Ціханоўская накіравала ліст у МЗС Грузіі з заклікам спыніць супрацоўніцтва з КДБ Беларусі
«Толькі поўнае спыненне дзеяння пагаднення аб супрацоўніцтве з КДБ будзе гарантаваць бяспеку беларусаў у Грузіі», — напісала Ціханоўская.
Сёння, 16 жніўня, служба бяспекі Грузіі заявіла, што распаўсюджванне інфармацыі аб уступленні ў сілу пагаднення аб іх супрацоўніцтве з КДБ Беларусі — гэта кампанія па дыскрэдытацыі мясцовых сілавых структур. Служба бяспекі Грузіі адзначыла, што падпісанае ў 2016-м годзе пагадненне не абавязвае бакі ажыццяўляць дзеянні, якія супярэчаць іх дзяржаўным інтарэсам.
Офіс Святланы Ціханоўскай знаходзіцца на сувязі з МЗС і пасольствам Грузіі, у МЗС Ціханоўская накіравала афіцыйны ліст з заклікам выпрацаваць «выразна выяўленую пазіцыю аб недапушчальнасці выкарыстання дадзенага пагаднення для выдачы інфармацыі пра беларускіх грамадзян і іншае супрацоўніцтва, што можа негатыўна адбіцца на мірных грамадзянах Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі».
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, яна падкрэсліла, што беларусаў трэба абараніць ад прымусовай высылкі ў Беларусь, бо рэжым «выкарыстоўвае спасылкі на «антытэрарыстычнае заканадаўства» для пераследу сваіх палітычных апанентаў. Таму толькі поўнае спыненне дзеяння названага пагаднення або публічная заява аб замарозцы супрацоўніцтва будзе не толькі гарантаваць бяспеку беларускіх грамадзян у Грузіі, але і цалкам адпавядаць нацыянальным інтарэсам Грузіі ў сапраўдны момант.
Мы заклікаем улады Грузіі спыніць дзеянне Міждзяржаўнага пагаднення аб супрацоўніцтве Камітэта дзяржбяспекі Беларусі са Службай бяспекі Грузіі і забяспечыць бяспеку беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі».