Фрыдман: Фактычна вайсковае паглынанне Беларусі адбылося
Ваенную інтэграцыю Беларусі з РФ можна паглыбляць да бясконцасці, лічыць палітолаг Аляксандр Фрыдман. Расія можа зрабіць на тэрыторыі нашай краіны ўсё, што захоча. Вырашыць Пуцін даслаць кадыраўцаў у Брэсцкую вобласць — што можа Мінск?
Аляксандр Лукашэнка прыадкрыў заслону над нядаўнімі перамовамі з Пуціным у Сочы: разгаварыўся на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Расіі Веніямінам Кандрацьевым.
«Мы з нашым старэйшым братам дамовіліся, як мы будзем дзейнічаць у Беларусі. Вядома, публічна гэта не агучваем. Апошнія нашы перамовы на вашай зямлі былі прысвечаны абароне і бяспецы».
А далей ішлі традыцыйныя пагрозы ў адрас суседзяў:
«Украіна — гэта толькі пачатак, гэта кветачкі. Ягадкі могуць нас чакаць наперадзе, калі мы не мабілізуемся і не пакажам ім, што мала не падасца. Нас, ды і Расію ў тым ліку, больш за ўсё насцярожвае Польшча, а за Польшчай стаіць Амерыка. Яны вырашылі разбурыць усё, што тут ёсць, перш за ўсё Еўрапейскі Саюз. Галоўны пункт апоры —гэта Польшча. У 2020 годзе нас хацелі туды далучыць, каб мы былі раздзяляльнай лініяй паміж Расіяй, Усходам і Захадам. Але не атрымалася. Таму мы цяпер надаём вялікую ўвагу абаронцы».
Расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі ўварваліся ва Украіну, «вагнераўцы» ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, расійская тактычная ядзерная зброя ўжо ў Беларусі, калі верыць афіцыйным паведамленням.
СНплюс пагаварыла пра гэта з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Застаўся яшчэ адзін механізм Саюзнай абароны — абаронная прамысловасць, гэта значыць вытворчасць расійскай зброі. А ў будучыні ёсць і яшчэ варыянт — стварэнне пастаянных ваенных баз на тэрыторыі Беларусі. Цяпер такая перспектыва (пасля з'яўлення «вагнераўцаў», пасля расійскіх войскаў, пасля расійскай тактычнай ядзернай зброі) ужо нікога не шакуе. Я не здзіўлюся, калі на мяжы з балтыйскімі краінамі ці на мяжы з Польшчай з'явяцца расійскія вайсковыя базы.
Па вялікім рахунку, ваенную інтэграцыю можна паглыбляць да бясконцасці. Лукашэнка ж неаднаразова паўтараў, што ў Расіі і Беларусі фактычна адно войска, можна ствараць супольныя беларуска-расійскія падраздзяленні.
— Фактычна, гаворка ідзе пра ваеннае паглынанне Беларусі?
— Фактычна, вайсковае паглынанне адбылося, таму што Узброеныя сілы Беларусі падпарадкаваныя расійскім інтарэсам, і Расійская Федэрацыя ўспрымае іх як рэсурс.
Наогул, уся інфраструктура Беларусі перабудаваная такім чынам, што Расія можа зрабіць тут усё. Рэжым гатовы на ўсё, а калі нават не гатовы, то ён не ў той сітуацыі, каб супраціўляцца. Захоча Пуцін даслаць кадыраўцаў у Брэсцкую вобласць — што можа Мінск? Сваю пазіцыю выказаць, і толькі: і эканамічна, і палітычна, і дыпламатычна, і ў ваенным плане настолькі залежыць ад Масквы, што нічога запярэчыць проста не зможа.
— Пагрозлівая рыторыка з беларускай сталіцы ўжо даўно не з'яўляецца навіной, але на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Польшча паднесеная як галоўны вораг, а «за ёй стаіць Амерыка»…
— Усе выпады супраць Польшчы выказваюць абурэнне палітыкай Варшавы: ужо цэлы комплекс негатыўнага стаўлення выпрацаваўся. Польшча, у сваю чаргу, дэманструе на гэта ігнор: нават калі ідуць нейкія рэверансы ў бок Варшавы, тая не рэагуе. У выніку чым больш гучыць антыпольскіх заяваў, тым больш актыўна цяперашні ўрад будзе іх выкарыстоўваць падчас выбарчай кампаніі. Але, думаю, Лукашэнка да гэтага падыходзіць спакойна. У польскай палітыцы, уласна кажучы, у яго добрых варыянтаў няма, незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады.
У кантэксце 17 верасня, так званага Дня яднання, прапаганда яшчэ больш пагрузілася ў польскую тэматыку, падняла градус свайго нецярпення, нянавісці да Польшчы – самі сябе напампавалі, што называецца.
— Для вас не стаў адкрыццём рух беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў бок паглынання Беларусі?
— Афіцыйны Мінск не разглядае «інтэграцыю» як паглынанне Беларусі. Проста ён для сябе разумее, што на Захадзе нічога добрага яго не чакае. Эканамічная сітуацыя таксама сканцэнтраваная на Усходзе: ён залежыць ад расійскай эканамічнай дапамогі, ад палітычнай дапамогі, ад вайсковай дапамогі.