А вось і юрысдыкцыя. Прыгожын зарэгістраваў кампанію ў Асіповіцкім раёне

Яўген Прыгожын стаў кіраўніком нядаўна створанай кампаніі ТАА «Канкорд Менеджмент і кансалтынг». Такія звесткі ўтрымліваюцца ў адзіным рэестры дзяржрэгістрацыі юрыдычных асоб і ІП Мінюста Беларусі, высветліла рэдакцыя Reform.by.

Яўген Прыгожын у лагеры пад Асіповічамі

Яўген Прыгожын у лагеры пад Асіповічамі

Паводле атрыманай інфармацыі, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Канкорд Менеджмент і кансалтынг» са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў (каля 80 даляраў) было зарэгістравана Магілёўскім аблвыканкамам 19 ліпеня 2023 года і атрымала УНП 791314882.

Адрас рэгістрацыі: Рэспубліка Беларусь, 213727, Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, Пратасевіцкі сельсавет, в. Цэль, вул. Усходняя, д. 2а.

Нагадаем, у вёсцы Цэль знаходзіцца палявы лагер, куды прыбылі рэшткі ПВК Вагнера з Расіі.

Асноўным відам дзейнасці новай кампаніі заяўлена «кіраванне нерухомай маёмасцю».

100%-м уладальнікам беларускай кампаніі з’яўляецца расійскае ТАА «Канкорд Менеджмент і кансалтынг» (1037843002515), а «кіраўніком» паказаны Прыгожын Яўген Віктаравіч. З ім можна звязацца па тэлефоне +7 812 612-77-22.

У Расіі сапраўды існуе ТАА «Канкорд Менеджмент і кансалтынг», зарэгістраванае ў 2003 годзе. Афіцыйна ў ТАА працуе 31 чалавек. Генеральным дырэктарам у кампаніі значыцца Прыгожын Яўген Віктаравіч.

18 ліпеня маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» пісаў, што ў Беларусі знаходзяцца ўжо 2000-2500 наймітаў ПВК Вагнера. Паводле яго звестак, з 11 ліпеня ў Беларусь прыбыло як мінімум пяць калон расийских наймітаў, гэта значыць не менш за 382–400 машын.

Днём 19 ліпеня звязаныя з ПВК Вагнера тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім заснавальнік вайсковай кампаніі Яўген Прыгожын выступае перад наймітамі, якія прыехалі ў Беларусь. Відэа было знятае пасля наступлення цемры, на ім можна было разглядзець толькі нешта падобнае на профіль Прыгожына. Заснавальнік ПВК Вагнера павітаў сваіх байцоў у Беларусі і сказаў ім, што яны пакуль не будуць браць удзелу ў вайне ва Украіне. Ён назваў тое, што адбываецца цяпер на фронце, «ганьбай».

«Мы годна ваявалі, — кажа мужчына ў цемры. — Вы зрабілі для Расіі вельмі шмат. Цяпер тое, што адбываецца на фронце, гэта ганьба, у якой нам не трэба ўдзельнічаць».


Глядзіце таксама

Затым Прыгожын просіць сваіх людзей паводзіць сябе добра ў адносінах да мясцовых жыхароў і загадвае ім навучыць беларускае войска, таксама сабрацца з сіламі для «новага падарожжа ў Афрыку».

«І, магчыма, вернемся на СВА ў той момант, калі будзем упэўненыя, што нас не прымусяць пасароміць саміх сябе і наш вопыт», — сказаў Прыгожын (вайну супраць Украіны ў Расіі называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй»).

А яшчэ ён сказаў сваім наймітам, што яны зробяць беларускае войска «другім войскам у свеце».

«І дачакацца таго моманту, калі мы зможам праявіць сябе па поўнай праграме. Таму прынята рашэнне, што мы будзем знаходзіцца тут, у Беларусі, нейкі час».

Раней лукашэнкаўскае Міністэрства абароны паведаміла, што найміты ПВК Вагнера будуць абменьвацца досведам з беларускімі вайскоўцамі. У Мінабароны запланавалі адправіць вагнераўцаў на розныя палігоны. Нядаўна стала вядома, што вагнераўцы ўжо распачалі трэніраваць беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці, недалёка ад мяжы з Польшчай.