Дашкевіч пра Гайдукевіча: «Чаго чакаць ад палітычнай прастытуткі?»
Лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, які ў мінулым годзе разам з паплечнікамі сабраў 10 000 подпісаў за наданне бел-чырвонаму-сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пракаментаваў пазіцыю Алега Гайдукевіча, які спачатку заступіўся за сцяг, пазней — перадумаў.
Што мы чакаем ад палітычнай прастытуткі? — запытваецца Дашкевіч. — Сёння ў іх адно, заўтра іншае. Няма пра што казаць. Нам усім варта памятаць: калі напрыканцы 1980-х Сяргей Харэўскі ўздымаў бел-чырвона-белы сцяг над Мінскам, пра гэты сцяг ведала ў лепшым выпадку сотня гісторыкаў. Сёння яго лічаць сваім і ганарацца тры мільёны беларусаў, паводле сацыялагічных апытанняў. Гэта людзі накшталт Аляксандры Герасімені, якія прызнаюць, што бел-чырвона-белы сцяг ім бліжэйшы, хоць самі выраслі ўжо пад чырвона-зялёным. Сцяг абавязкова вернецца і адродзіцца як вярнуўся пасля 70 год савецкага тэрору. Гэта плынь, якую немагчыма спыніць!
Нагадаем, што Ліберальна-дэмакратычныя партыя Беларусі, якую фактычна ўзначальваюць Сяргей і Алег Гайдукевічы, спачатку прыняла гучную заяву аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пасля пытанне было «знята з павесткі дня». Алег Гайдукевіч патлумачыў такі нечаканы крок «палітызацыяй пытання», дадаўшы, што гэта наўпрост «неактуальна». Якім чынам пытанне перастала быць актуальным за такі кароткі час, палітык не ўдакладніў.