Фрыдман: Лукашэнка і Прыгожын. Вялікае пытанне: хто каго выкарыстае

Прыгожын і ПВК «Вагнер» у Беларусі — гэта падтрымка ці пагроза для рэжыму Лукашэнкі? Разбіраліся з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.

Яўген Прыгожын

Яўген Прыгожын

Лукашэнка купаецца ў промнях славы «выратавальніка Расіі» і з асалодай распавядае публіцы дэталі перамоў з мяцежным Прыгожыным. Ён прызнаў, што пасля пачатку бунту «вагнераўцаў» у Расіі аддаў загад прывесці беларускае войска ў поўную баявую гатоўнасць. Але цяпер прымае Прыгожына і ПВК «Вагнер» у Беларусі: ён гатовы аддаць баевікам закінутую вайсковую частку, а Віктар Хрэнін хацеў бы атрымаць падраздзяленне «вагнераўцаў» у беларускае войска.

— Што мы ведаем пра Лукашэнку? Гэта не той чалавек, які сістэматычна гаворыць праўду, праўду і яшчэ раз праўду. Да слоў Лукашэнкі заўсёды трэба ставіцца крытычна, асабліва пры яго схільнасці перабольшыць сваю ролю, — упэўнены Аляксандр Фрыдман. — Версію, якую прапанаваў Лукашэнка наконт перамоў з Прыгожыным, мы праверыць не зможам. Калі, канешне, Прыгожын не дапаможа і нешта не распавядзе. 

Аповед Лукашэнкі — не пра аналітыку, не пра рэальнасць, а пра веру: верыш ты гэтаму ці не?

Супярэчлівых і дзіўных заяў там хапала.... Я адкажу на гэта пытанне так: Лукашэнка прадэманстраваў цікавы і досыць кепскі стан расійскай улады, а паколькі ён цалкам залежыць ад Расіі — і сваёй улады, і ў такі варыянт хочацца верыць. Магу выказаць спадзяванне, што гэтым разам Лукашэнка сказаў праўду. Хоць у пэўнай ступені. Калі так, то ўсё выглядае яшчэ горш, чым можна было сабе ўявіць. Вынясем за дужкі ягонае ўяўленне пра ўласную ролю ў замірэнні бунту, як ён размаўляе з Пуціным, як з Бортнікавым — як сапраўдны гаспадар, што вучыць іх жыццю. Такі феномен: чалавек распавядае нейкую гісторыю, прычым так, як ён яе хацеў бачыць — і атрымлівае сапраўдную асалоду.

Гісторыя з замірэннем — пра тое, якой бы Лукашэнка хацеў бачыць гэту гісторыю. А вось наколькі яна адпавядае рэчаіснасці — іншае пытанне.

Што мы бачым? У Расіі ўсё абсалютна дрэнна: бакі рыхтаваліся да вялікай крыві, дамовіцца ніяк не маглі — велізарныя праблемы. Сябе, дарэчы, Лукашэнка называе не староннім чалавекам, а паглыбленым у тэму, нават рашэнні прымае; высвятляецца, што не толькі Пуцін праблему прагледзеў, але і Лукашэнка мусіў займацца канфліктам паміж Міністэрствам абароны Расіі і Прыгожыным. Бакі канфлікту і да гэтага выглядалі ганебна, а пасля аповеду Лукашэнкі сталі выглядаць увогуле суперганебна. 


Глядзіце таксама

І тут узнікае пытанне: навошта расіяне дазваляюць такое Лукашэнку? Можа, проста махнулі на яго рукой: язык, бы памяло, а канфлікту ўжо ўсё адно не схаваеш. Лукашэнка паказвае сябе адзіным чалавекам, які прымае рашэнні, усе астатнія слабыя: прама ён пра гэта не кажа, але па ягоным расказе выглядаюць яны няўпэўнена. У пэўнай ступені расказ Лукашэнкі пасуе да той карціны падзей, якая склалася і без яго. Думаю, заходнія аналітыкі і палітыкі прынялі гэту інфармацыю да ведама: тым, хто лічыць, што Расія слабая, што з ёй можна паспяхова змагацца, яго меркаванне бы бальзам на рану. 

— Прыгожын ужо ў Беларусі, Лукашэнка гатовы выдзеліць «вагнераўцам» закінутую вайсковую частку, міністр абароны хацеў бы бачыць іх падраздзяленне ў беларускім войску. Якім чынам Лукашэнка жадае выкарыстаць Прыгожына і ПВК «Вагнер»?

— Што цікава Лукашэнку? Атрымаць невялікую колькасць «вагнераўцаў», якія могуць выступаць у ролі інструктараў, але многа не трэба: многа вельмі лёгка могуць стаць праблемай. Больш за тое, Прыгожын яго цікавіць як уладальнік афрыканскіх актываў: у Афрыцы яго таксама можна выкарыстаць. Лукашэнка хацеў бы скарыстацца ўсімі плюсамі ПВК «Вагнер», але не дапусціць яго пераўтварэння ў фактар, які ўплывае на падзеі. 

Думаю, што пытанне прысутнасці «вагнераўцаў» у Беларусі яшчэ нават не вырашалася, яны яшчэ будуць вырашаць паміж сабой, колькі і каго Лукашэнка гатовы ўзяць.

Што патрэбна Расіі? Расіі патрэбна, каб ПВК «Вагнер» знікла ў цяперашняй форме: ёй не даруюць спробу бунту, Прыгожыну гэтага не даруюць. Не думаю, што непазбежнасцю з’яўляецца фізічная расправа над Прыгожыным (мне гэта падаецца перабольшваннем), але тое, што яго адусюль будуць выціскаць і знішчаць як фактар, каб не дапусціць паўтарэння, відавочна. 

А Лукашэнку патрэбна, каб «вагнераўцы» не сталі ўплывовым фактарам у Беларусі. «Вагнер» — сапраўдны моцны — можа стаць пагрозай для беларускага рэжыму. А маленькі «Вагнер», які нібыта прысутнічае і не стварае асаблівых праблем, але з дапамогай якога можна пужаць Захад, — такі варыянт магчымы. Але ізноў жа, Лукашэнка нічога канкрэтнага не сказаў, ягоныя словы прагучалі вельмі агульна. Мэта гэтага відавочная: адказаць на пытанні, якія задае грамадства (прыйдуць «вагнераўцы» і стануць праблемай), а з другога боку — каб на Захадзе занадта не супакойваліся. Думаю, бліжэйшым часам гэта сітуацыя будзе вырашацца. 


Глядзіце таксама

Цікавы момант уяўляе далейшая эвалюцыя Прыгожына: што з ім стане? Для Прыгожына зараз відавочна, што ў Расіі ён па-за гульнёй, што ніякае вяртанне немагчымае — там ён абвешчаны здраднікам. Але амбіцыі нікуды не зніклі, ён адчуў эйфарыю і асалоду. Таму нельга выключаць, што Прыгожын будзе сам нешта спрабаваць рабіць. І тут Лукашэнку чакаюць цяжкасці, бо Прыгожын не ягоны клерк, а чалавек з пазіцыяй, амбіцыямі, з ім лёгка не будзе. Вялікае пытанне: хто каго выкарыстае і што з усяго гэтага выйдзе. 

— Збоку выглядае так: Лукашэнка хоча ўзяць на сваю службу ваенных злачынцаў, якія шмат нарабілі ва Украіне. Як да гэтага паставяцца беларускія суседзі?

— Суседзі будуць адсочваць сітуацыю, і калі ў Беларусі з’явіцца нават невялікая частка «вагнераўцаў», то будуць настойваць на жорсткім сцэнары. Сам факт прысутнасці «вагнераўцаў» як сімвалу расійскіх злачынстваў вельмі моцна ўдзейнічае на суседзяў. Таму абавязкова паўстане пытанне пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Польшчы і ў краінах Балтыі, будуць уздымацца пытанні наконт умацавання мяжы, выдаткавання новых сродкаў. А калі эскалацыя працягнецца, справа можа закончыцца закрыццём мяжы.