Беларусь — краіна мараў. Як правіла, няспраўджаных
Галоўнай падзеяй тыдня стала тое, што ў Сінявокую пачалі прыбываць «вагнераўцы» ў таварных колькасцях. На момант падрыхтоўкі матэрыялу налічылі ўжо дзевяць калонаў і каля 2500 асобаў. Кажуць, што іх будзе да 10 тысяч. Але, прыбыўшы сюды, іх кіраўніцтва адразу захварэла беларускай урадавай хваробай.
Яўген Прыгожын таксама прыляцеў у Беларусь, дзе і запісаў відэа — ці не першае з дня ягонага мяцяжу. І адразу ж заявіў: «Прынята рашэнне, што мы будзем знаходзіцца ў Беларусі нейкі час. За гэты час, я ўпэўнены, мы зробім беларускае войска другім войскам у свеце, а калі трэба, заступімся за іх, калі гэта спатрэбіцца».
Вось яна — традыцыйная беларуская ўрадавая хвароба: пабудаваць планаў і надаваць абяцанняў, якія ты не здолееш выканаць. А потым, у лепшым выпадку, патлумачыць, чаму гэта не адбылося, а ў горшым — зрабіць выгляд, што ты нічога не абяцаў.
Так, па інфармацыі нашага Мінабароны, «Вагнер» ужо дручыць беларускія Сілы спецыяльных аперацый на палігоне «Брэсцкі» ў адпаведным рэгіёне. Але для стварэння «другой арміі свету» адных інструктараў замала. Для ажыццяўлення мары Прыгожына трэба дзве рэчы, якія ў Беларусі дастаць вельмі складана, калі не ўвогуле немагчыма — гэта грошы і тэхналогіі.
З тэхналогіямі ў нас не вельмі. Дзве рэчы беларускі ВПК стварае добра і якасна — гэта оптыку і радыёэлектронныя прылады: радары для СПА, рацыі і гэтак далей. Усё астатняе, падаецца, не выходзіць за межы ваеннай выставы MILEX.
Так, мы стварылі гонар беларускай «абаронкі» — РСЗА «Паланэз». Гэта ці не адзіны ўзор, які пайшоў «у серыю». Аднак для гэтага РСЗА патрэбныя ракеты, якіх мы ствараць не навучыліся, і дагэтуль закупляем іх у Кітаі. Усе спробы стварэння ўласнай ракеты ні да чаго не прывялі.
Нам шмат паказвалі на тым жа MILEX і новыя БТРы «Волат», і БРДМ «Кайман». «Волат», прадстаўлены на выставе ў 2021-м, дагэтуль праходзіць палявыя іспыты. А тых жа «Кайманаў» (быў паказаны на MILEX у 2017-м) у беларускім войску — усяго 9 машын. За 6 гадоў — 9 машын, уявіце!
Затое іх прадаюць у краіны Афрыкі, там іх, паводле Вікіпедыі, каля 60 штук. А цяпер і таго не будзе, бо стварэнне «Кайманаў» было спыненае ў 2021 годзе з-за таго, што Беларусь патрапіла пад санкцыі ЕС, і Фінляндыя адмовілася пастаўляць нам бранявыя лісты для гэтых машын. А БМЗ, у які ўбухалі шалёныя грошы, браню рабіць так і не навучыўся.
У нас даволі моцная (паводле экспертаў) сістэма распрацоўкі беспілотнікаў. Але гэтыя беспілотнікі таксама не выходзяць за межы «вопытных узораў». Таму нашыя ваенныя і грамадзянскія чыны крыху сарамліва зацікавіліся іранскімі распрацоўкамі, якія былі «патаемна» прадстаўленыя на апошнім MILEX.
Быў нават сумесны з Украінай праект стварэння супрацьтанкавых гранатамётаў. Але ён загнуўся, і ўкраінцы давялі да розуму сваю сістэму «Стугна». У Беларусі айчыннага гранатамёта няма.
А памятаеце такую дыверсійную машыну 2Т «Сталкер»? Выдатная штука, якую стварылі яшчэ ў 2000-м, корпус па тэхналогіі «стэлс», незаўважны для радараў, супрацьтанкавыя і супрацьпаветраныя ракеты, аўтаматычная пушка, аўтаматычны гранатамёт, аўтаматычны кулямёт, 95 кіламетраў у гадзіну, запас хода да тысячы кіламетраў! Проста казка, а не машына! Але яна атрымалася настолькі дарагой, што нават на выставе ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах шэйхі, пацокаўшы языкамі і паставіўшы ёй найвышэйшыя адзнакі, яе не набылі…
І беларускаму войску яна аказалася тым больш не па кішэні.
Так што ў санкцыйнай Беларусі не будзе тэхналогій для новага ўзбраення. І яшчэ больш іх не будзе ў сувязі з падрыхтаваным ЕС новым пакетам санкцый, куды зброевыя тэхналогіі ўвайшлі ў вялікім аб’ёме.
Ну і, канешне ж, грошы. Наша войска, думаю, з задавальненнем закупіла б і «Сталкеры», і «Кайманы», калі б у яго на гэта былі грошы. А іх не хапае на самае элементарнае. Памятаеце пра «аптэчку, лепшую за ўзоры NATO»? Колькі яе закупіла Міністэрства абароны? 2400 штук на 65-тысячнае беларускае войска.
Так што мары Прыгожына пра стварэнне «другой арміі свету» з беларускага войска проста вырачаныя на правал. Скончацца гэтыя планы, хутчэй за ўсё, стандартным пытаннем Прыгожына: «Саша, дзе снарады?!»
І добра, што кіраўнік «Вагнера» ўжо падрыхтаваў сабе «шлях да адступлення» пасля невыканання абяцанкаў, заявіўшы ў тым жа відэа: «Далей рыхтуемся, павышаем свой узровень і ў новы шлях — у Афрыку». Маўляў, мы з зрабілі з вас «другую армію свету», але выбачайце, не паспелі, нам трэба ляцець далей, дзякуй і да пабачэння!
Але не толькі Прыгожын марыць пра недасягальнае. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў пра намер стварыць беларуска-расійскі самалёт. Па яго словах, узор двухматорнага лёгкага шматмэтавага самалёта павінен з'явіцца праз тры гады, а праз 4-5 ён павінен паляцець у саюзнай паветранай прасторы.
Мне вось цікава: краіна, якая не здолела зрабіць айчынны легкавік, сапраўды будзе вырабляць самалёты? Асабліва тады, калі з-за пасадкі Ryanair і саўдзелу Беларусі ў нападзе на Украіну ў яе не толькі лізінгавыя самалёты забралі, але і запчасткі, і кампаненты для авіябудаўніцтва не пастаўляюць?
Але галоўнае пытанне — навошта нам вынаходзіць ровар? Стварэнне айчыннага альбо «саюзнага» самалёта — гэта ж сапраўды «ровар», бо ў свеце такіх распрацовак за гады існавання авіяцыі — безліч.
Вось, напрыклад, мара Галоўчанкі стаіць цяпер у Мінску, у музеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта самалёт Лі-2, які лётаў да партызанаў — і двухматорны, і лёгкі, і шматмэтавы: ад транспарту да бамбавіка. Праўда, насамрэч гэта быў не Лі-2, а Douglas DC-3 з ЗША, які выпускаўся ў СССР па штатаўскай ліцэнзіі з новым імем, але гэта ўжо дэталі. Галоўнае, што мара Галоўчанкі ўжо была спраўджаная за 90 гадоў да яго ідэі (ліцэнзія на Douglas DC-3 была атрыманая СССР у 1936 годзе).
Ну і, канешне, не адстаў у сваіх фантазіях Аляксандр Лукашэнка. Праўда, тут мы не пачулі анічога новага, паколькі ён у чарговы раз запатрабаваў «канчаткова вызначыцца» з пабудовай у Расіі беларускага порту. А можа, і не порту. А можа, і не пабудовай. «Неабходна канчаткова вызначыцца, што трэба — будаваць тэрмінал, порт або мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачынаць працу. Наколькі я ведаю, дзесьці пад Ленінградам мы і будуем, і мадэрнізуем. Пад Мурманскам пакуль целяпаемся», — сказаў Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай экспарту калійных угнаенняў і будаўніцтву партовай інфраструктуры ў Расіі для патрэб Беларусі.
Канешне, цікава, што для Лукашэнкі ўсё яшчэ існуе горад Ленінград. Але больш цікава, што і месяца не прайшло пасля заявы амбасадара Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога пра бессэнсоўнасць будаўніцтва нейкага адзінага порта для беларускіх грузаў.
А значыць, ва ўладзе самі не ведаюць, чаго хочуць. І гэтая мара пра порт, напэўна, таксама застанецца марай.