Перамога Латушкі, у Пракоп’ева і Ягорава другое месца. Абвешчаныя вынікі выбараў у КР

Учора апоўначы на кароткай адмысловай прэс-канферэнцыі былі абвешчаныя папярэднія вынікі выбараў у Каардынацыйную раду. Галасаванне ў фармаце анлайн доўжылася тры дні — з 25 па 27 траўня.

Фота "Белсата"

Фота "Белсата"

У ноч на 28 траўня завяршыліся выбары ў трэці склад Каардынацыйной рады. Выбарчая камісія на пасяджэнні ў Варшаве, якое транслявалася на ютуб-канале КР, падвяла папярэднія вынікі галасавання.

Такім чынам, у галасаванні, паводле даных выбарчай камісіі, узялі ўдзел 6723 чалавекі.

Паводле папярэдніх звестак (больш дакладныя вынікі будуць падведзеныя крыху пазней), больш за ўсё галасоў атрымала група «Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 2358 галасоў (35,07%).

Далей ідзе «Блок Пракоп'ева/Ягорава» — 1050 галасоў (15,62%), «Незалежныя беларусы» — 616 (9,16%), «Еўрапейскі выбар» — 605 (9%), «Моладзевы наступ» — 598 (8,89%), «Наша справа» — 489 (7,27%), «Воля» — 432 (6,43%), «Хопіць баяцца» — 226 (3,36%), «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі» — 184 (2,74%), «Салідарнасць» — 104 (1,55%), «Грамадскі рух „Краіна для жыцця“» — 61 (0,91%).

Па выніках выбараў мандаты трэцяга складу Каардынацыйнай рады размеркаваліся наступным чынам:

«Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28;

«Блок Пракоп'ева/Ягорава» — 13;

«Незалежныя беларусы» — 8;

«Еўрапейскі выбар» — 8;

«Моладзевы наступ» — 7;

«Наша справа» — 7;

«Воля» — 6;

«Хопіць баяцца» — 3.

Тры групы суіскальнікаў не пераадолелі трохпрацэнтны бар'ер і не прайшлі ў Каардынацыйную раду. Гэта: «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі», «Салідарнасць» і «Грамадскі рух «Краіна для жыцця».

Нагадаем, у склад Каардынацыйнай рады ўвойдуць 80 чалавек.


Глядзіце таксама

Каардынацыйная рада — орган, які пазіцыянуе сябе як прадстаўнічы ў беларускіх дэмакратычных сілах і арганізацый грамадзянскай супольнасці. Першапачаткова створаная ў Беларусі ў жніўні 2020 года для пераадолення палітычнага крызісу ў краіне пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Неўзабаве была разгромленая рэжымам Лукашэнкі і працягнула працу за мяжой.

Перад выбарамі ў трэці склад КР улады распачалі рэпрэсіі супраць кандыдатаў. На іх усіх былі заведзеныя крымінальныя справы, усе спісы, што балатаваліся ў раду, былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

У дні галасавання рэжым зладзіў комплекс захадаў, каб перашкодзіць галасаванню. У Беларусі быў замаруджаны інтэрнэт, перасталі працаваць некаторыя сервісы VPN. Колькі беларусаў у выніку прагаласавалі знутры краіны, пакуль невядома.