Замест экзіт-полу. Каго б выбралі беларусы ў КР?

У ідэальных умовах — без усіх скандалаў апошніх дзён — у «першых дэмакратычных выбарах» удзельнічалі б нават беларусы ўнутры краіны.

Канферэнцыя, прысвечаная выбарам у Каардынацыйную раду. Фота: прэс-служба КР

Канферэнцыя, прысвечаная выбарам у Каардынацыйную раду. Фота: прэс-служба КР

У бліжэйшую суботу, 25 мая 2024 года, пачнецца галасаванне ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання, якую можна разглядаць як протапарламент новай Беларусі (далей — КР). Для беларускага палітычнага жыцця гэтае галасаванне будзе беспрэцэдэнтнай падзеяй і па механіцы, і па ўмовах правядзення.

У першым выпадку маюцца на ўвазе працэдура электроннага галасавання і само галасаванне па «партыйных» спісах. Што тычыцца ўмоў — гэта павышаная ўвага рэжыму Лукашэнкі да ўсіх працэсаў, якія арганізуюць дэмакратычныя сілы. Зразумела, што гэтая ўвага мае выключна рэпрэсіўны фармат, і сапраўдныя выбары не сталі выключэннем. Як сама Каардынацыйная рада, так і ўсе блокі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а супраць тых, хто балатуецца, Следчы камітэт пачаў справу паводле 4 крымінальных артыкулаў, піша Генадзь Коршунаў для «Цэнтра новых ідэй».


Глядзіце таксама

Каб высветліць стаўленне беларусаў да бягучай электаральнай кампаніі, «Цэнтр новых ідэй» і ініцыятыва «Ёсць пытанне» з дапамогай ботаў у Viber і Telegram правялі апытанне сярод прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства. Апытанне праходзіла з 5 да 11 траўня, у ім узялі ўдзел 1398 чалавек (491 чалавек — у Беларусі, 913 — у іншых краінах). Асноўныя лічбы былі апублікаваныя на канале «Ёсць пытанне». Важна адзначыць, што даследаванне праходзіла да таго, як было абвешчана, што для галасавання будзе трэба спампаваць на тэлефон спецыяльны дадатак і перадаць пашпартныя даныя. Ну і, адпаведна, — мець беларускі пашпарт (сапраўдны або пратэрмінаваны).

Такім чынам, 86% апытаных ведаюць (ці нешта чулі) пра выбары ў КР, што маюць адбыцца.

Чакана, доля дасведчаных пра гэты працэс вышэй сярод беларусаў замежжа (92% супраць 76% у Беларусі). Найбольшыя долі тых, хто нічога не чуў пра выбары ў КР, — сярод маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў (21%), хатніх гаспадынь і работнікаў бюджэтнай сферы (29% і 27% адпаведна).

Далей будзем гаварыць толькі пра тую частку апытаных, якія хаця б нешта чулі пра будучыя выбары.

Галасаванне па спісах для беларусаў з'яўляецца малавядомай навінкай. Нешта пра такую механіку вядома толькі 29% апытаным у Беларусі і 43% рэспандэнтам за мяжой. Найбольшыя долі недасведчаных адзначаюцца, як і па пытанні вышэй, сярод хатніх гаспадынь і работнікаў бюджэтнай сферы, а таксама сярод людзей ва ўзросце да 40 гадоў.

Калі казаць пра ацэнкі важнасці правядзення выбараў у КР, то тут меркаванні па розныя бакі беларускай мяжы практычна не адрозніваюцца: важнымі ці хутчэй важнымі іх лічаць 63% беларусаў у Беларусі і 65% беларусаў замежжа. Цікава, што пра важнасць выбараў часцей гавораць найбольш і найменш забяспечаныя беларусы. Сярод іншых характарыстык, якія стымулююць такія ацэнкі, выдзяляюцца ўзрост, ступень непрымання Лукашэнкі і мова, абраная для праходжання апытання. Пра важнасць выбараў часцей кажуць людзі старэйшыя за 41 год; тыя, хто цалкам не ўхваляе дзейнасць Лукашэнкі; і беларускамоўныя рэспандэнты.


Глядзіце таксама

Пра намер узяць удзел у выбарах («дакладна буду галасаваць» + «хутчэй буду») заявілі 34% рэспандэнтаў з Беларусі і 64% апытаных беларусаў замежжа. Вялікая заяўленая электаральная актыўнасць характэрная для рэспандэнтаў ва ўзросце да 50 гадоў, з высокім узроўнем адукацыі, з прыбыткам «сярэдні +», якія працуюць у прыватным сектары або ў сферы НКА.

Калі б выбары праходзілі ў момант апытання, то ў цэлым пяцёрка спісаў выглядала б так:

  • Спіс 9 Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» (Павел Латушка): агулам — 31%; у Беларусі — 36%; дыяспара — 29%
  • Спіс 8 Блок Пракоп'ева — Ягорава (Вадзім Пракоп'еў):  агулам — 10%; у Беларусі — 8%; дыяспара — 11%
  • Спіс 4 «Наша справа» (Роза Турарбекава): агулам — 6%; у Беларусі — 6%; дыяспара — 6%
  • Спіс 3 «Еўрапейскі выбар» (Аляксандр Дабравольскі): агулам — 5%; у Беларусі — 3%; дыяспара — 6%
  • Спіс 12 «Моладзевы наступ» (Лізавета Пракопчык): агулам — 4%; у Беларусі — 1%; дыяспара — 6%

Электаральная база спісу 9, акрамя канцэнтрацыі хутчэй у Беларусі, чым сярод дыяспары, адрозніваецца наступным: гэта хутчэй людзі ва ўзросце 50+, хутчэй жанчыны, з сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і невысокім прыбыткам, радыкальна настроеныя супраць рэжыму Лукашэнкі і тыя, што выбіраюць хутчэй рускую мову.

Тых, хто арыентуецца на спіс 8, апісвае наступнае: гэта больш прадстаўнікі беларускай дыяспары, хутчэй забяспечаныя людзі з высокім узроўнем адукацыі, якія маюць свой бізнэс або занятыя ў прыватным сектары; гэта хутчэй мужчыны сярэдняга ўзросту, якія не самым радыкальным чынам настроеныя супраць рэжыму Лукашэнкі і абіраюць хутчэй рускую мову.


Глядзіце таксама

Спіс 4 — ён аднолькава папулярны і сярод беларусаў у Беларусі, і сярод беларусаў замежжа. За яго больш схільныя галасаваць студэнты і забяспечаныя людзі з вышэйшай адукацыяй, гэта хутчэй беларускамоўныя жанчыны.

За спіс 3 больш схільныя галасаваць беларускамоўныя прадстаўнікі дыяспары ва ўзросце 30-50 гадоў, якія працуюць у прыватным або ў некамерцыйным сектарах.

Спіс 12 — гэта спіс хутчэй для маладых (да 40 гадоў) і беларускамоўных прадстаўнікоў дыяспары з высокім узроўнем адукацыі і хутчэй сярэднім прыбыткам.

Так выглядала сітуацыя паводле стану на другі тыдзень мая — да дэбатаў, да прызнання спісаў для галасавання «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», да з'яўлення інфармацыі пра тэхнічныя асаблівасці галасавання.

Што пакажуць выбары — яшчэ ўбачым.