Ужо вядомыя зоркі «Finału WOŚP–2013» у Беластоку

"Znamy już gwiazdy «Finału WOŚP-2013» w Białymstoku!" Пад такім загалоўкам выйшла нядаўна экспрэс-навіна ў многіх польскіх музычных СМІ. Найбольш прыемна для нас, што ў кантэксце буйнейшага музычнага свята нашай заходняй краіны-суседкі ёсць і зоркі беларускай папулярнай музыкі, таму чытаем далей, публікуючы адтуль і адну з фотак (аўстрыйскую) да тае публікацыі.  



pawa_live.jpeg

Зоркамі фіналу «WOŚP–2013» у Беластоку (WOŚP — гэта Вялікі Аркестр Святочнай Дапамогі) стануць «Kobranocka» (Польшча), «Kontrust» (Аўстрыя) i «PAWA» (Беларусь). Зайграюць адмыслова для польскіх меламанаў і гасцей ужо 13 студзеня 2013 года на Пляцы Касцюшкі! Хто ж такія галоўныя героі імпрэзы?

Гурт «Kobranocka» памятаюць яшчэ фанаты польскага року 80-х гадоў. Гэты калектыў паўстаў у 1985 годзе ў Торуні, дзе, дарэчы, у 2005-м выступаў і наш «Tesaŭrus»  на фестывалі «SOS». Спярша, у эпоху татальнай папулярнасці панк-року, называўся «Latający Pisuar». Неўзабаве па дэбюце запісы «Kobranocki» з’явіліся на хвалях радыёстанцыі «Rozgłośnia Harcerska». У 1986–2005 гадах гурт шасцікратна выступаў на буйнейшым польскім рок-фестывалі ў Яроціне. Дагэтуль сягае да стылістыкі punk-rocka з надзвычай пацыфістычнымі тэкстамі. Галоўнай характэрнай рысай тэкстаў «Kobranocki» (пісаных зазвычай Анджэем Міхожэўскім, адмыслоўцам псіхіятрыі) ёсць іхняя абстракцыйная метафарычнасць. Найвялікшым гітом «Kobranocki» стала, аднак, песня, далёкая ад абранай стылістыкі — «Kocham cię jak Irlandię». Рок-гурт «Kobranocka» мае вялікі досвед супрацоўніцтва з «WOŚP», а пасля іхняга выступу на фестывалі «Przystanek Woodstock–2007» быў выдадзены неверагодны DVD. Харызматычныя канцэрты падчас «Finałów…» (напрыклад, Białystok–2005) заўжды былі сустраканыя цёплым прыёмам публікі.

Гурт «Kontrust» быў арганізаваны ў 2000 годзе ў Аўстрыі. Ужо ў 2001-м узяў удзел у адным тамтэйшым конкурсе, дзе заняў трэцяе месца. Да канца 2003 года гурт выдаў два мініальбомы, якія прэзентавалі хардкоравае гучанне. У 2005-м да «Kontrust» далучылася полька Agata Jarosz, а таксама басіст Gregor Kutschera (чысты аўстрыяк). У тым жа годзе з’явіўся іхні новы альбом з нечуваным дагэтуль ад іх гучаннем. На альбоме прысутнічалі творы ажно на шасці розных мовах, апрача таго прэзентавалася больш лагоднае за колішнія міні-альбомы гучанне. З таго часу самі пачалі характарызаваць сваю музыку як tribal crossover. У 2006 «Kontrust» атрымаў узнагароды «Austrian Newcomer Award» а таксама «Audience Award». «Kontrust» у свой час дзяліў сцэну з «Ill Niño» (былі таксама ў Мінску), «Biohazard», «Molotov», «Downset», «Sportfreunde Stiller», «Farmer Boys», «Emil Bulls», «Donots». 21 чэрвеня 2009-га гурт браў удзел у буйным аўстрыйскім «Nova Rock Festival». А 5 жніўня 2011-га «Kontrust» удзельнічаў у Польшчы ў XVII «Przystanku Woodstock» (адтуль, дарэчы, і фота). Гэты выступ адмыслоўцы назвалі адным з найлепшых на тым этапе фестывалю.

Фольк-мадэрн гурт «PAWA» — беларускі калектыў з Мінску. Іхняя музыка вытрымана ў клімаце elektronic folk з элементамі моцнага рокавага гучання. Гурт «PAWA» дэбютаваў у Польшчы на фестывалі «BASowiszcza» ў 2012 годзе, куды трапіў дзякуючы пуцёўцы, выйгранай на конкурсным аглядзе «Adboryszcza» ў Мінску. «PAWA» зрабіла надзвычайнае ўражанне на публіку праз свой энергетычны гукавы імідж, а таксама цудоўныя сцэнічныя строі. На дадзены момант «PAWA» мае ў сваім даробку паўнафарматны альбом, які імпэтна скарае не толькі беларускую музычную публіку, але таксама і польскую. У планах калектыву і канцэрты па ўсёй Еўропе. Ідзе таксама праца над другім альбомам.

Вось гэтак, поруч з сусветнымі зоркамі, ТАМ пішуць пра нашых, якіх дзякуючы радыё і тэлебачанню мы амаль не ведаем.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА, паводлеhttp://wosp.bialystok.pl