«З’яўленне Інфанты» — у Людмілы Рублеўскай выйшла новая кніга

У Бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў» у выдавецтве «Кнігазбор» пабачыў свет новы зборнік пісьменніцы, крытыка, журналіста Людмілы Рублеўскай, куды ўвайшлі вершы, а таксама іранічныя мемуары «Бестыярый майго савецкага дзяцінства».



infanta_500.jpg

Філасофія, інтэлектуальнасць, шлях ад пафасу да горкай усмешкі і незнішчальны нацыянальны рамантызм — тое, што знаходзіцца ў цэнтры ўвагі аўтаркі і яе чытачоў.

У выданні сабраныя, як паведамляе анатацыя, “гістарычныя вершы-міфы пра Беларусь старасвецкую і рыцарскую, умоўныя вершы-“дакументы” пра Беларусь інсургенцкую, расстраляную… І рэаліі Беларусі сённяшняй, фантасмагарычныя і трагедыйныя, калі часам ратуе толькі іронія”.

***

Гэтак марыць, плавіць зоры ў талер,

Палюбіць уласнае рыззё,

Каб спазнаць, што Беларусь — не Алеф

Для сусвету, і не ўсё жыццё.

Толькі міф. Прыгожы і прыўкрасны.

Як жыццё, мне трэба гэты міф.

І таму выходзім мы на пляцы,

Быццам карабель ідзе на рыф.

Людміла Рублеўская

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"