Міжнародная амністыя: што не дазволена, тое забаронена

Беларуская грамадзянская супольнасць зведвае рэпрэсіі з боку ўлад, нецярпімых да любой формы крытыкі, гаворыцца ў дакладзе "Што не дазволена, тое забаронена: Як у Беларусі затыкаюць рот грамадзянскай супольнасці", апублікаваным 18 красавіка арганізацыяй "Міжнародная амністыя".



amnestyintl_logo_2.jpg

"На працягу апошніх 20 гадоў улады Беларусі ўсё больш душылі грамадзянскую супольнасць, пазбаўлялі людзей магчымасці выяўляць сваё меркаванне, удзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях палітычнага курсу краіны і ў канчатковым выніку кантраляваць дзеянні чыноўнікаў", — заявіла даследчык арганізацыі па Беларусі Хеза Макгіл.
 

Даклад аналізуе заканадаўства краіны ў частцы правоў грамадзян на мірны пратэст і свабоду аб'яднанняў, дакументуючы парушэнні, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы, прафсаюзы, абаронцы навакольнага асяроддзя і актывісты ЛГБТ.
 

Грамадзяне, якія спрабуюць зарэгістраваць незалежныя НДА, сутыкаюцца з заканадаўчымі перашкодамі і бюракратычнай самаўпраўнасцю, накіраванымі на далейшае ўшчамленне свабоды аб'яднанняў. Дзейнасць праваабаронцаў без рэгістрацыі НДА цягне ганенні на дзейнасць ад імя "незарэгістраванай арганізацыі", гаворыцца ў дакладзе.
 

У Беларусі з 2000 года не была зарэгістравана ніводная палітычная партыя, бо ўмовы рэгістрацыі "з'яўляюцца празмернымі", а незалежныя прафсаюзы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў.
 

Калі ў 2003 годзе беларускія прыхільнікі "Міжнароднай амністыі" паспрабавалі зарэгістравацца ў якасці міжнароднай арганізацыі, улады заявілі, што рэгістрацыя немагчымая ў сувязі з планамі выкарыстання імі афіцыйнай сімволікі руху. У 2005 годзе пры паўторнай спробе рэгістрацыі прадстаўнікі ўлад заявілі, што дазвол будзе атрыманы, калі прыхільнікі "Міжнароднай амністыі" будуць узгадняць дзейнасць арганізацыі з уладамі. З-за апасенняў страціць незалежнасць прыхільнікі "Міжнароднай амністыі" былі вымушаныя адмовіцца ад ідэі афіцыйнай рэгістрацыі.
 

Закон аб масавых мерапрыемствах парушае правы беларусаў на мірны пратэст, "нават адзінкавы пікет, паводле закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, з'яўляецца парушэннем. Дэманстрантаў можна пераследваць за ўдзел у адзінкавых пікетах, можна нават штрафаваць за "публічнае дарэнне", — адзначыла Макгіл.
 

"Улады Беларусі павінны забяспечыць свабоду выказвання меркавання грамадзянамі і пакласці канец палітычным рэпрэсіям, — заклікала яна. — Для гэтага ўладам трэба перагледзець указы прэзідэнта і законы, якія тычацца рэгістрацыі і дзейнасці НДА. Неабходна, каб чыноўнікі паважалі права грамадзян на свабоду аб'яднанняў і свабоду сходаў".