аглядальнік у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — аб прызначэнні новага кіраўніка Дзяржпагранкамітэта.
30 траўня Лукашэнка правёў кадравы аўторак.
Праведзены шэраг прызначэнняў у мясцовай вертыкалі. Акрамя гэтага, прызначаны
новы старшыня Дзяржпрагранкамітэта і старшыня Гродзенскага гарвыканкама.
Палітычны аглядальнік праекта «П*зірк» Аляксандр
Класкоўскі пракаментаваў новыя прызначэнні Лукашэнкі.
— Што тычыцца прызначэнняў мясцовых вертыкальшчыкаў, то тут
мне сказаць нешта цяжка, я нічога пра гэтых людзей не ведаю. А вось прызначэнне
Канстанціна Моластава кіраўніком Дзяржпагранкамітэта звяртае на сябе ўвагу ў сілу
яго біяграфіі. Гэта чалавек, які нарадзіўся ў Расіі і там атрымліваў адукацыю.
На такія адказныя пасады трэба прызначаць толькі карэнных
беларусаў. Тут усё ж такі трэба ўлічваць асаблівую сітуацыю, у якой знаходзіцца
беларуская дзяржава. Гэта суседства з імперыяй і ўзмацненне ўплыву «рускага
свету».
Раней Лукашэнка стараўся гэты ўплыў неяк абмяжоўваць, можна
ўспомніць «справу Рэгнума», калі атрымалі тэрміны журналісты праімперскага
толку, якія, як вырашыў суд, абражалі беларусаў і прыніжалі іх нацыянальную
годнасць, успамінае эксперт.
— Цяпер, пасля 2020 года, калі Лукашэнка быў вымушаны
звярнуцца па дапамогу да Пуціна, залежнасць беларускага кіраўніка ад Масквы
рэзка ўзмацнілася.
Далейшы ўдзел у агрэсіі і рашэнне аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай ядзернай зброі яшчэ мацней прывязваюць Лукашэнку да Масквы і цяпер
ужо супраціўляцца экспансіі «рускага свету» ён не ў стане.
Мы бачым, што сярод людзей у пагонах, якія займаюць адказныя
пасады ў сілавых структурах Беларусі, сапраўды шмат людзей з расійскім бэкграўндам. Я асабіста не ведаю, якія палітычныя погляды таго ж Моластава,
паколькі вайскоўцы — не тыя людзі, якія фігуруюць у прэсе з палітычнымі
каментарамі.
Але з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што
памежная Акадэмія ФСБ, якую скончыў Моластаў — гэта не тая навучальная ўстанова,
дзе перш за ўсё прышчапляюць ідэі беларускага патрыятызму.
ФСБ — тая структура, якая стаіць на варце імперскіх
інтарэсаў Расіі і, думаю, тым, хто навучаецца ў яе сценах, ладна промывают
мазгі ў вялікадзяржаўным духу.
Класкоўскі таксама звяртае ўвагу на іншы момант з біяграфіі
Моластава. З 2014 года і па цяперашні час ён служыў у Гродне, дзе займаў пасаду
начальніка Гродзенскай пагранічнай групы.
— Тут адразу ўспамінаецца міграцыйны крызіс, які, відавочна,
быў справакаваны беларускімі ўладамі, і прадстаўнікі памежнай службы відавочна
патуралі мігрантам і нават дапамагалі ім пераадольваць загароды. Гэта таксама
красамоўны штрых да біяграфіі гэтага чалавека, якому цяпер даверана камандаваць
прыгранічнымі войскамі.
Аглядальнікі адзначаюць, што і сярод людзей у пагонах, і
сярод грамадзянскіх чыноўнікаў шмат адэптаў «рускага свету». У гэтым кантэксце
фігуруюць, напрыклад, прозвішчы Качанавай, Вальфовіча. У гэтым парадокс
сітуацыі і небяспека для будучыні Беларусі.
З аднаго боку, мы бачым, што сам Лукашэнка — чалавек з
прамаскоўскім мысленнем, які свядома шмат гадоў гуляў у братэрскую інтэграцыю з Расіяй, пры гэтым відавочна, што ў яго наймагутнейшая прага асабістай улады, і
таму многія гады ён супраціўляўся расійскай экспансіі.
Калі ж уявіць яго нечаканую смерць, і па Канстытуцыі
яна будзе прызнана гвалтоўнай, то краінай будзе руліць Савет Бяспекі.
Калі ўявіць, што гэтая група людзей у пагонах, многія з
якіх, як можна меркаваць, маюць прарасійскае мысленне, возьмуць у свае рукі
ўладу ў Беларусі, то можна меркаваць, што здача яе незалежнасці можа апынуцца
катастрафічна хуткай.
Калі Лукашэнка, як я ўжо падкрэсліў, мае тэрмаядзерную смагу
ўлады і за амаль 30 гадоў свайго кіравання ўвайшоў у смак свайго самадзяржаўя,
то людзі, вышкаленыя ў расійскіх вайсковых акадэміях, проста возьмуць пад
казырок, калі Крэмль скажа, што трэба дзейнічаць паводле ягонага сцэнару. І
тады незалежнасць Беларусі можа быць здадзена вокамгненна.
Думаю, што Лукашэнка разумее гэтую небяспеку, але ў
яго ўжо няма ранейшага рэсурсу для супраціву. Таму ў сённяшняй сітуацыі
пагрозы незалежнасці Беларусі ўзрастаюць, у тым ліку ў сувязі з гэтай кадравай
палітыкай Лукашэнкі, — заключае Аляксандр Класкоўскі.