Ціханоўская і Навальны названы галоўнымі прэтэндэнтамі на Нобелеўскую прэмію міру

Дырэктар нарвежскага Інстытута даследавання праблем міру Хенрык Урдал апублікаваў свой шорт-ліст кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію міру-2022. На першым месцы ў ім — Святлана Ціханоўская і расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны.

photo_2022_09_16_15_34_18.jpg


Абгрунтоўваючы свой выбар, Урдал тлумачыць, што Ціханоўская адыграла галоўную ролю ў негвалтоўным супрацьстаянні Лукашэнку і беларускім уладам, заклікаючы да сумленных выбараў і спынення гвалту супраць дэманстрантаў.

«І за сваю канкрэтную ролю ў кампаніі за дэмакратыю ў Беларусі, і за ролю лідара прадэмакратычнага руху ў Беларусі Ціханоўская была б годным лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру», — лічыць Урдал.

«І Ціханоўская, і Навальны з'яўляюцца заўзятымі крытыкамі расійскага ўварвання ва Украіну. Агульная Нобелеўская прэмія міру паміж імі была б успрынята як відавочны пратэст супраць расійскай агрэсіі і дапамогі з боку Беларусі, а таксама як падтрымка дэмакратычных і негвалтоўных альтэрнатыў Лукашэнку і Пуціну», — адзначае дырэктар Інстытута даследавання праблем міру.

Летась ён таксама ўключаў Ціханоўскую ў шорт-ліст, але прэмія дасталася галоўрэду расійскай «Новай газеты» Дзмітрыю Муратаву.

Акрамя Ціханоўскай і Навальнага вартымі прэміі міру Урдал лічыць:

  • Міжнародны суд — за садзейнічанне міру з дапамогай міжнароднага права;
  • Харша Мандэра і кампанію, якую ён запусціў у 2017 годзе, Karwan-e-Mohabbat («Караван кахання») — за абарону правоў мусульман у Індыі, супраць міжрэлігійных канфліктаў і гвалту;
  • Ільхама Тохці, Агнеса Чоу і Натана Ло. Першы — пажыццёва зняволены ў турму ў Кітаі вучоны, які падтрымліваў уйгураў. Другі і трэці — вядучыя фігуры прадэмакратычнага руху ў Ганконгу;
  • Арганізацыі «Група аналізу даных аб правах чалавека» (HRDAG) і «Цэнтр прыкладных негвалтоўных дзеянняў і стратэгій» (CANVAS). HRDAG, якая базіруецца ў Сан-Францыска, сістэматычна дакументуе і аналізуе даныя аб парушэннях правоў чалавека. CANVAS, якая базіруецца ў Бялградзе, праводзіць неацэнную працу па навучанні актывістаў па ўсім свеце негвалтоўным формам пратэсту і супраціву.

У артыкуле падкрэсліваецца, што Нобелеўскі камітэт засноўвае сваё рашэнне на намінацыях, атрыманых да крайняга тэрміну 31 студзеня. Права вылучаць кандыдатаў зарэзервавана за членамі нацыянальных асамблей і ўрадаў, цяперашнімі і былымі членамі камітэта, лаўрэатамі прэміі міру, прафесарамі пэўных дысцыплін, дырэктарамі Інстытута даследаванняў праблем міру і замежных палітычных інстытутаў і чальцамі міжнародных судоў.

Урдал, які якраз з’яўляецца дырэктарам Інстытута даследаванняў праблем міру, устрымліваецца ад выкарыстання свайго права вылучаць кандыдатуры, улічваючы яго актыўную ролю ў каментаванні прэміі. Ён не мае ніякага дачынення да Нобелеўскага інстытута або нарвежскага Нобелеўскага камітэта.

Сёлета ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру пройдзе 8 кастрычніка.