Ці працягне Крэмль фінансаваць беларускую ўладу?
Палітолаг Андрэй Суздальцаў выказвае меркаванні, якім чынам бліжэйшым часам будуць складвацца стасункі паміж Мінскам і Масквой.
Фота: ria.ru
— Ці працягне Крэмль фінансаваць афіцыйны Мінск у ранейшым аб’ёме?
Андрэй Суздальцаў: Натуральна, што былой дапамогі чакаць Беларусі ўжо не даводзіцца. Расія і сама цяпер знаходзіцца ў складаным эканамічным становішчы па розных прычынах: і знешніх, і ўнутраных. Хоць, безумоўна, Крэмль не пакіне Мінск без падтрымкі. Беларускі дэфолт плюс украінскі — гэта занадта для расійскай эканомікі. Праўда, для беларускага боку ўмовы атрымання крэдыту рэзка пагаршаюцца, пазыкі абкладаюцца рознымі ўмовамі. У першую чаргу — правядзеннем структурных эканамічных рэформаў. Мяркую, сёння Расія — адзіны партнёр Беларусі, які патрабуе рэальных рэформаў, бо тое, што прапаноўвае МВФ, — усё-такі нейкая платформа, база для будучых эканамічных пераўтварэнняў. Масква ведае, што ніякай базы для рэформаў у Беларусі няма, і таму адкрыта цісне на іх правядзенне. Бо бясконца закідваць грошы ў “чорную дзірку” таксама нікому не хочацца. А Беларусь жыве ад крэдыту да крэдыту.
— Але ж беларускае кіраўніцтва дало зразумець, што на вялікія рэформы не збіраецца ісці. Як быць з гэтым?
— Калі не пойдзе, значыцца будуць праблемы з крэдытамі. У Расіі свае праблемы, эканамічнае становішча там, калі не пагаршаецца, дык і не паляпшаецца. І Маскве патрэбны не толькі зразумелы палітычны саюзнік, але і зразумелы эканамічны партнёр. Гэта сур’ёзнае пытанне, бліжэйшым часам падчас сустрэч кіраўнікоў краінаў гэта тэма, думаю, будзе не на апошнім месцы. Ведаю, што многія ў расейскіх вярхах мяркуюць, што толькі жорсткая пазіцыя Масквы можа змяніць сітуацыю, бо ў адваротным выпадку мільярды даляраў давядзецца даваць кожны квартал. Беларусь — дарагі для Расіі сусед.
— Ёсць меркаванне, што Крэмль дасць грошы, калі беларускія ўлады дазволяць знаходжанне на тэрыторыі Беларусі расійскіх авіяцыйных базаў.
Беларусі насамрэч трэба мадэрнізаваць ваенную сферу, але гэтая тэма зусім з іншай оперы. А авіяцыйную базу беларускія ўлады не захочуць размяшчаць. Афіцыйны Мінск задаволены прыпыненнем заходніх санкцыяў і разумее, што пасля размяшчэння расійскай базы ў сваёй краіне гэтыя санкцыі могуць і вярнуць.