Як «Шчодрык» стаў сімвалам Пакроўска — украінскага горада, які разбурае расійскае войска
Горад Пакроўск у Данецкай вобласці Украіны лічыцца радзімай «Шчодрыка», аднаго з самых вядомых у свеце калядных гімнаў, або калядак. За межамі Украіны ён вядомы як Carol of the Bells (гэта значыць "гімн званочкаў"). Але сёлета ў Пакроўску мала што нагадвае пра Каляды. Толькі снег на бязлюдных вуліцах і драбах будынкаў — і няспынныя гукі моцнага абстрэлу, піша Джонатан Біл, Карэспандэнт BBC па пытаннях абароны.
Пакроўск — наступная мэта Расіі. Зараз расійскія войскі знаходзяцца менш як за тры кіламетры ад цэнтра горада.
Разбураюцца не толькі ўкраінскія будынкі і дамы. Украіна абвінавачвае Расію ў тым, што яна таксама спрабуе сцерці з зямлі яе культурную ідэнтычнасць — разам з вядомай ва ўсім свеце каляднай мелодыяй.
Большая частка насельніцтва Пакроўска ўжо пакінула горад. Газазабеспячэнне адключана, у многіх дамах няма электрычнасці і вады. Тыя, хто застаўся, у тым ліку 59-гадовы Ігар, выходзяць на вуліцу толькі дзеля таго, каб знайсці самае неабходнае.
Ён кажа, што гэта падобна на жыццё на парахавой бочцы — ніколі не ведаеш, калі і дзе ўпадзе наступны снарад.
43-гадовая Аксана кажа, што баіцца выходзіць з дому, але падчас зацішша ў абстрэлах выходзіць за дровамі і вуглём, каб сагрэцца.
Яна спадзяецца, што УСУ атрымаецца ўтрымаць горад, але не вельмі ў гэта верыць. Пакроўск, паводле яе слоў, хутчэй за ўсё, упадзе.
Горад падрыхтаваўся да горшага.
Помнік вядомаму кампазітару Мікалаю Леантовічу, аўтару Carol of the Bells, ужо перавезлі ў больш бяспечнае месца. Музычная школа, якая носіць яго імя, апусцела, вокны забітыя дошкамі.
Самога кампазітара на Захадзе ведаюць, магчыма, не так добра. Але мелодыя, якую ён напісаў, вядомая ва ўсім свеце — найперш яе вакальная партыя, якая нагадвае перазвон.
Лічыцца, што першыя партытуры твора, створанага на аснове ўкраінскай народнай песні, Леантовіч мог напісаць, калі жыў і працаваў у Пакроўску ў 1904–1908 гадах.
Ва Украіне гэтую песню ведаюць як "Шчодрык". Большай частцы свету яна стала вядома пад назвай Carol of the Bells, пасля таго як амерыканскі кампазітар украінскага паходжання Піцер (Петра) Вільгоўскі напісаў англійскі тэкст для песні. Выкарыстанне гэтай мелодыі ў галівудскім фільме "Адзін дома" спрыяла росту яе папулярнасці.
Вікторыя Аметава называе яе «шэдэўрам — візітнай карткай Пакроўска». Да нядаўняга часу яна таксама выкладала музыку ў горадзе, у школе, якая носіць імя Леантовіча.
Цяпер яна пераехала ў адносна бяспечнае Дняпро. Менавіта тут многія былыя жыхары Пакроўска імкнуцца захаваць успаміны аб сваім доме.
Пад выратаваным партрэтам Леантовіча Вікторыя назірае, як 13-гадовая Ганна Хасіч іграе на піяніна знаёмыя акорды калядкі.
Ганна і яе сям'я беглі з Пакроўска гэтым летам. Але яны не збіраюцца забываць месца, якое да гэтага часу называюць сваёй хатай.
Мама Ганны, Юлія, рада, што яе дачка вучыцца граць "Шчодрык". "Мы не забудзем гісторыю нашага горада", – кажа яна.
У Ганны з гэтай мелодыяй звязаныя многія ўспаміны. «Калі я грала яе дома, яна мне здавалася радаснай. Яна нагадвала мне пра зіму і Каляды, — кажа яна. — А цяпер яна для мяне больш сумная, таму што яна нагадвае дом, а я вельмі хачу дадому ».
Але для аднаго ўкраінскага ваеннага аркестра "Шчодрык" стаў песняй, якая дапамагае змагацца. Яе граюць нават у акопах – выкарыстоўваючы зброю як імправізаваныя музычныя інструменты.
Хаця ўсе чальцы аркестра па прафесіі музыкі, іх камандзір нагадвае мне, што яны ў першую чаргу салдаты. Усе яны ваююць на перадавой.
Кіраўнік аркестра і яго дырыжор, палкоўнік Багдан Задарожны, гаворыць, што песня ўзнімае настрой салдатам. "Гэтыя біты, гэтыя рытмы заводзяць рабят на перадавой і натхняюць іх на барацьбу", – кажа ён.
22-гадовы Раман энергічна трасе ў такт музыцы корпус гранатамёта, напоўнены рысам. "Шчодрык", паводле яго слоў, "гэта гонар нашай краіны, гэта свабода, яна ў нашай душы, у мяне мурашкі па скуры ад гэтага твора".
Па словах Задарожнага, «Шчодрык» паказвае, што Украіна — цывілізаваная краіна, якая цяпер знаходзіцца ў стане вайны і змагаецца за сваю ідэнтычнасць.
Цалкам можа адбыцца так, што расійцы захопяць Пакроўск. Але ягоныя жыхары робяць усё магчымае, каб захаваць сваю культуру і самавітасць.
Дырэктар Пакроўскага гістарычнага музея Ангеліна Ражкова ўжо выратавала і перавезла ў бяспечнае месца большую частку найкаштоўнейшых экспанатаў, уключаючы прадметы, якія захаваліся з часоў, калі ў Пакроўску жыў Леантовіч.
Расія, паводле яе слоў, хоча не проста захапіць тэрыторыю Украіны — "яна хоча знішчыць нашу культуру і ўсё, што нам дорага".
Жыхары Пакроўска разумеюць, што могуць ніколі не вярнуцца, «але нашае сэрца і душа гэтага не прымаюць», кажа Ангеліна. Таму яны робяць усё магчымае, каб захаваць мінулае. Іх новы дэвіз: "Захаваць і зберагчы — значыць перамагчы".
Цяжка казаць аб перамозе, калі твой горад разбураюць. Але яго жыхары, як і музыка Леантовіча, праяўляюць незвычайную стойкасць.
Жыццё Леантовіча раптоўна абарвалася ў 1921 годзе — яго застрэліў савецкі агент. Але яго твор стаў сімвалам барацьбы за незалежнасць Украіны.
І да гэтага часу застаецца такім.