Еўракамісія абмяркуе стрэс-тэсты Беларускай АЭС
Дэлегацыя Еўракамісіі па пытаннях энергетыкі на чале з намеснікам кіраўніка генеральнага дырэктарату па энергетыцыГерасімосам Томасам наведае Беларусь 19-20 верасня. Пра гэта на брыфінгу 15 верасня паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык.
Мірончык: «Галоўная тэма візіту — стрэс-тэставанне Беларускай АЭС. Праграма знаходжання дэлегацыі прадугледжвае сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства энергетыкі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржатамнагляда».
Дэлегацыя наведае Беларускую АЭС і абмяркуе пытанні рэалізацыі першай беларускай ядзернай праграмы.
Як стала вядома раней, стрэс-тэсты на Беларускай АЭС ужо вядуцца і мусяць скончыцца ў снежні. Іх плануецца правесці сумесна з расійскімі спецыялістамі, паколькі менавіта яны будуюць нашу АЭС. Па словах Мірончыка, наша краіна супрацоўнічае з усімі міжнароднымі арганізацыямі па гэтым пытанні.
Паводле Еўрарадыё