«Гарачыя грузінскія хлопцы». Візіт Лукашэнкі ў Абхазію выклікаў хвалю абурэння ў Грузіі

Рэакцыя на візіт Лукашэнкі ў Абхазію — грузінскую тэрыторыю, акупаваную ў 2008 годзе расійскімі войскамі — была ў Грузіі даволі жорсткай, і не толькі ў афіцыйных структурах.

На акцыі пратэсту ў Тбілісі дэманстранты спалілі партрэты Пуціна і Лукашэнкі

На акцыі пратэсту ў Тбілісі дэманстранты спалілі партрэты Пуціна і Лукашэнкі


Найперш Міністэрства замежных спраў Грузіі выклікала амбасадара Беларусі Анатоля Ліса, выказала яму свой пратэст у самых рашучых выразах і запатрабавала дадатковых тлумачэнняў.

Далей МЗС Грузіі выдала заяву, у якой расцаніла наведванне Лукашэнкам Абхазіі як парушэнне дзяржаўнай мяжы Грузіі: «Міністэрства замежных спраў Грузіі асуджае парушэнне Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўнай мяжы Грузіі з яго так званым візітам у акупаваны рэгіён Абхазію, што груба парушае асноўныя прынцыпы і нормы міжнароднага права».

Грузінскі бок заклікаў Беларусь паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі.

«Заклікаем беларускі бок паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць суверэннай дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межах і не прадпрымаць дзеянняў, якія супярэчаць асноватворным прынцыпам міжнароднага права», — адзначылі ў МЗС Грузіі.

Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў заяве МЗС Грузіі не выкарыстала ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі азначэнне «прэзідэнт».

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі таксама выказала абурэнне візітам Лукашэнкі ў Абхазію. Яна абвінаваціла яго ў парушэнні двухбаковых адносін і міжнароднага права: «Я рашуча асуджаю візіт Аляксандра Лукашэнкі ў акупаваную Абхазію. Гэта недапушчальнае парушэнне закона Грузіі «Аб акупаваных тэрыторыях», нашых двухбаковых стасункаў і прынцыпаў міжнароднага права».

«Грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі ўжо заклікаюць улады Грузіі адрэагаваць больш жорстка, бо гэты візіт азначае парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. Лукашэнка, афіцыйны Мінск даўно ў Грузіі лічыўся слабым звяном сярод тых дзяржаў, якія знаходзяцца ў арбіце Масквы: як патэнцыйны кандыдат на «прызнанне» Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Таму і папярэдняя ўлада — Саакашвілі, і цяперашняя — «Грузінская мара» заўсёды вельмі асцярожна выказваліся пра падзеі ў Беларусі, пра дыктатарскія дзеянні Лукашэнкі.

Аднак сам візіт з’яўляецца грубым парушэннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. Пакуль паміж дзвюма краінамі існавалі дружалюбныя адносіны, але пасля гэтага візіту яны, безумоўна, зменяцца», — кажа аглядальнік грузінскай службы «Радыё Св*бода» Коба Ліклікадзэ.

Увечары на акцыі ў Тбілісі ля амбасады Беларусі людзі спалілі партрэты Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Акцыя пратэсту ля беларускай амбасады ў Тбілісі

Акцыя пратэсту ля беларускай амбасады ў Тбілісі


Акцыя пратэсту таксама прайшла ў Батумі.


Пакуль невядома, як адрэагуе пракуратура і МУС Грузіі. Па логіцы, яны павінны ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і вядомых Грузіі асоб (у прыватнасці, яго сына Мікалая) за парушэнне дзяржаўнай мяжы.

У сваю чаргу, Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі заявіў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Грузіі, і падкрэсліў: «персанальная пазіцыя Лукашэнкі ад моманту страты ім легітымнасці ў 2020-м годзе не адлюстроўвае волі беларускага народа».

«Вiзiт Лукашэнкi ў Абхазiю сведчыць пра яго палітычнае банкруцтва і поўную залежнасць ад Крамля. Такiя безадказныя паводзіны нелегітымнага рэжыму ствараюць небяспечны прэцэдэнт на тле незаконных рэферэндумаў Расійскай Федэрацыі ва Украіне і падрываюць нацыянальныя інтарэсы Беларусi. Любыя далейшыя дзеянні рэжыму па прызнанні незалежнасці Абхазіі, а таксама Паўднёвай Асеціі або іншых акупаваных Расіяй тэрыторый трэба расцэньваць як незаконныя і юрыдычна нікчэмныя», — гаворыцца ў заяве кабінета.