Human Rights Watch: У 2017 годзе ўрад Беларусі працягнуў наступ на грамадзянскую супольнасць

Еўрапейскія ўрады і інстытуты ў 2017 годзе працягвалі ўмацоўваць адносіны з афіцыйным Мінскам насуперак адсутнасці адчувальных зрухаў у сітуацыі з правамі чалавека. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch (HRW) аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце.

human_rights_watch_budet_pomohat_tadzikistanu.jpg


У раздзеле па Беларусі адзначаецца, што ў 2017 годзе ўрад працягнуў наступ на грамадзянскую супольнасць. "Маштабы арыштаў мірных удзельнікаў пратэстаў дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню з 2010 года", — падкрэсліваюць праваабаронцы.
Паводле дадзеных HRW, у сувязі з вясновымі пратэстамі супраць дэкрэта "аб дармаедстве" і акцыяй з нагоды Дня Волі былі адвольна затрыманыя па меншай меры 700 чалавек, у тым ліку каля 100 журналістаў і 60 праваабаронцаў. "Шмат каго пры затрыманні білі кулакамі, нагамі або дубінкамі. Па меншай меры 177 чалавек былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па надуманых абвінавачаннях, такіх як хуліганства ці ўдзел у несанкцыянаванай публічнай акцыі; на фармальных слуханнях ім прызначалі штраф або арышт да 25 сутак. Шмат у каго не было доступу да адваката і магчымасці выклікаць сведак у сваю абарону", — гаворыцца ў дакладзе.
У ім адзначаецца, што ў сакавіку 35 чалавек былі арыштаваныя па крымінальнай справе аб "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" (справа "Белага легіёну"), у красавіку 20 фігурантам гэтай справы было дабаўлена абвінавачанне ў "арганізацыі незаконнага ўзброенага фарміравання". "У чэрвені справа аб масавых беспарадках была спынена з-за адсутнасці складу злачынства, абвінавачваных толькі па гэтым артыкуле вызвалілі, а абвінавачваных яшчэ і ў арганізацыі ўзброеных фарміраванняў адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але справу супраць іх не закрылі", — адзначаецца ў дакладзе. Увосень справа была спыненая.
HRW нагадвае пра тое, што 25 сакавіка за некалькі гадзін да пачатку вулічнай акцыі праваахоўныя органы правялі рэйд у мінскім офісе закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", пры гэтым былі затрыманыя 58 чалавек. "У выніку недазволенага абыходжання з боку міліцыі юрыст праваабарончага цэнтра атрымаў страсенне мозгу і быў шпіталізаваны. Праводзіць расследаванне ўлады адмовіліся, — гаворыцца ў дакладзе. — Пяць актывістаў "Вясны" і Беларускага Хельсінкскага камітэта былі затрыманыя падчас маніторынгу сакавіцкіх пратэстаў і прыцягнутыя да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Усім быў прызначаны адміністрацыйны арышт да 15 сутак".
У дакуменце адзначаецца, што праваабаронца Таццяна Равяка была аштрафаваная судом за парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне міліцыі падчас мітынгу 26 сакавіка, а праваабаронца Павел Левінаў атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, хоць ён загадзя апавясціў мясцовыя ўлады аб тым, што мае намер ажыццяўляць маніторынг мерапрыемства як член Беларускага Хельсінкскага камітэта.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне, ніякіх захадаў па яго адмене ў мінулым годзе не рабілася, выносіліся новыя смяротныя прысуды.
У дакладзе адзначаецца, што ў 2017 годзе, упершыню за дзесяць гадоў, улады зарэгістравалі апазіцыйны палітычны рух (гаворка ідзе пра "Гавары праўду"), але "абмежавальнае заканадаўства па-ранейшаму не дазваляе праваабарончым групам рэгістравацца і свабодна працаваць". З 2000 года ні адной новай палітычнай партыі не ўдалося атрымаць рэгістрацыю. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі прадугледжана крымінальная адказнасць. Большасць адмоў у рэгістрацыі выносіцца на падставе адвольных заўваг бюракратычнага характару, лічаць праваабаронцы.
У дакладзе HRW згадваецца, што ў жніўні 2017 года ў дачыненні да кіраўніцтва незалежнага прафсаюза РЭП была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. "Мясцовыя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі расцанілі пераслед прафсаюзаў і іх лідараў як помсту ўладаў за крытыку "падатку на дармаедаў" і ўдзел у сакавіцкіх дэманстрацыях", — гаворыцца ў дакладзе.
HRW адзначае, што ў 2017 годзе ў Беларусі было затрымана па меншай меры 100 журналістаў. "У большасці выпадкаў гэта было звязана з асвятленнем пратэстных акцый, па меншай меры дзесяць журналістаў атрымалі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту па надуманых абвінавачаннях. Шасцёра былі збітыя міліцыяй, — адзначаецца ў аглядзе. — У дачыненні да 20 журналістаў распачыналася ў агульнай складанасці 35 спраў аб супрацоўніцтве з незарэгістраванымі замежнымі СМІ. Усе такія справы завяршаліся буйнымі штрафамі, часам неаднаразовымі".
У дакладзе таксама згадваецца, што ў снежні 2016 года ў Беларусі былі арыштаваныя тры аўтары, якія супрацоўнічалі з расійскімі рэсурсамі Regnum, Lenta.ru і EADaily. Ім былі выстаўленыя абвінавачанні ў экстрэмізме і распальванні варожасці паміж Расіяй і Беларуссю. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду ўсе трое заставаліся пад вартай (цяпер над імі ідзе суд. — БелаПАН.).
HRW таксама адзначае, што ўлады Беларусі не забяспечвалі рэальнай абаронай бежанцаў, пераважна выхадцаў з Чачні, якія прыбывалі ў краіну з мэтай звароту па прыстанішча ў суседняй Польшчы. "Працаздольная нацыянальная сістэма прадастаўлення прыстанішча ў самой Беларусі адсутнічае, — гаворыцца ў дакладзе. — У 2017 годзе па меншай меры два чалавекі з Чачні, якія шукалі прыстанішча, былі, нягледзячы на высокую рызыку недазволенага абыходжання, вернуты ў Расію, якую беларускія ўлады разглядаюць як бяспечную краіну паходжання".
У аглядзе падкрэсліваецца, што беларускія ўлады па-ранейшаму адмаўляюцца супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харасці, які быў прызначаны ў 2012 годзе. Аднак у ліпені ён змог пабываць у Беларусі па запрашэнні АБСЕ ў рамках летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая праходзіла ў Мінску.
У дакладзе таксама адзначаецца, што ў ліпені ў Беларусі набыў моц закон аб абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. "Закон адрозніваецца размытымі фармулёўкамі і можа выкарыстоўвацца для абмежавання распаўсюджвання нейтральнай або станоўчай інфармацыі пра лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў (ЛГБТ), якая нібыта дыскрэдытуе інстытут сям'і", — гаворыцца ў дакуменце.
Паводле БелаПАН