Гурневіч: Ідэя з Каардынацыйнай радай стала вялікай паразай апазіцыі

Журналіст Зміцер Гурневіч у сваім тэлеграм-канале разважае аб выніках выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады. І прыходзіць да невясёлах высноў.

kaardynacyjnaja_rada_15p81.jpg

«Ідэя з Каардынацыйнай радай стала для апазіцыі вялікай паразай, — піша Зміцер Гурневіч. — «Прадаць» гісторыю, што прадстаўнічы орган дэмсілаў абралі жыхары ўмоўных Карэлічаў – немагчыма. Рабіць выгляд, што і гэта дасягненне – смешна. Апрача страху і апатыі, прычына і ў тым, што людзі проста ня бачаць сэнсу ў гэтых бясконцых структурах, якія і так ні на што не ўплываюць. Я не сумняюся, што многія ўдзельнікі гэтых выбараў моцна стараліся, мелі візію і добрыя намеры. Гэта адважныя і самаахвярныя людзі. Але выглядае, што беларусы паказалі чырвоную картку гульні ў бюракратыю.

Як журналіст я бачыў, што для аўдыторыі тэма КР была адной з самых нецікавых. Па-сутнасці, гэта быў байкот, бо прагаласаваў усяго 1% грамадзян Беларусі, якія за мяжой. Ад бюракратыі ва ўсім свеце мараць пазбаўляцца, а ў нас хацелі пераканаць, што ў ёй сіла. Бясконцае будаўніцтва паралельных структур, суполак, саюзаў, рухаў, арганізацый, камітэтаў, правядзенне канферэнцый, абяцанні распрацоўваць рэформы на будучыню – усё гэта, выглядае, шлях у тупік. З гэтага трэба рабіць высновы.

Але і так званаму простаму народу трэба не забываць, што яны атрымаюць ад апазіцыі роўна столькі, колькі ў яе ўкладуць. 30 год няшчасцяў Беларусі звязаныя з тым, што людзі не хацелі цікавіцца палітыкай. Зразумела, за дзень гэта ня зменіцца. Калі людзі не цікавіцца палітыкай, то імі заўсёды будуць кіраваць дыктатары».


Глядзіце таксама

Нагадаем, у галасаванні, паводле даных выбарчай камісіі, узялі ўдзел 6723 чалавекі.

Паводле папярэдніх звестак, больш за ўсё галасоў атрымала група «Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 2358 галасоў (35,07%).

Далей ідзе «Блок Пракоп'ева/Ягорава» — 1050 галасоў (15,62%), «Незалежныя беларусы» — 616 (9,16%), «Еўрапейскі выбар» — 605 (9%), «Моладзевы наступ» — 598 (8,89%), «Наша справа» — 489 (7,27%), «Воля» — 432 (6,43%), «Хопіць баяцца» — 226 (3,36%), «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі» — 184 (2,74%), «Салідарнасць» — 104 (1,55%), «Грамадскі рух „Краіна для жыцця“» — 61 (0,91%).

Па выніках выбараў мандаты трэцяга складу Каардынацыйнай рады размеркаваліся наступным чынам:

«Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28;

«Блок Пракоп'ева/Ягорава» — 13;

«Незалежныя беларусы» — 8;

«Еўрапейскі выбар» — 8;

«Моладзевы наступ» — 7;

«Наша справа» — 7;

«Воля» — 6;

«Хопіць баяцца» — 3.

Тры групы суіскальнікаў не пераадолелі трохпрацэнтны бар'ер і не прайшлі ў Каардынацыйную раду. Гэта: «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі», «Салідарнасць» і «Грамадскі рух «Краіна для жыцця».

Нагадаем, у склад Каардынацыйнай рады ўвойдуць 80 чалавек.