1038-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: спецаперацыя ГУР па ліквідацыі расійскіх афіцэраў і салдат КНДР ва ўкраінскім палоне

За мінулыя суткі Расія здзейсніла масіраваны ўдар па памежнай тэрыторыі — абстрэлу падверглася Сумшчына. Ёсць ахвяры.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Паводле звестак украінскіх аналітыкаў з «DeepState», расійцы акупавалі Украінку ў Данецкай вобласці.

«Вораг акупаваў Украінку, а таксама прасунуўся ў Дачэнскім, Курахове, Лісоўцы, каля Пясчанага, Новавасільёўкі, Новаелізаветаўкі, Сонцаўкі».

***

Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на тое, што кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін адхіліў прапанову, якую распрацоўвае каманда новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, адносна магчымага мірнага плана. Трамп прапаноўваў адкласці сяброўства Украіны ў NATO мінімум на дзесяць гадоў як умову спынення вайны ва Украіне.

Кіраўнік Крамля заявіў, што не мае значэння, ці ўступіць Украіна ў NATO «сёння, заўтра ці праз 10 гадоў».

«Заява Пуціна ад 26 снежня з'яўляецца часткай серыі каментароў, якія ён зрабіў апошнім часам, пацвярджаючы сваю адмову разглядаць кампрамісы што да ягоных патрабаванняў на канец 2021 — пачатак 2022 гадоў.

Гэтыя патрабаванні ўключаюць прымус Украіны стаць пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая ніколі не ўступіць у NATO, увядзенне жорсткіх абмежаванняў на колькасць украінскага войска і адхіленне ўкраінскай улады».

***

Журналісты «Financial Times» высветлілі, што вытворца міжкантынентальных балістычных ракет Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі і канцэрн «Сузор'е» ўсё яшчэ залежаць ад замежных тэхналогій, якія падпадаюць пад заходнія санкцыі.

Паводле сцвярджэння ўкраінскай выведкі, гэтыя арганізацыі адказваюць за распрацоўку эксперыментальнай балістычнай ракеты «Арэшнік».

Як вынікае з публікацыі FT, МІЦ і «Сузор'е» ў аб'явах аб найманні ў 2024 годзе паведамлялі, што працуюць з японскай сістэмай «Fanuc» і нямецкімі «Siemens» і «Haidenhein». Усе тры кампаніі вырабляюць сістэмы кіравання для станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем (ЧПУ).

Сістэма «Fanuc» была таксама заўважаная на відэа цэнтра «Тытан-барыкады» — яшчэ адной кампаніі, якая ўдзельнічае ў вытворчасці «Арэшніка», піша выданне.

«Haidenhein» выкарыстоўвае кампанія «Стан», якая спрабуе наладзіць вытворчасць станкоў з ЧПУ ў Расіі.

FT адзначае, што спыненне паставак у Расію абсталявання з такімі сістэмамі было прыярытэтным для краін Захаду. Аднак, паводле звестак газеты, з пачатку 2024 года ў Расію паступіла абсталяванне з кампанентамі «Heidenhain» мінімум на 3 млн. долараў.

***

Выведка Паўднёвай Карэі пацвердзіла захоп украінскімі вайскоўцамі параненага паўночнакарэйскага салдата, які ваяваў на баку Расіі.

«Дзякуючы абмену інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу з выведвальнай службай сяброўскай краіны (мы) пацвердзілі захоп параненага паўночнакарэйскага салдата і плануем старанна вывучыць далейшае развіццё падзей».

Гэтае пацвярджэнне з'явілася пасля апублікаванага напярэдадні ў сеціве паведамлення пра захоп УСУ вайскоўца КНДР у палон у Курскай вобласці РФ.

Фота нібыта захопленага ў палон паўночнакарэйскага салдата, які, як мяркуецца, атрымаў раненні, было распаўсюджана ў Telegram. Падрабязнасцей пра стан і статус салдата не было. Пазней выведка Паўднёвай Карэі, спасылаючыся на інфармацыб ад «сяброўскай краіны», паведаміла, што палонны салдат КНДР памёр:

«Мы пацвердзілі праз выведвальную арганізацыю сяброўскай краіны, што паўночнакарэйскі салдат, захоплены жывым 26 снежня, памёр нядаўна, паколькі яго (звязаны з раненнем) стан пагоршыўся».

***

За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 171 боесутыкненне, самая «гарачая» сітуацыя — на Пакроўскім, Курахоўскім і Урэмаўскім кірунках, якія расійскія захопнікі атакавалі ў цэлым амаль 90 разоў, паведамляе Генштаб УСУ.

У ноч на 27 снежня (з 19:00 26 снежня) расійцы атакавалі Украіну 2 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», 24-ма ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі іншых тыпаў; 13 дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 11 не дасягнулі сваіх цэляў.

Паведамляецца, што захопнікі выпусцілі ракеты з Варонежскай і Курскай абласцей Расіі, а дроны запускалі з ваколіц расійскіх гарадоў Арол, Бранск і Мілерава.

Акрамя таго, Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі знішчылі 1 650 вайскоўцаў, 22 артылерыйскія сістэмы, 18 ББМ і 14 танкаў РФ. Таксама было знішчана 82 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў, 28 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, 1 сродак СПА і 1 адзінка спецтэхнікі. 

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ украінскія абаронцы абясшкодзілі ўжо каля 782 510 акупантаў, знішчылі 9 644 танкі, 19 951 баявую браніраваную машыну, 21 379 артылерыйскіх сістэм, 1 031 сродак СПА, 20 999 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, 31 262 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў і 3 668 адзінак спецыяльнай тэхнікі.

***

Сілы абароны Украіны ліквідавалі траіх афіцэраў кіруючага саставу расійскіх войскаў на часова акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.

«Тры афіцэры кіруючага саставу расійскіх акупацыйных войскаў ліквідаваныя ў выніку паспяховай аперацыі Дэпартамента актыўных дзеянняў Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, Службы бяспекі Украіны, Сіл беспілотных сістэм УСУ і аператыўнай групоўкі войскаў "Таўрыя"».

Адзначаецца, што супрацоўнікі ГУР атрымалі інфармацыю пра запланаваную сустрэчу з удзелам афіцэраў камандавання 4-й гвардзейскай вайсковай базы акупацыйных сіл РФ, якія ўдзельнічаюць у злачыннай вайне супраць Украіны ў Запарожскай вобласці.

Пасля праверкі і пацвярджэння даных ваенныя выведчыкі распрацавалі план аперацыі, да якой сіламі і сродкамі далучыліся АГВ «Таўрыя», СБС і тактычная група «Тайфун» СБУ.

Адразу пасля пачатку палявой нарады акупантаў па расійскіх афіцэрах і іх транспартных сродках нанеслі высокадакладны ўдар з «HIMARS», а пасля прыбыцця групы эвакуацыі захопнікаў атакавалі ўдарныя дроны ўкраінскіх Сіл бяспекі і абароны.

Паведамляецца, што ў выніку аперацыі ліквідаваныя трое афіцэраў расійскіх акупацыйных войскаў — а менавіта: Нагорны Дзмітрый, камандзір 1 батальёна 135-га мотастралковага палка УС РФ; Рыгор Крахмалёў, намеснік начальніка штаба па выведцы, начальнік выведкі 135-га мотастралковага палка УС РФ, і камандзір зенітнай батарэі 4-й гвардзейскай вайсковай базы УС РФ капітан Юрый Фамін.

Таксама знішчана 5 адзінак аўтамабільнай тэхнікі акупантаў.

***

На працягу мінулага дня расійцы здзейснілі 169 абстрэлаў Сумскай вобласці, у выніку чаго зафіксавана больш за 300 выбухаў, загінулі два чалавекі, ёсць пашкоджанні, паведамляе ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.

«Зафіксавана 311 выбухаў. Абстрэлам падвергліся Сумская, Хоцінская, Белапольская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Новаслабадская, Пуціўльская, Бярозаўская, Есманьская, Шалыгінская, Дружбаўская, Сярэдзінна-Будская грамады».

Па Краснапольскай грамадзе расійцы ажыццявілі мінамётныя абстрэлы, атаку FPV-дронамі, пуск КАБаў, артылерыйскія абстрэлы, скідалі ВОГ з БпЛА. Агулам — 120 выбухаў. У выніку абстрэлу адбылося разбурэнне і ўзгаранне прыватнага дома. Адзін чалавек загінуў.

У Сярэдзінна-Будскай грамадзе зафіксавалі мінамётныя абстрэлы, атакі FPV-дронамі, скід ВОГ з БпЛА — 47 выбухаў. У выніку абстрэлаў пашкоджаны шматкватэрны дом, прыватны жылы дом.

Па Есманьскай грамадзе вораг біў з мінамётаў, артылерыі, FPV-дронамі — 12 выбухаў.

На Вялікапісараўскую грамаду акупанты скідалі ВОГ з БпЛА, ажыццявілі мінамётныя абстрэлы, артабстрэл, абстрэл НАР, атаку FPV-дронаў — 73 выбухі.

Па Бярозаўскай грамадзе расійцы ўдарылі з артылерыі — 3 выбухі.

На Дружбаўскую грамаду ажыццявілі атаку FPV-дронамі — 2 выбухі.

Белапольскую грамаду акупанты атакавалі FPV-дронамі, ажыццявілі мінамётны абстрэл, скід ВОГ з БпЛА — 16 выбухаў.

У Шалыгінскай грамадзе зафіксаваная атака FPV-дрона — 1 выбух.

Таксама расійцы нанеслі ракетны ўдар па Сумскай грамадзе, атакавалі беспілотнікам. У выніку атакі пашкоджаны прыватны дом.

На Хоцінскую грамаду ажыццёўлены скід ВОГ з БпЛА, пускі КАБаў, быў мінамётны абстрэл — 33 выбухі.

На Новаслабадскую і Пуціўльскую грамады адбыліся атакі FPV-дронамі — 2 выбухі.

Акрамя таго, у выніку ратавальнай аперацыі пазней пад заваламі прыватнага дома ў адным з памежных населеных пунктаў Сумскага раёна знайшлі цела яшчэ аднаго загінулага, паведамляе ДСНС Украіны.

***

Сродкі СПА РФ мінулай ноччу нібыта збілі 13 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй пяці абласцей, паведамляе расійскае Мінабароны.

«Дзяжурнымі сродкамі СПА знішчаныя 13 украінскіх беспілотных лятальных апаратаў: пяць БПЛА збітыя над тэрыторыяй Бранскай вобласці, тры — над тэрыторыяй Курскай вобласці, па два — над тэрыторыямі Белгародскай і Тульскай абласцей і адзін — над тэрыторыяй Астраханскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле даных кіраўніцтва Курскай вобласці, на тэрыторыі рэгіёна таксама збілі ракету.

«Расавіяцыя» таксама паведамляе, што ў аэрапортах Сочы і Казані ўведзеныя часовыя абмежаванні. Прычына не называецца, але ведамства ўдакладняе, што гэта робіцца «для забеспячэння бяспекі палётаў».

У аэрапорце Казані ўжо ўводзілі абмежаванні ў сераду, калі расійскія ўлады зрабілі справаздачу аб знішчэнні 59 украінскіх дронаў.

Паводле даных расійскіх СМІ, абмежаванні ўводзіліся таксама ў аэрапортах Валгаграда і Астрахані.