Андрэй Пыжык пакуль выратаваны

5 чэрвеня былога жодзінскага следчага Андрэя Пыжыка ў Польшчы затрымала паліцыя на падставе нібыта ўзніклых праблемаў з атрыманнем статуту ўцекача, і цягам 3–5 дзён яго мусілі дэпартаваць у Беларусь.

У цыдулцы, якую Андрэй здолеў перадаць жонцы Юліі, ён паведаміў, што звязвае сваё затрыманне з выказваннямі ў фільме “Страх у краіне спакою (вытворца — тэлеканал “Белсат), прысвечаным тэракту ў мінскім метро ў мінулым годзе. Менавіта пасля гэтага беларускі бок абвясціў Андрэя Пыжыка ў вышук праз Інтэрпол.



8cc0225cb9ed2421038a1325a46c562a.jpg

5 чэрвеня былога жодзінскага следчага Андрэя Пыжыка ў Польшчы затрымала паліцыя на падставе нібыта ўзніклых праблемаў з атрыманнем статуту ўцекача, і цягам 3–5 дзён яго мусілі дэпартаваць у Беларусь.
У цыдулцы, якую Андрэй здолеў перадаць жонцы Юліі, ён паведаміў, што звязвае сваё затрыманне з выказваннямі ў фільме “Страх у краіне спакою (вытворца — тэлеканал “Белсат), прысвечаным тэракту ў мінскім метро ў мінулым годзе. Менавіта пасля гэтага беларускі бок абвясціў Андрэя Пыжыка ў вышук праз Інтэрпол.
Між іншым, у беларускім офісе Інтэрполу адмовіліся паведаміць прычыны абвяшчэння ўцекача ў міжнародны вышук. “Гэткая інфармацыя з’яўляецца канфідэнцыйнай і для прэсы не выдаецца, — паведамілі супрацоўнікі офіса.
З паліцыі Андрэя Пыжыка перавезлі ў пракуратуру, дзе павінен быў прайсці яго допыт.
Але пасля разгляду прадстаўленых дакументаў Варшаўская раённая пракуратура загадала неадкладна вызваліць беларускага ўцекача, што пражывае ў Польшчы, з прычыны адсутнасці афіцыйнай прапановы беларускага боку наконт часовага арышту, паведаміў пракурор Рычард Рагатка Польскаму радыё.
Як сказала пракурор Катажына Цалуў-Яшэўска, у сувязі з недахопам у беларускага боку неабходных дакументаў затрыманы быў адпушчаны дадому.
Нагадаем, былы следчы Жодзінскай пракуратуры Андрэй Пыжык некалі адмовіўся распачаць крымінальную справу супраць “афганца Аляксандра Камароўскага падчас вылучэння таго ў гарсавет. Зразумела, што такія дзеянні следчага не маглі застацца без увагі ўладаў. На Андрэя пачаўся ціск, і ён быў вымушаны з’ехаць з краіны, знайшоўшы прытулак у Польшчы.
Менавіта ў Польшчы Пыжык публічна заявіў пра фальсіфікацыю “палітычных справаў у Беларусі. І менавіта Польшча ледзь не адправіла палітуцекача ў абдымкі беларускай Феміды.
Андрэя Пыжыка вызвалілі. Але чаму наогул  існавала пагроза пазбаўлення яго волі? І ці зможа ўцякач спаць спакойна, прынамсі ў Польшчы, не чакаючы моманту, калі ў беларускага боку хопіць дакументаў для экстрадыцыі?
Палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтра “Стратэгія, аўтар больш як 800 публікацыяў па праблемах унутранай і замежнай палітыкі Беларусі Валерый Карбалевіч лічыць, што гэтага не ведае ніхто. Пры гэтым ён не бачыць у дадзенай справе палітычнай падставы. “Тут дзейнічаюць нейкія міждзяржаўныя пагадненні па барацьбе са злачыннасцю, у рамках якіх адзін бок дасылае іншаму просьбу, паперы, якія сведчаць, што той ці іншы грамадзянін парушыў нейкі закон. Паводле дамовы, другі бок павінен пайсці насустрач, — кажа Карбалевіч.
На думку палітолага, тут хутчэй за ўсё дзейнічаюць бюракратычныя працэдуры, а людзі, якія прымаюць такія выракі, пра палітыку ўвогуле не згадваюць.
Дарэчы, старшыня Руху салідарнасці “Разам і Беларускага цэнтру ва Украіне Вячаслаў Сіўчык, які вымушана з’ехаў з Беларусі пасля падзей 19 снежня 2010 года, упэўнены, што гэта вынік дзеяння беларускіх спецслужбаў. “Гэта дзеянні беларускіх спецслужбаў, якія выкарыстоўваюць супрацу сілавых структур з Інтэрполам, — кажа ён. — У палякаў, пэўна, не было той інфармацыі, што з-за закрыцця сфальсіфікаванай справы па Аляксандры Камароўскім Пыжыка ў Беларусі чакаюць катаванні ў турме. Каб іншых застрашыць.
Сіўчык заклікае ратаваць Андрэя Пыжыка ад выдачы на расправу.
Праваабаронца ПГА “Праваабарончы альянс (Літва) Людміла Гразнова не сумнявалася, што справа з затрыманнем вырашыцца на карысць Пыжыка. “Гэта сведчыць аб тым, што польскі бок пільна назірае за сітуацыяй з экстрадыцыяй палітуцекачоў, — кажа яна. — Гэта важна не толькі для самога Пыжыка, але і для тых людзей, хто займае пэўную грамадзянскую пазіцыю і выказвае яе без страху, як Пыжык у створаным “Белсатам фільме, дзе ён расказаў пра тое, якія метады дазнання выкарыстоўваюць следчыя органы Беларусі.
Праваабаронца падкрэслівае, што згаданыя метады — выключныя, якія выпадаюць за межы следства, але, тым не менш, яны ёсць.
“Людзі павінны ведаць праўду адносна следчых прыёмаў і таго, якім чынам праводзілася следства ў адносінах да няшчасных хлопцаў Канавалава і Кавалёва, і, наогул, што ўяўляе сабой гэтая сістэма ў Беларусі, — мяркуе Гразнова.
Калісьці выратаваны Андрэем Пыжыкам ад вязніцы былы “афганец Аляксандр Камароўскі не выключае, што беларускія спецслужбы ўкінулі польскім калегам пэўную дэзынфармацыю адносна былога следчага пракуратуры.
“Калі яго ўсё ж дэпартуюць у Беларусь, ад гэтай ганьбы Польшча не адмыецца ніколі, — лічыць Камароўскі.
Можна ўзгадаць, што менавіта з-за такіх “бюракратычных працэдур беларускі бок атрымаў дадзеныя з банкаўскіх рахункаў вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. І нягледзячы потым на ўсялякія спробы дэзавуацыі з боку Польшчы і Літвы, Бяляцкі апынуўся за кратамі.
Будзем спадзявацца, што гэтым разам польскі бок не будзе фармальна падыходзіць да нормаў права, закладзеных у міжнародных пагадненнях, і Андрэй Пыжык не трапіць у беларускія кайданкі. Шкада, што наогул магла ўзнікнуць такая пагроза.