758-мы дзень вайны: расіяне запусцілі 150 ракет па Украіне

Самае галоўнае за мінулыя суткі: акупанты пашкодзілі «ДнепраГЭС» і здзейснілі атаку на Кіеў, а звычайныя расіяне данацяць на дроны для ўкраінцаў.

Фота з Telegram-каналу «Мариуполь сейчас»

Фота з Telegram-каналу «Мариуполь сейчас»

***

Расійскія акупанты ўдарылі па гідразбудаваннях і па дамбе «ДнепраГЭС» у Запарожскай вобласці, цяпер ратавальнікі тушаць пажар на станцыі, але пагрозы прарыву дамбы няма.

Рух аўтамабіляў праз плаціну перакрылі. Расійская ракета трапіла ў тралейбус, які рухаўся праз дамбу, пацярпелі дзясяткі чалавек. інфармацыі пра загінулых няма.

Пажар на станцыі працягваецца. На месцы працуюць ратавальнікі і энергетыкі, якія пераадольваюць наступствы шматлікіх авіяўдараў. 

«Пагрозы прарыву няма. Сітуацыя на дамбе станцыі кантралюемая», — адзначылі ў Укргідраэнерга.

***

У ноч на 22 сакавіка расійскія акупацыйныя войскі выпусцілі па Украіне больш за 60 дронаў-камікадзэ тыпу «Shahed» і амаль 90 ракет розных тыпаў.

Украінская супрацьпаветраная абарона знішчыла 92 аб'екта ворага са 151: 55 дронаў-камікадзэ, 35 крылатых ракет Х-101/Х-555 і 2 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59.

***

Расіяне выпусцілі 31 ракету па Кіеве.

Войскі РФ здзейснілі масіраваную ракетную атаку на Кіеў. Сілы ўкраінскай СПА знішчылі ўсе ракеты, выпушчаныя ў напрамку сталіцы. Сярод 31 ракеты, якімі вораг атакаваў Кіеў, была адна ракета Іскандэр-М і адзін «кінжал». Ад падзення абломкаў пацярпелі 13 чалавек, сярод іх адно дзіця. У трох раёнах горада былі пашкоджаныя будынкі і аўтамабілі, узніклі пажары.

***

Раніцай 22 сакавіка акупанты трапілі ў аб'ект крытычнай інфраструктуры на Франкаўшчыне; у Хмяльніцкай вобласці пашкодзілі аб'екты інфраструктуры, ёсць загінулыя.

Пад масіраваны ракетны ўдар 22 сакавіка патрапілі Запарожжа, Харкаў, Крывы Рог. Ёсць прылёты ў Вінніцкай, Хмяльніцкай абласцях. У некалькіх гарадах пачаліся праблемы з электразабеспячэннем. 

У Івана-Франкоўскай вобласці адбыліся пападанні па аб'ектах крытычнай інфраструктуры. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў адзін чалавек.

У Хмяльніцкай вобласці ад атак расіян пашкоджаны аб'ектаў інфраструктуры і жылых дамоў. Ёсць загінулыя і пацярпелыя сярод грамадзянскіх. Пад заваламі працягваюць шукаць людзей.

***

За мінулыя суткі сілам абароны Украіны ўдалося абясшкодзіць 870 акупантаў, 26 артылерыйскіх сістэм, 37 баявых браніраваных машын і 8 танкаў, паведамляе Генштаб УСУ ў Facebook.

Агульныя баявыя страты расіян з 24.02.22 па 22.03.24 арыентыровачна склалі:

  • асабовага складу — каля 434 710 (+870) чалавек,
  • танкаў — 6840 (+8) адз.,
  • баявых браніраваных машын — 13 111 (+37) адз.,
  • артылерыйскіх сістэм — 10 775 (+35) адз.,
  • РСЗА — 1018 (+0) адз.,
  • сродкаў СПА — 723 (+2) адз.,
  • самалётаў — 347 (+0) адз.,
  • верталётаў — 325 (+0) адз.,
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8388 (+23) адз.,
  • крылатых ракет — 1953 (+31) адз.,
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.,
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.,
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 14 287 (+45) адз.,
  • спецыяльнай тэхнікі — 1749 (+8) адз.

***

МВФ выдзеліў Украіне транш у памеры $880 мільёнаў.

Савет дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду ўхваліў выдзяленне Украіне чацвёртага траншу на суму прыкладна 880 мільёнаў даляраў у рамках праграмы пашыранага фінансавання (EFF). Грошы павінны паступіць ва Украіну на працягу двух-трох дзён. Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, гэтыя грошы пакрыюць найважнейшыя бюджэтныя выдаткі і дапамогуць захоўваць макрафінансавую стабільнасць.

***

У НАТА заклікалі Украіну правесці мабілізацыю.

Украінская армія мае патрэбу не толькі ў вялікай колькасці зброі, але і ў людзях. Таму неабходна правесці дадатковую мабілізацыю. Пра гэта сказаў кіраўнік вайсковага камітэта NATO адмірал Роб Баўэр на форуме бяспекі ў Кіеве. Баўэр лічыць, калі паглядзець на факты, то ёсць усе прычыны лічыць, што Украіна здольная атрымаць поспех у вайне з Расіяй.

***

Сырскі заявіў аб стабілізацыі на фронце.

Украінскім войскам удалося стабілізаваць сітуацыю на ўсходзе дзяржавы. Пра гэта сказаў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі падчас тэлефоннай размовы з начальнікам Аб'яднанага штаба Узброеных сіл Францыі генералам арміі Цьеры Бюркарам.

***

Падчас «выбараў Пуціна» расіяне данацілі на дроны для ГУР.

Падчас Міжнароднага дабрачыннага збору на набыццё чарговай партыі ударна-разведвальных беспілотнікаў «Сыч» для падраздзяленняў ГУР Украіны самымі актыўнымі нечакана апынуліся грамадзяне Расіі. Пра гэта ў чацвер, 21 сакавіка, паведаміла прэс-служба ГУР. «За чатыры дні да валанцёрскай акцыі, якую праводзіць тэлеканал Freedom, далучыліся амаль 3000 чалавек. З іх — 1538 расіян, у тым ліку 200 масквічоў, якія адсканавалі qr-код з экранаў сваіх тэлевізараў і гаджэтаў. Сімвалічна, што пік данатаў на дроны для ўкраінскіх выведнікаў ад грамадзян дзяржавы-агрэсара супаў з правядзеннем так званых «выбараў Пуціна», — гаворыцца ў паведамленні.

***

Дэмакраты не супраць падтрымаць Украіну ў крэдыт.

Члены Дэмакратычнай партыі ЗША ў абедзвюх палатах Кангрэса гатовыя падтрымаць ідэю аказання дапамогі Украіне ў крэдыт. Гэта неабходна, каб выйсці з «тупіка», паведамляюць СМІ. Адзначаецца, што крэдыт дагэтуль з'яўляецца непажаданым варыянтам для дэмакратаў. Яны заклікаюць прыняць пакет экстранай замежнай дапамогі, прыняты Сенатам у мінулым месяцы, які ўключае 60 мільярдаў долараў дапамогі для Украіны. Аднак дэмакраты ўсё ж гатовыя падтрымаць «крэдытную стратэгію» Майка Джонсана, калі тая дазволіць выйсці Кангрэсу з «тупіка».