Грамадзянская супольнасць і дзяржава: механізмы ўзаемадзеяння
Першыя грамадскія слуханні пад такой назвай адбыліся ў Мінску 20 ліпеня. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі шэраг недзяржаўных арганізацый Беларусі. Запрошаныя да ўдзелу ў дыскусіі прадстаўнікі дзяржаўных структур — чальцы Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта — слуханні праігнаравалі.
Першыя грамадскія слуханні пад такой назвай адбыліся ў Мінску 20 ліпеня. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі шэраг недзяржаўных арганізацый Беларусі. Запрошаныя да ўдзелу ў дыскусіі
прадстаўнікі дзяржаўных структур — чальцы Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта — слуханні праігнаравалі.
Са слоў лідэра кансорцыума «ЕўраБеларусь» (Літва) Улада Вялічкі, з таго, што ўлады праігнаравалі мерапрыемства, не варта рабіць трагедыю. «Гэта прыкмета таго, што пакуль
такія слуханні не лічацца важнымі. Спадзяюся, што гэта часовая сітуацыя, і яна можа змяніцца. Было б добра бачыць на гэтых мерапрыемствах прадстаўнікоў дзяржавы, але будуць
«слуханні–2», «слуханні–3», і, магчыма, тады ў іх будзе больш прычын і матываў прыняць у іх удзел», — мяркуе Улад
Вялічка.
Варта адзначыць, што самі пяцігадзінныя слуханні вызначаліся некаторай нервознасцю, нягледзячы на адсутнасць прадстаўнікоў з боку дзяржавы. Прысутныя чальцы ГКР пры Адміністрацыі прэзідэнта старшыня
Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, экс-дэпутат парламента Уладзімір Нісцюк і іншыя чамусьці вырашылі, што падчас
слуханняў яны будуць як мінімум экзікутаваныя, хоць яўным і шчырым песімістам, што да дзейнасці ГКР і нават самога яе стварэння, быў толькі палітолаг Уладзімір Мацкевіч: «Гэта камуфляж,
стварэнне бачнасці лібералізацыі».
З іншага боку, адзначыў Мацкевіч, і самой беларускай грамадзянскай супольнасці, перад тым як задаваць важныя пытанні, уздымаць сур’ёзныя праблемы, неабходна арганізавацца ў самой сабе:
«Беларуская грамадзянская супольнасць, хоць і існуе, і нават некалькі ў лепшым выглядзе, чым у некаторых краінах «Усходняга партнёрства», да якіх нас прыраўнялі, тым не
менш, дагэтуль недастаткова арганізаваная, каб казаць сур’ёзныя рэчы ўслых».
Тым не менш, пераважная большасць тых, хто браў удзел у слуханнях, спрабавала знайсці шляхі «прасоўвання з нулявога пункту», на якім зараз знаходзіцца ўнутрыбеларускі дыялог.
Па словах палітолага Алеся Лагвінца, сёння адмаўленне ад дыялога, калі ўлада спрабуе стварыць «канструктыўны твар», магло б вельмі адмоўна адбіцца на дэмакратычнай супольнасці, якая
б паказала сябе ў такім выпадку дэструктыўнай сілай і выклікала б раздражненне не толькі ўнутры Беларусі, але і ў заходніх партнёраў.
«Калі сёння мае месца нейкі момант кансалідацыі, давайце мы разам з вамі — тыя, хто ўваходзіць у розныя саветы, тыя, хто лічыць сябе грамадзянскай супольнасцю, а не толькі
«трэцім сектарам», — сёння аб’яднаемся вакол гэтых праблем, звязаных з нашай інфармацыйнай прасторай, — заклікала кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна. —
Інфармаванне пра дзейнасць рады — пытанне сапраўды вырашальнае, за кожным застаецца права шырока даваць інфармацыю. Значыць, выкарыстоўвайце гэтую магчымасць, будзьце даступныя журналістам,
давайце прэс-канферэнцыі. Але гэта не вырашыць прынцыповай праблемы: як прымусіць разглядаць самыя-самыя прыярытэтныя пытанні і прымаць па іх рашэнні».
Як адзначыла старшыня зарэгістраванага ў Літве «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова, слуханні, што адбыліся, — «гэта надзвычай адказная рэакцыя грамадзянскай
супольнасці на сённяшнюю сітуацыю і на дзейнасць кансультацыйных радаў. Калі мы прапануем падтрымку (сябрам ГКР — Г. К.) у выглядзе грамадскіх слуханняў, гэта напоўніцу адпавядае нашым
інтарэсам, гэта дае шанец краіне. Калі мы «прыхлопнем» гэтую пляцоўку і скажам, што «сыходзім у інтэрнэт», мы будзем у гэтым «інтэрнэце» і
дзесяць, і дваццаць гадоў. Гэты момант нельга дапусціць», — лічыць праваабаронца.
Па словах Пятра Марцава, у калідорах улады, прынамсі, у чальцоў Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта, ёсць пэўная зацікаўленасць у дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.
«Я адчуваю, што яны хацелі б выслухоўваць меркаванні па нейкіх важных пытаннях, бо яны, з аднаго боку, лічаць, што зараз самы час для мазгавога штурму, а з іншага — вельмі важна
зразумець настрой грамадства і стаўленне да нейкіх важных глабальных пытанняў. Так, я адчуваю цікавасць, можа нязначную, але цікавасць», — адзначыў Пётр Марцаў.
Але ў тым, што чыноўнікі насамрэч маюць такую цікавасць, можна будзе пераканацца, калі яны не пагрэбуюць наступнымі грамадскімі слуханнямі, якія для іх могуць быць вельмі карыснымі ва ўсіх
сэнсах.