Юрый Лявонаў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца пад вартай

Юрый Лявонаў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе праз паўгады пасля ўтрымання ў следчым ізалятары Мінска. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца пад вартай. Яны былі затрыманыя па падазрэнню ў падпалах (арт. 218 КК “Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). (На здымку: Юрый Лявонаў Фота gdb.rferl.org)



24146db4eb48c718b84cae0a0799dcfc.jpg

Юрый Лявонаў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе праз паўгады пасля ўтрымання ў следчым ізалятары Мінска. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца пад вартай. Яны былі затрыманыя па падазрэнню ў падпалах (арт. 218 КК “Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

(На здымку: Юрый Лявонаў Фота gdb.rferl.org)


Юрыю Лявонаву, у адрозненні ад Аўтуховіча і Асіпенкі, не было прад’яўлена дадатковае абвінавачванне ў тэрарызме. Таму 8 жніўня скончыўся чарговы тэрмін утрымання Лявонава пад вартай. Раней адвакат абвінавачваемага звяртаўся з хадайніцтвам да намесніка генеральнага пракурора пра тое, каб Лявонаву была зменена мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. Пасля выхаду з СІЗА Юрый Лявонаў стрымана расказаў журналістам, што адчувае сябе добра, і нават стан здароўя палепшыўся, бо скінуў залішнюю вагу.
Каментаваць акалічнасці вядзення справы Юрый адмаўляецца, матывуючы гэта дадзенай падпіскай аб нераскрыцці таямніцы следства, аднак запэўнівае, што следчыя мерапрыемствы за гэтыя паўгады насамрэч вяліся. Юрый Лявонаў сваю віну ў падпале маёмасці ваўкавыскага міліцыянта не прызнае і ўпэўнены, што Аўтуховіч з Асіпенкам да гэтай справы таксама не маюць дачынення.
Следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якіх абвінавачваюць у падпалах, падоўжана да 8 кастрычніка. Мяркуецца, што за наступныя два месяцы яно будзе завершана. Юрый Лявонаў лічыць, што судовы працэс па яго справе пачнецца ў лістападзе гэтага года.
Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца пад вартай у следчым ізалятары № 1 горада Мінска, так званай «Валадарцы». У ліпні стала вядома, што галоўнае следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання МУС Рэспублікі Беларусь распачало ў дачыненні «да Аўтуховіча М. М. і іншых асоб» крымінальную справу па арт. 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі (тэрарыстычны акт). Гаворка вядзецца пра быццам бы выкрытую змову аб замаху на губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Саўчанку і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменку. Падазраваным па справе нібыта праходзіць Мікалай Аўтуховіч. Поўная інфармацыя па гэтай справе, зрэшты, як і па справе аб падпалах, утойваецца.
З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку пратэсту, патрабуючы або перадаць справу ў суд, або змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. Аднак змог толькі прыцягнуць увагу СМІ і міжнароднай супольнасці.
Летам у Беларусь наведаўся эксперт АБСЕ Марцін Фінке. Ён азнаёміўся са правай ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і прыйшоў да высновы, што яна расследуецца без працэсуальных парушэнняў, і няма тут падстаў для палітычнага складніка. Аднак поўная справаздача М. Фінке абнародавана не была.
Юрыст Алег Волчак, які пільна сочыць за справаю Аўтуховіча, лічыць, што цяпер усё паказвае на тое, што судовы працэс пройдзе ў закрытым рэжыме. «Як былы следчы скажу, што справа можа быць працягнутая, і не на адзін месяц. Цяпер усё робіцца, каб працэс зрабіць закрытым. Да таго ж, каб навесці вэрхал у Еўропе. Замах на губернатара, тэрарызм — ведаеце, як гэта гучыць...»
 “Думаю, што следчыя цягнуць час, бо таксама не бачаць перспектывы ў накіраванні справы ў суд, — гаворыць Алег Волчак. — Аднак выпусціць Асіпенку і Аўтуховіча яны не могуць, бо гульня з «тэрарыстамі» далёка зайшла. Вызваленне Лявонава — гэта вынік ціску не толькі беларускай грамадскасці, але і нашых міжнародных партнёраў, якія таксама актыўна ўплываюць на кіраўніцтва Беларусі, каб яно вызваліла з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Думаю, улады зразумелі, што справу прайгралі, а таму прынялі рашэнне паволі вызваляць гэтых вязняў. Варта адзначыць: усё ж сёй-той ва ўрадзе разумее, што далейшае супрацоўніцтва з Еўропай трэба працягваць без палітвязняў.
Юрыст гаворыць, што хутчэй за ўсё справу будзе разглядаць Вярхоўны суд, бо ўсе арышты абвінавачваемых, падаўжэнні тэрмінаў следства праводзіліся са згоды генеральнага пракурора і яго намеснікаў.