«Лукашэнка, прэч з Грузіі!» Акцыя ў Батумі (фота)
Сёння на плошчы Еўропы ў Батумі прайшла традыцыйная антываенная акцыя. Але гэтым разам украінцы і беларусы выйшлі, каб паказаць і сваю падтрымку Грузіі. Падставай сталі перамовы, якія ладзіць Лукашэнка ў акупаванай Расіяй Абхазіі.
Беларусы Батумі заявілі, што цалкам падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. «Абхазія — гэта Грузія, Цхінвальскі рэгіён — гэта Грузія. І па-іншаму не можа быць! Лукашэнка відавочна хоча запэцкаць у крыві і беларусаў, гэта трэба спыніць!»
Нагадаем, сёння на сайце кіраўніка непрызнанай Абхазіі з'явілася інфармацыя пра «неафіцыйны візіт» у рэгіён Аляксандра Лукашэнкі. Ён сустрэўся з кіраўніком Абхазіі Асланам Бжаніяй, заявіў, што рэгіён нельга кідаць, выказаўся за развіццё стасункаў з Абхазіяй пры падтрымцы Расіі.
Паўднёвая Асеція і Абхазія — гэта рэгіёны Грузіі, акупаваныя Расіяй у выніку «вайны 08.08.08» у жніўні 2008 года. Гэтыя рэгіёны, як і «ДНР» з «ЛНР», правялі «рэферэндумы» аб самастойнасці ва ўмовах расійскай акупацыі, вынікі якіх не былі прызнаны светам, у тым ліку і Беларуссю. Лукашэнку ўдавалася зацягваць гэтае «прызнанне» даволі доўгі час.
У 2008 годзе Лукашэнка заявіў, што пытанне аб прызнанні дзвюх «рэспублік» можа быць разгледжана новым на той момант парламентам краіны ў найбліжэйшы час. Аднак беларускія парламентарыі тады нават не паднялі гэтую тэму.
У 2013 годзе Лукашэнка казаў, што прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі не з'яўляецца пытаннем жыцця і смерці. У лютым 2022 года Лукашэнка таксама заявіў, што не выключае прызнання незалежнасці гэтых дзвюх самаабвешчаных рэспублік, калі ў гэтым будзе неабходнасць. «Як толькі я зразумею, і прэзідэнт [Расіі] мне скажа, што ў гэтым ёсць неабходнасць», — адзначыў тады Лукашэнка ў інтэрв'ю Салаўёву.
Незалежнасць самаабвешчанай Абхазіі прызналі ўсяго пяць краін: Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. У дакументах ААН Абхазія разглядаецца як тэрыторыя Грузіі.