Выстава пад адкрытым небам «Мастак і горад» адкрыецца ў Мінску 27 траўня
У гэтым годзе гарадскі выставачны праект «Мастак і горад» адкрыецца 27 траўня на пешаходнай вуліцы Камсамольскай і будзе прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.
«Мастак і горад» — гэта выстава ў фармаце public space, якая дазваляе жыхарам і гасцям нашай краіны бліжэй пазнаёміцца з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. Праект дзясяты год запар радуе мінчан і гасцей сталіцы; таксама за час свайго існавання выстава двойчы прыязджала ў Віцебск і адзін раз у Брэст — да 1000-годдзя горада.
У экспазіцыі бягучага года 34 работы, якія прадстаўляюць творчасць Леаніда Шчамялёва з 1960-х да пачатку 2000-х гадоў. У аснове вобразнай сістэмы творчасці Шчамялёва — чысты, светлы, звонкі каларыт і музычная гармонія мяккіх ліній.
Да адкрыцця выставы работы, якія будуць экспанавацца на Камсамольскай, можна паглядзець у віртуальнай галерэі на сайце праекта higminsk.by.
— Леанід Дзмітрыевіч пісаў свет такім, якім яго бачыў і ўяўляў. І кожны ў шчамялёўскім свеце можа знайсці і ўбачыць сваё, блізкае яго душы і сэрцу — незалежна ад прафесіі, узросту, сферы інтарэсаў, — расказала дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава.
У гонар 10-годдзя «Мастака і горада» арганізатары правялі экскурс у гісторыю праекта: на мальбертах у дворыку гарадской мастацкай галерэі Шчамялёва на дзень былі размешчаны фотаздымкі і тэкставае апісанне выстаў папярэдніх гадоў.
Выстава будзе даступная для жыхароў і гасцей сталіцы да 20 верасня. Традыцыйна рэпрадукцыі карцін будуць суправаджацца біяграфіяй аўтара і тэкставым апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.
Праект рэалізуецца Музеем гісторыі горада Мінска сумесна з камунікацыйнай кампаніяй GBS пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Восьмы год запар генеральным партнёрам экспазіцыі выступае банк ВТБ (Беларусь).