Дзярждэп: Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай

Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай. Такая характарыстыка ўтрымліваецца ў краінавым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША па правах чалавека за 2012 год, апублікаваным на афіцыйным сайце знешнепалітычнага ведамства Злучаных Штатаў Амерыкі.



1360362658.jpg

У дакуменце зазначаецца, што самай актуальнай для Беларусі праблемай у галіне правоў чалавека з'яўляецца немагчымасць грамадзян змяніць уладу. Апошняя ж, пазбаўленая сістэмы стрымліванняў і процівагаў, працягвае груба парушаць правы і свабоды грамадзян. У краіне па-ранейшаму існуюць палітзняволеныя, дагэтуль улады не расследавалі справы аб палітычна матываваных знікненнях апанентаў рэжыму.
 

Дзярждэпартамент ЗША адзначае факты перавышэння сілы праваахоўнымі органамі ў дачыненні да затрыманых і мірных дэманстрантаў, выкарыстання катаванняў або жорсткага абыходжання падчас расследавання і ў турмах, дзе ўмовы ўтрымання застаюцца дрэннымі.

Беларускія ўлады, згодна з дакладам, дапускалі арышты, затрыманні і змяшчэнне ў месцы пазбаўлення волі грамадзян за крытыку дзяржаўных чыноўнікаў, удзел у дэманстрацыях, а таксама паводле іншых палітычных матываў.
 

Судовая ўлада пазбаўлена эфектыўнасці і мае заганы з-за палітычнага ўмяшання: рашэнні судоў часта загадзя прадвызначаны, а пасяджэнні праводзіліся ў закрытым рэжыме або завочна, гаворыцца ў дакладзе.
 

Улады Беларусі, зазначаецца ў дакуменце, па-ранейшаму абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і перамяшчэння. Зафіксаваныя факты канфіскацыі друкаваных матэрыялаў у актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, былі перашкоды ў распаўсюджванні інфармацыі.
 

Знешнепалітычнае ведамства ЗША звяртае ўвагу на факты пераследу праваабаронцаў, няўрадавых арганізацый, палітычных партый і незалежных прафсаюзаў. Апрача таго, крытыкуецца бяздзеянне дзяржавы ў дачыненні да службовых асоб, якія дапускалі парушэнні правоў чалавека.