«Спадзяемся, яны тут ненадоўга». Што кажуць у вёсцы Цэль пра суседства з «вагнераўцамі»
«Выглядаюць брутальна, відаць, што з вайны, да беларускіх вайскоўцаў не падобныя», — кажуць вяскоўцы пра «гасцей» з Расіі. У вёсцы спадзяюцца, што наёмнікі прабудуць у іх нядоўга, да зімы.
Жыхары Цэлі пацвердзілі «Нашай Ніве», што «вагнераўцы» засялілі лагер, разгорнуты ў глыбіні вайсковага гарадка. Яго тэрыторыя агароджана плотам з калючым дротам наверсе. Наёмнікам адрамантавалі пад’язную дарогу. Вяскоўцы называюць вагнераўцаў «гасцямі».
Калі высветлілася, што яны асядуць у Цэлі, то мясцовае насельніцтва сталі папярэджваць, што «знаходжанне расіян у Беларусі — таямніца, і расказваць пра іх забаронена». Некаторыя вяскоўцы былі ў лагеры, калі яго разбудоўвалі. Паводле іх слоў, ён выглядае месцам для часовага перабывання вайскоўцаў.
«Нам кажуць, што «госці» ненадоўга. Нібы прабудуць да зімы, а потым іх некуды адправяць. Мы і самі спадзяемся на тое. Узімку жыць у намётах нясоладка, а ў нас жа пакуль не вайна, каб цярпець салдатам такія выпрабаванні. Развітаемся без шкадавання», — кажа жыхар Цэлі.
Цэль — гэта сама вёска і вайсковы гарадок, у якім да 2018 года дыслацыравалася 465-я ракетная брыгада, з прылеглымі да вайсковай часці дамамі для афіцэраў.
Вяскоўцы пра наёмнікаў кажуць, што яны падобныя да ваяўнікоў з фільмаў — такія ж брутальныя і пагрозлівыя. Па іх відаць, што «хлопцы з вайны» і да беларускіх вайскоўцаў не падобныя.
«У лагер калона прыехала дні два ці тры таму, — расказвае наступны суразмоўца. — Было тады ў лагеры тлумна. Чуўся рогат і мацюканне. Іх гаворка да нашай не падобная. Інтарэсу ў нас да іх няма. Без патрэбы не ходзім у вайсковы гарадок».
Пра знаходжанне ў Асіповіцкім раёне «вагнераўцаў» 16 ліпеня паведаміла і раёнка.
«Прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі Яўгена Прыгожына, якая ўдзельнічала ў ваенных дзеяннях ва Украіне на баку Расіі, з'яўляюцца інструктарамі па некаторых вайсковых дысцыплінах для байцоў беларускіх тэрытарыяльных войскаў у лагеры пад Асіповічамі», — даводзілася ў публікацыі.
Наколькі вядома, ідэолагі загадалі мясцовай прэсе дазіравана даваць інфармацыю аб тым, чым займаюцца наёмнікі ў Беларусі, каб супакойваць насельніцтва.
«Вагнераўцы» «перадаюць свой досвед» беларускім вайскоўцам на асіповіцкім палігоне. Ад Цэлі да яго паўтара дзясятка кіламетраў.
«Нашаму спакойнаму жыццю, відаць, прыйшоў канец. Ужо паболела мітусні. Часцей зʼяўляецца ў нас міліцыя, з вайсковага гарадка ўвечары чуецца музыка. Пакуль незразумела, што нас чакае», — разгублена выказваецца жыхарка Цэлі.
Пра размяшчэнне «вагнераўцаў» у Асіповіцкім раёне паведаміла 26 чэрвеня расійскае выданне «Вёрстка».
Журналісты неўзабаве высветлілі, што меркаваным месцам дыслакацыі наёмнікаў можа стаць вайсковы гарадок у вёсцы Цэль. Мясцовыя жыхары расказалі пра тое, што яго пачалі парадкаваць.
Пазней зʼявіліся фотаздымкі лагера з трыма сотнямі намётаў, які быў разгорнуты пасля 24 чэрвеня. Адзін намёт разлічаны на 60 чалавек.
7 ліпеня памочнік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Леанід Касінскі спрабаваў дэзавуяваць інфармацыю аб размяшчэнні ў Асіповіцкім раёне «вагнераўцаў». Ён пераконваў, што канчатковае рашэнне не прынята, а лагер «уладкоўваўся для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі ў рамках разгортвання сістэмы тэрытарыяльнай абароны».
11 ліпеня Міністэрства абароны прызнала, што «вагнераўцы» заселяць лагер.
Днямі расійскія тэлеграм-каналы растыражавалі фота кіраўніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» Яўгена Прыгожына, які нібы начаваў у лагеры наёмнікаў пад Асіповічамі.
На гэты час вядома аб прыбыцці чатырох транспартных калон з «вагнераўцамі». Па беларускіх дарогах да месца дыслакацыі яны едуць пад разгорнутымі сваімі і расійскімі сцягамі.
ПВК «Вагнер» у дэмакратычным свеце лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй, вядомай злачынствамі ва Украіне. У яе шэрагах ваююць крымінальнікі, якіх завербавалі ў расійскіх турмах. Праславіліся «вагнераўцы» сваімі злачынствамі і ў іншых краінах, перадусім афрыканскіх.
«Вагнераўцы» ўжо бывалі ў Беларусі. У 2020 годзе тры
дзясяткі баевікоў былі затрыманы па падазрэнні ў падрыхтоўцы беспарадкаў. Калі пасля выбараў пачаліся пратэсты, іх
перадалі Расіі.