Беларускія памежнікі не прапусцілі дэлегата З'езду беларусаў свету з Украіны
14 ліпеня на ўездзе ў Беларусь у памежным пункце пропуску «Новая Гута» (Гомельская вобласць) быў затрыманы сябра Вялікай Рады Згуртавання Беларусаў Свету «Бацькаўшчына» архіепіскап Святаслаў Логін (БАПЦ), які ехаў на VII З'езд беларусаў свету.
Пры спробе перасекчы мяжу каля 18:00 яму было заяўлена пра забарону ўезду ў Рэспубліку
Беларусь і пастаўлены адпаведны штамп у пашпарт. Святаслаў Логін быў вымушаны вярнуцца ва Украіну
ў памежны пункт «Новыя Ярылавічы».
Па словах Логіна беларускія памежнікі паводзіліся карэктна, але прычыны забароны ўезду ў Беларусь беларускаму святару, як і тэрмін забароны назваць не змаглі.
Падобны выпадак адбыўся з арх. Святаславам і ў 2015 годзе, але ў адказ на адпаведны зварот МУС Рэспублікі Беларусь адмовілася назваць прычыну і тэрмін забароны яму ўезду ў Беларусь. Архіепіскап лічыць, што забарона на ўезд можа быць звязана з рашэннямі расійскага боку, у прыватнасці ФСБ РФ, паколькі 3 сакавіка 2015 г. Беларусь падпісала пагадненьне з РФ аб узаемным вызнанні адмовы ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў.