Дзяніс Івашын: Супраць мяне абвешчана інфармацыйная вайна

Рэдактар беларускай службы міжнароднай валанцёрскай выведвальнай супольнасці InformNapalm і журналіст "Новага Часу" Дзяніс Івашын зрабіў афіцыйную заяву ў звязку з няспыннай інфармацыйнай агрэсіяй супроць яго расійскіх медыя-рэсурсаў.

ivashyn.jpg

«Расійская прапаганда разгарнула супраць маёй асобы паўнамаштабную інфармацыйную кампанію з мэтай ачарнення й дыскрэдытацыі майго імя. Доўжыцца яна няспынна ўжо на працягу цэлага месяцу, пачынаючы зь сярэдзіны красавіка 2019 г. Сімптаматычна, што ў яе ўцягнутыя і некаторыя беларускія актары, што непасрэдна сведчыць пра іхную падкантрольнасць расійскім куратарам.
Франтменамі інфармацыйнай вайны супроць мяне выступаюць расійскія прапагандысцкія рупары: antimaydan.info, news-front.info, novorosinform.org, politnavigator.net, тэлеграм-каналы «338», «Трыкатаж» і шэраг іншых.

Калаж крыніцаў дэзынфармацыі й некаторых цытатаў

Калаж крыніцаў дэзынфармацыі й некаторых цытатаў

Характар, спосаб падачы й каналы распаўсюду дэзынфармацыі сведчаць пра тое, што за гэтым меркавана стаяць сілавыя ведамствы Расійскай Федэрацыі. Цалкам мажліва, да яе мае дачыненне Галоўнае ўпраўленьне Генштабу ЗС РФ, пра гэта ўскосна сведчаць суцэльная нязграбнасць і некампетэнтнасць правядзення інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыі.
Каб зменшыць аператыўны прастор для «канчатковага вырашэння» майго пытання й выкарыстання мажлівых сцэнараў што да выкрадання мяне на тэрыторыі Беларусі й перадачы расійскім сілавікам альбо інсцэнавання суіцыду, заяўляю наступнае:
У Расіі апошняга разу я быў у першай палове 2008 году. Пасля пачатку ваенных дзеянняў РФ супроць Украіны й майго наўпроставага заангажавання ў супрацьдзеянне расійскай інфармацыйнай агрэсіі, лічу наведванне Расіі для сябе смяротна небяспечным. Перакананы, што дзяржава-агрэсар Расійская Федэрацыя зьяўляецца як для мяне асабіста, гэтак і для Беларусі наўпроставым ворагам. Не планую й не збіраюся ехаць на тэрыторыю РФ ажно да поўнай ліквідацыі пуцінскага рэжыму. Адзіная магчымасць туды патрапіць для мяне застаецца толькі ў статусе вайсковага карэспандэнту ў складзе экспедыцыйных сілаў краінаў антыпуцінскай кааліцыі.
Ня маю аніякіх суіцыдальных ідэацыяў. Фізічна й псіхічна здаровы. Свае жыццё вельмі люблю й шаную, значную частку якога прысвячаю менавіта ўзмацненню нацыянальнае бяспекі Беларусі, бачу ў гэтым сваю ролю як журналіста і жыццёвую місію як патрыёта.
Расійская інфармацыйная спецаперацыя супраць мяне адбываецца на фоне значнага абвастрэння расійска-беларускіх адносінаў, адклікання амбасадара РФ Бабіча, гандлёва-эканамічнай вайны, непрыхаваных памкненняў Расіі канчаткова паглынуць Беларусь пад прыкрыццём паўнавартаснага разгортвання праекту так званага «Союзного государства». Маем наўпроставую пагрозу страты суверэнітэту й незалежнасці Беларусі. Агрэсіўныя дзеянні РФ супраць маёй асобы – толькі адзін з мноства крокаў рэалізацыі гэтай пагрозы.
Мэтаскіраваная інфармацыйная кампанія расійскіх сродкаў масавай дэзынфармацыі ў дачыненні да мяне – найлепшы паказнік маёй эфектыўнаўсці й паспяховасці. Таму сваю журналісцкую дзейнасць я буду працягваць з яшчэ большым энтузіязмам.
Рэдактар беларускай службы міжнароднае выведвальнае супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын.
Ignis vincit tenebris!
Жыве Беларусь! Слава Україні!
Паводле informnapalm.org