Пуцін даціснуў? Лукашэнка нечакана з’явіўся ў Абхазіі
Пасля другога, закрытага, дня перамоў з Пуціным Лукашэнка раптам з’явіўся ў Абхазіі. Як паведамляюць мясцовыя сепаратысцкія паблікі, «з неафіцыйным візітам».
Нагадаем, Паўднёвая Асеція і Абхазія — гэта рэгіёны Грузіі, акупаваныя Расіяй у выніку «вайны 08.08.08» у жніўні 2008 года. Гэтыя рэгіёны, як і «ДНР» з «ЛНР», правялі «рэферэндумы» аб самастойнасці ва ўмовах расійскай акупацыі, вынікі якіх не былі прызнаны светам, у тым ліку і Беларуссю. Лукашэнку ўдавалася зацягваць гэтае «прызнанне» даволі доўгі час.
Сам Лукашэнка казаў пра Крым, што «прызнанне Крыма» можа адбыцца тады, калі ён нанясе туды візіт — гэта і будзе фактам прызнання. Зараз ён прыехаў у непрызнаную Абхазію.
Аналітык, эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч лічыць гэты візіт «вельмі дрэнным знакам» з пункту гледжання ўстойлівасці Беларусі ў бліжэйшай перспектыве.
Па-першае, гэта дэманстрацыя таго, што Масква пачала праціскаць афіцыйны Мінск у пытаннях падтрымкі ў войнах з суседзямі. І гэта дэманстрацыя таго, што афіцыйны Мінск аказаўся «гаспадаром свайго слова — як даў, так і забраў назад». Але, калі без жартаў, такі крок з'яўляецца паказчыкам слабасці, і гэта значыць, што Пуцін пачне ціснуць з падвоенай сілай.
Па-другое, гэта будзе азначаць рэзкае пагаршэнне адносін з Грузіяй — і гандлёвых, і палітычных. Абхазія ніяк не заменіць і не кампенсуе дадзеных праблем.
Па-трэцяе, Каўказ — скрыжаванне інтарэсаў многіх гульцоў. Нагадаю, што адзін з важных партнёраў Мінска — Азербайджан — таксама мае праблему непадкантрольнага рэгіёна. Ці вартая Піцунда пагрозы пагаршэння адносін з Баку?
Па-чацвёртае, Грузія — гэта і інтарэсы Турцыі. З усімі вынікаючымі.
Па-пятае, пазіцыя КНР: Пекін вельмі хваравіта ўспрымае пытанні «прызнання» непадкантрольных рэгіёнаў (тая ж праблема Тайваня). І для Лукашэнкі паездка ў Піцунду ўжо падобна стрэлу нават не сабе ў нагу.
Расія расставіла пастку, і Лукашэнка ў яе чарговы раз трапіў. Думаючы, што тактычна перамог, зрабіў адразу некалькі выклікаў стратэгічнага характару.
Урэшце, далей яго будуць «нагінаць» на ўкраінскім кірунку. А гэта ўжо — небяспека шырокамаштабнай вайны.