Галоўчанка і MILEX «пракалоліся», і могуць падпасці пад «другасныя санкцыі» ЗША і ЕС?

Тэлеграм-канал, які маніторыць ваенную актыўнасць у Беларусі, звярнуў увагу, што ў час асвятлення выставы MILEX-2023 у Мінску прапагандысты абыходзілі ўвагай зброю і тэхніку іранскай і кітайскай вытворчасці. А цяпер прапагандысты СБ і Белта выдалілі згадкі, што Раман Галоўчанка наогул наведваў іранскі стэнд на MILEX.

Стэнд Ірана на MILEX-2023 / voennoedelo.com

Стэнд Ірана на MILEX-2023 / voennoedelo.com


Напрыклад, у навіне на Белце была такая фраза: «Акрамя таго, прэмʼер-міністр спыніўся ля стэнда, дзе былі прадстаўленыя іранскія распрацоўкі ў галіне ВПК. Раман Галоўчанка паразмаўляў з прадстаўнікамі Ірана, якія ў падрабязнасцях распавялі яму пра прадстаўленыя на стэндзе экспанаты».

У бягучай версіі яе ўжо няма, але кэш захоўвае ўсё.

photo_2023_05_20_12_03_40_2.jpg


Дарэчы, падобная сітуацыя і з наведваннем іранскага стэнда Віктарам Хрэніным разам з Аляксандрам Вольфавічам. Фота знайсці можна, але акцэнт на гэтым не робіцца ад слова зусім. Вось, напрыклад, Хрэніна і Вольфавіча, мяркуючы па фота, зацікавіў узброены іранскі БПЛА Shahin.

А на іншым фота Віктар Хрэнін знаёміцца з перавагамі іранскіх ракет Basir калібра 155 мм, якія маюць далёкасць дзеяння 700 км і абсталяваны галоўкай з аптычным дэтэктарам.

photo_2023_05_20_12_03_40.jpg


Ёсць яшчэ два допісы з розніцай у 2 хвіліны. У 17:22 Галоўчанка спыніўся ля стэнда з іранскімі распрацоўкамі ў галіне ВПК. Праз хвіліну гэты допіс выдаляецца, і ў 17:24 Галоўчанка ўжо «надаў увагу» не іранскаму, а кітайскаму стэнду.

photo_2023_05_20_12_33_03.jpg


Дарэчы, тэлеграм-канал @paradachak піша, што ў матэрыялах прапаганды была і такая фраза: «Ён дэталёва агледзеў стэнд міністэрства абароны Ірана, дзе былі паказаныя ракетныя сістэмы, буйнакаліберная аўтаматычная зброя, акумулятары для ракет».

Мяркуючы па ўсім, гэта было ў СБ, але ізноў жа зараз там гэтай фразы няма.

Тым не менш можна меркаваць, што Галоўчанка азнаёміўся з іранскімі 155-мм ракетамі Basir і ПТРК Almas1, які называюць аналагам амерыканскага ПТРК Javelin. А пад «буйнакалібернай аўтаматычнай зброяй», хутчэй за ўсё, разумеецца іранскі авіяцыйны кулямёт 50-га калібра.


Санкцыі так «не працуюць», што іх спужаліся?

Справа, хутчэй за ўсё, у тым, што адносна Ірана даўно ўжо дзейнічаюць жорсткія санкцыі адносна тэхналогій і «прадкукцыі падвойнага прызначэння», якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці зброі. Тое, што іранскі стэнд з’явіўся на выставе MILEX, сведчыць пра тое, што Беларусь, арганізатары ваеннай выставы і прэм’ер-міністр краіны, які наведаў гэтыя стэнды, парушаюць санкцыйны рэжым адносна Ірана.

Таму, імаверна, першапачаткова пераліку іранскіх кампаній не было ні ў спісе ўдзельнікаў на сайце выставы, ні ў фірмовым буклеце. Іх удзел быў «засакрэчаны», хоць яны і былі прадстаўлены там з вялікай колькасцю тэхнікі.

Але прапагандыстам пра гэта паведаміць забыліся. Таму яны спачатку з гонарам пісалі пра наведванне Галоўчанкам і іншымі афіцыйнымі асобамі «іранскага стэнду», якога, па ідэі, увогуле «не павінна было існаваць».

Цяпер усіх, хто наведваў гэты стэнд, ЕС і ЗША могуць уносіць у «другасныя» санкцыйныя спісы — за парушэнне санкцыйнага рэжыму адносна Ірана.


А што паказаў Іран на MILEX?

Асаблівая ўвага на гэтай выставе была нададзена дронам з Ірана: ісламская рэспубліка прадставіла цэлы спектр БПЛА – ад разведвальных да ўдарных.

Іран паказаў там узброены беспілотны лятальны апарат Shahin, які можа скідаць чатыры трыкілаграмовыя беспілотнікі-камікадзэ. Shahin зацікавіў і міністра абароны РБ Віктара Хрэніна, які разам з сакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вольфавічам уважліва слухаў тэхнічныя характарыстыкі.

Акрамя БПЛА Shahin, Іран паказаў на выставе і іншыя дроны, прыклад: іранскі БПЛА Mohajer-6. Яго серыйны нумар — P071A-007. Праўда, паказаны быў макет, а не поўнапамерны Mohajer-6.

Таксама іранскія вытворцы паказалі і розныя боегалоўкі і снарады, да прыкладу, 155-мм ракету Basir, якая зʼяўляецца апошнім узорам ракет класа Zulfikar. Яны маюць далёкасць дзеяння 700 км і абсталяваны галоўкай з аптычным дэтэктарам, здольнай паражаць караблі ў моры.

ПВіктар Хрэнін каля іранскага снарада

ПВіктар Хрэнін каля іранскага снарада


Прадстаўнікі Ірана прадставілі і супрацьтанкавы ракетны комплекс (ПТРК) Almas1, які існуе ў двух тыпах: авіяцыйны і пераносны. Выкарыстоўваныя ў Almas1 супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты (ПТУР) абсталяваныя тандэмнай баявой часткай і здольныя знішчаць мэты суперніка на адлегласці да 8 кіламетраў.

Адзначым, што авіяцыйныя версіі ПТРК Almas1 прымяняюцца з тых самых беспілотнікаў Mohajer-6, якія былі прадстаўленыя макетам, і здольныя паражаць ваенную тэхніку. Па шэрагу параметраў яго называюць аналагам амерыканскага ПТРК Javelin ці ізраільскага Spike. Згодна заяўленым тактыка-тэхнічным характарыстыкам (ТТХ), тандэмная баявая частка ПТУР здольная прабіць 600 мм. броні.

І яшчэ быў прадстаўлены чатырохствольны авіяцыйны кулямёт калібра 12,7×108 мм. прадэманстравала іранская кампанія I.R.Iran. Вядома, што ён прызначаны для ўстаноўкі на верталёты і марскія судны.

У кулямёта чатыры ствалы даўжынёй 1 002 мм, поўная маса прылады складае 44 кг. Таксама вядома, што дзякуючы электрычнаму прываду ствалоў прылада мае два рэжыму працы. У першым кулямёт здольны выпускаць да 1500 куль у хвіліну, а ў другім — 2500. Таксама вядома, што навінка мае два варыянты картрыджаў: на 200 і 400 патронаў.

Па словах прадстаўніка іранскай дэлегацыі Рэза Алізадэ, удзел у MILEX-2023 дае Ірану магчымасць прадставіць дасягненні і прадукты ў галіне электронікі, баявых электронных сістэм сувязі, розных тыпаў дронаў і розных тыпаў зброі, ракет, лёгкага і цяжкага ўзбраення і іншых сістэм ваеннага прызначэння.