Ігар Тышкевіч: Бжанія ў Мінску — гэта крок да вайны

«Вельмі кепскі сігнал, які я апісваў у відэа візіту Лукашэнкі да Пуціна. Бжанія ў Мінску. Гэта значыць Лукашэнку гоняць да «прызнання» сепаратысцкіх утварэнняў», — напісаў у сваім тэлеграм-канале аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Акцыя пратэсту каля беларускай амбасады ў Тбілісі ў час наведвання Лукашэнкам Абхазіі 28.09.2022 года. Фота: RFE/RL

Акцыя пратэсту каля беларускай амбасады ў Тбілісі ў час наведвання Лукашэнкам Абхазіі 28.09.2022 года. Фота: RFE/RL


Па яго меркаванні, наступным крокам можа быць прызнанне «новых расійскіх тэрыторый». Потым — напамін пра абавязацельствы ў рамках «Саюзнай дзяржавы» і АДКБ — рэакцыя на атаку «расійскіх тэрыторый». Гэта значыць, атака Украіны.

«І пасля таго, як пойдзе адказ Украіны (ужо ў бок Беларусі) — спроба маштабаваць вайну. Гэта значыць, заклікаць краіны АДКБ абараняць ужо... Беларусь. Таму варыянт Бжанія ў Мінску — гэта крокі да вайны. Ужо на тэрыторыі Беларусі. І гэта рэальная небяспека», — напісаў Тышкевіч.

Нагадаем, сёння Лукашэнка прыняў у сябе ў Палацы кіраўніка самаабвешчанай Абхазіі. Ён абмеркаваў з ім «непрыстойныя» паводзіны грузінскіх улад у дачыненні да экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі і здзівіўся, чаму Абхазія апынулася адрэзанай.

Сустрэчу Лукашэнкі з Асланам Бжанія тэлеграм-канал «Пул першага» ахарактарызаваў як «яшчэ адну міжнародную сустрэчу».

«Не пакідала мяне адна думка толькі: чаму кіраўніцтва Грузіі так востра рэагуе на нашы сустрэчы. Няўжо паміж людзьмі, паміж народамі не можа быць нармальных, цёплых сяброўскіх адносін? Можа быць, гэтыя, як я тады казаў, адносіны і паслужаць міру і дружбе паміж абхазскім і грузінскім народамі. Мы ж з вамі ніколі не планавалі ніякіх акцый у дачыненні да Тбілісі», — панаракаў Лукашэнка.

«Мы вельмі добрыя адносіны падтрымлівалі і падтрымліваем, наколькі гэта магчыма, з Тбілісі. Чаму яны так рэагуюць востра... Я думаю, вы мне дапаможаце знайсці адказ на гэтае пытанне», — заявіў Лукашэнка.

Справа ў тым, што Расія адарвала ад Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асецію ў выніку «вайны 08.08.08»: расійскія войскі ўвайшлі ў гэтыя рэгіёны і анексавалі іх, пасадзіўшы там марыянетачныя прамаскоўскія рэжымы. Абхазію як дзяржаву прызналі Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Сірыя і Науру (Беларусі ў гэтым спісе няма). У дакументах ААН Абхазія разглядаецца як тэрыторыя Грузіі (паводле Канстытуцыі Грузіі — Абхазская аўтаномная Рэспубліка), часова акупаваная Расіяй.


Лукашэнка прапанаваў Бжанія развіваць адносіны з Абхазіяй — эканамічныя і турыстычныя.

«Асабліва калі супраць нас пачалі тут санкцыі рознага кшталту ўводзіць. Людзі нашы хочуць пабываць на моры. Вось я паглядзеў ваша ўзбярэжжа. Мы заўсёды туды прыязджалі. І ў Сухумі, і Батумі, у Тбілісі і гэтак далей. Нашы людзі наведваюць і цяпер гэтыя гарады. Але неяк атрымалася, што Абхазія апынулася адрэзанай. Не незапатрабаванай, а адрэзанай. А запатрабаванасць вельмі вялікая.

Чаму не павінны мы ў госці адзін да аднаго ездзіць? Вось я задаюся гэтым пытаннем, ніяк не магу зразумець, навошта трэба абвастраць адносіны на гэтай глебе. Наадварот, павінны склейваць нашы адносіны. Мы не гіганцкія дзяржавы, каб дзяліць нейкія краіны і народы. Нам трэба быць бліжэй адзін да аднаго ў гэты складаны час. І Тбілісі, і Сухумі, і Мінск. Усе павінны неяк склейвацца, імкнуцца адзін да аднаго», — сказаў ён.


Нагадаем, Лукашэнка не раз даваў зразумець, што прызнанне Абхазіі немэтазгодна для Беларусі. Аднак 28 верасня 2022 года ён нечакана прыехаў у Абхазію з візітам, што выклікала здзіўленне ў Тбілісі. Пасол Беларусі ў Грузіі быў выкліканы для тлумачэнняў. А грузінскія ўлады запатрабавалі ад Мінска паважаць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць суверэннай дзяржавы ў яе прызнаных межах і не рабіць дзеянняў, якія супярэчаць асноватворным прынцыпам міжнароднага права.