Апазіцыя зноў не можа дамовіцца перад выбарамі
3 траўня ў Менску прайшло паседжанне пастаянна дзейнай нарады дэмакратычных арганізацый Беларусі. На ім абмяркоўвалася падрыхтоўка да сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.
«Шчыра скажу, што вялікай надзеі на поўнае абʼяднаньне ў мяне няма — прызнаўся Свабодзе прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы “Беларускі рух” Вацлаў Арэшка. — Але я прытрымліваюся такой думкі — лепш нешта рабіць і бачыць недахопы, чым крытыкаваць збоку і казаць: можна зрабіць лепей.
Таму я спрабую ўкласці ў агульную справу свае намаганні, хоць вялікага імпэту да сурʼёзнай працы і сурʼёзнага абʼяднання ў дэмакратычных сілаў, як мне падаецца, традыцыйна няма. Аднак я бачу жаданне некаторых субʼектаў, некаторых лідэраў абʼяднаць намаганні. І гэта вельмі добра. Таму, мне здаецца, трэба паспрабаваць зрабіць хоць нейкія крокі дзеля агульнай справы».
«У нас ёсць свае патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, і таму нам хочацца разам выпрацаваць агульныя падыходы да гэтай выбарчай кампаніі», — тлумачыць сваё далучэнне да нарады кіраўнік рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:
«Але мне не падабаецца схільнасць некаторых апазыцыйных лідэраў адыходзіць ад супольнага парадку і дысцыпліны. Напрыклад, прапануецца, каб усе рашэнні нарады насілі не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар. І што тады атрымліваецца? Рашэнне прынятае кансэнсусам, а я магу яго выканаць, а магу — і не выканаць. То бок калі камусьці нешта не даспадобы, то можна ў любы момант, як кажуць, саскочыць. А я лічу, што калі большасьць прымае рашэнне, то яго трэба выконваць усім».
Стварэнне нарады ініцыяваў «Правы цэнтар», куды ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт у справе стварэння партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Акрамя «Беларускага руху» і прафсаюзу РЭП, знайсьці агульную для ўсіх мову спрабуюць структуры Анатоля Бухвостава, Сяргея Калякіна, Уладзіміра Навасяда, Уладзіміра Някляева, Мікалая Статкевіча ды некаторых іншых дэмакратычных палітыкаў.
На нарадзе не прадстаўленая грамадзянская кампанія «Гавары праўду».
«У прапановы аб вылучэнні адзінага кандыдата на акругу ёсць і адваротны бок», — лічыць лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў:
«Кандыдаты, якія зарэгіструюцца на парламенцкія выбары, будуць мець 5 хвілін на выступ і яшчэ плюс 7 хвілін, калі будуць адбывацца дэбаты. Таму, чым больш будзе людзей, якія будуць казаць пра неабходнасьць пераменаў і рэформаў, тым больш, умоўна кажучы, просты беларус будзе мець шанцаў пабачыць на дзяржаўным экране альтэрнатыўную думку.
А адзіны спіс якраз і скрадзе ў дэмакратычных незалежных кандыдатаў гэтую ўнікальную магчымасьць праз тэлебачанне дагрукацца да беларусаў».
«Насамрэч сітуацыя ў нас іншая, чым яна ўяўляецца кіраўнікам „Гавары праўду“, — тлумачыць старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Мы ўжо дамовіліся, што супольны спіс азначае вось што — мы імкнемся мінімізаваць колькасьць кандыдатаў. Але гэта не азначае, што абавязкова будзе адзін кандыдат дэмсілаў на адну акругу.
Калі ёсць адна ўзгодненая кандыдатура, гэта добра. Але калі прэтэндэнтаў некалькі, то наша задача — забяспечыць каардынацыю іх супольнай дзейнасьці. Гэта і выступы на тэлебачанні і радыё, і арганізацыя пікетаў, і ўсё астатняе».
Чарговыя парламенцкія выбары прызначаны на 11 верасня 2016 году.
Паводле Радыё Свабода