Ці ўдасца Лукашэнку аднавіць «дыпламатычную цнатлівасць»?

Варта было мінулым разам нам пакпіць, што ад Лукашэнкі не чуваць нічога, дык на гэтым тыдні ён паправіў становішча. Прынамсі, так сапсаваць адносіны з краінай, якая ўвесь час ставілася да цябе з асцярожнай прывабнасцю, — трэба ўмець. І ў чарговы раз выглядаць «марыянеткай Пуціна» — таксама.

1645917099_44_adonius_club_p_dostuchatsya_do_nebes_art_55.jpg

Сустрэча ў Сочы Лукашэнкі з Пуціным была надзвычай маўклівая. Канешне, была адкрытая афіцыйная частка, дзе Лукашэнка суцяшаў Пуціна, як мог — і наконт таго, што Захад «нас не паважае» (ужо каму, як не Лукашэнку з перманентнымі санкцыямі гэта звыкла), і пра «збеглых», якія беглі з Беларусі, а цяпер бягуць і з Расіі. І пра тое, што абодва кіраўніка, якія маюць сходныя праблемы са сваімі народамі, могуць «выгаварыцца», — то-бок паплакаць адзін аднаму ў камізэльку.

Нармальныя людзі, калі ім трэба выгаварыцца, ідуць альбо да сяброў, альбо да псіхолага. Але ў герояў нашага матэрыялу, падаецца, сяброў проста не засталося. А псіхолага, які іх выслухае, потым давядзецца хіба расстраляць. А ўлічваючы, колькі ў гэтых дыктатараў праблемаў і камянёў на душы, то, калі расстрэльваць кожнага псіхолага — у абодвух краінах хутка не застанецца гэтых спецыялістаў.

Пра прадмет перамоў кіраўнікоў краін мы дазнаваліся ўрыўкамі, калі хто-небудзь прагаворваецца, як прагаварыўся пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты. Ён паведаміў, што ў Сочы абодва кіраўніка павінны былі «канчаткова ўзгадніць умовы фінансавання імпартазамяшчальных праектаў». Гэта тыя самыя паўтары мільярды долараў, якія былі абяцаныя Сінявокай яшчэ ўвесну. А ўжо першы месяц восені скончыўся…

Але, — канешне і безумоўна, — гэта не тое пытанне, якое варта абмяркоўваць тры дні за зачыненымі дзвярыма ў фармаце жудаснай сакрэтнасці. Хутчэй за ўсё, прадметам перамовы былі іншыя рэчы.

Мажліва, альбо Пуцін, альбо Лукашэнка ўсё ж прыслухоўваюцца (ці нават проста слухаюць) незалежных эканамістаў — бо апроч іх праўды кіраўнікам ніхто не скажа. І, можа быць, нехта паслухаў прэзентацыю даследчага цэнтру BEROC (Кіеў). На ёй на пытанне, што можа спыніць эканамічны спад у Беларусі, быў адказ, кшталту: «Пуцін раптоўна дасць Лукашэнку 8 мільярдаў долараў».

Імаверна, Лукашэнка хацеў больш, чым паўтары мільярды. Імаверна, яны зацята і доўга гандляваліся наконт падтрымкі беларускай эканомікі. І імаверна, Пуцін урэшце сказаў свайму беларускаму калегу: «Раніцай крэслы, грошы ўвечары». І, як кажуць, «нахіляў ненахіляемага».

Інакш бы чаму Лукашэнка раптоўна, адразу з Сочы, ірвануў у Абхазію?

Падаецца, што ў шоку былі ўсе — і беларускія прапагандысты, і беларускі МЗС, і служба пратаколу, і, канешне ж, журналісты. Такога візіту ад яго не чакаў ніхто, бо ад 2008 года, ад акупацыі Абхазіі Расіяй (нагадаем, яна «аджала» Абхазію і Паўднёвую Асецію ў Грузіі менавіта ў 2008-м) Лукашэнка ўхіляўся ад прызнання гэтых самаабвешчаных рэспублік. А цяпер, на сустрэчы з абхазскім кіраўніком, сказаў: «Мабыць, прыйшоў час». І ўвогуле ўсяляк падкрэсліваў, што яго візіт «неафіцыйны», ды казаў, што «абмяркоўваў праблемы з нашым старэйшым братам Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным» (які прагін, а?), ды «Расія падставіць сваё плячо».

Вельмі паказальны загаловак пра гэты візіт выдала не хто іншы, а дзяржаўнае агенцтва БелТА. Даслоўна: «Лукашэнка наведаў гістарычныя мясціны паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Чорнага мора і сустрэўся з Асланам Бжанія».

То-бок не прэзідэнт прыехаў да другога прэзідэнта, а два знаёмыя сустрэліся на ўзбярэжжы папіць вінчыку і закусіць сырам, гледзячы на прыгожы заход сонца над морам… Так і ўзгадваецца класны фільм «Дагрукацца да нябёсаў» з ягоным сакральным пытаннем: «Як, ты не быў на моры?»

Але ж Лукашэнка і Бжанія — не простыя знаёмыя. А таму першым вынікам гэтага візіту сталі ўзрушэнні ў Грузіі (вы ж памятаеце, што гэта яе «акупаваныя тэрыторыі»?) І там адразу выказалі абурэнне, занепакоенасць, запатрабавалі тлумачэнняў ды заявілі, што Лукашэнка нелегальна перайшоў грузінскую мяжу. І гэта — толькі на афіцыйным узроўні. На неафіцыйным неабыякавыя грузіны спалілі партрэты Лукашэнкі і Пуціна проста ля беларускай амбасады ў Тбілісі.


Так сапсаваць адносіны з краінай, якая ўвесь час ставілася да цябе з асцярожнай, але прыязнасцю — гэта трэба ўмець.

Для палітолагаў жа стала відавочна, што Пуцін прыціснуў-такі Лукашэнку. Прычым, так прыціснуў, што фактычнае прызнанне самаабвешчанай Абхазіі стала для беларускага кіраўніка «меншым злом». Застаецца толькі здагадвацца, што «не меншае» патрабаваў ад яго кіраўнік Расіі, каб Лукашэнка страціў сваю «дыпламатычную цнатлівасць», якую ён захоўваў ад 2008 года. І ўсяляк намагаецца зрабіць выгляд, што і цяпер нічога не адбылося, падкрэсліваючы «прыватнасць» візіту.

«Лукашэнка здае незалежнасць Беларусі ў замежнай палітыцы крок за крокам», — кажа палітолаг Валерый Карбалевіч. «Нельга выключаць, што гэта быў прадукт шантажу з боку Пуціна», — лічыць аналітык Арцём Шрайбман. «Лукашэнка, хутчэй за ўсё, такім чынам паказвае, што ён робіць Маскве саступкі», — разважае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Як бачым, усе сыходзяцца ў адным — Лукашэнка паехаў у Абхазію пад ціскам і не па сваёй волі.

А значыць, гэта чарговы крок да страты палітычнай суб’ектнасці, і пераўтварэння ў «марыянетку Крамля». Прынамсі, раней Лукашэнка ўсяляк спрабаваў адысці ад гэтай мянушкі, аднак нечаканым візітам у Абхазію — адразу пасля перамоў з Пуціным, — ён толькі ўпэўніў свет у гэтым.

І цяпер усе разумеюць — у Пуціна ёсць «прапановы», ад якіх Лукашэнка «не можа адмовіцца». І не важна нават, колькі і чым Пуцін заплаціў (калі, канешне, заплаціў) за такую страту аблічча.

Але бог з імі, з «прапановамі». Мудрае выслоўе кажа: «Самыя важныя рэчы ў жыцці — зусім не рэчы». Вось Лукашэнка сустракаецца з Бжанія, які яму хіба што «шапкава знаёмы». Ён едзе да Пуціна, які яго «нахіляе» аж да наймення па імя-прозвішчы і мянушкі «старэйшы брат». Яму няма з кім паразмаўляць, і сустракаецца ён з людзьмі, якія, я ўпэўнены, яму не вельмі прыемныя. І кажа ён ім не тое, што хацеў бы казаць. І рашэнні прымае не тыя, якія хацеў бы прыняць.

Вось дзеля гэтага варта было фальсіфікаваць выбары і пагружаць краіну ў тэрор?