Ушанавалі памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага
Навукоўцы, асветнікі і грамадскія дзеячы ўзгадалі 70-гадовую дату з моманту расстрэлу ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. У Мінску адбылася канферэнцыя, арганізатарам якой выступіў аргкамітэт па
стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, расказала яе каардынатарка Валерыя Чарнаморцава.
"Вінцэнт Гадлеўскі ў свой час актыўна спрачаўся за стварэнне Беларускага нацыянальнага фронту. За сваю актыўную грамадскую пазіцыю ён і пацярпеў. 24 снежня 1942 года перад святочнай імшой
у касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску Вінцэнт Гадлеўскі быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і расстраляны ў Трасцянцы", — узгадала Валерыя Чарнаморцава.
— Была выніковая канферэнцыя, на працягу якой мы ўзгадвалі Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча. Таксама іншых дзеячаў першай беларускай хрысціянскай дэмакратыі і проста хрысціянаў у
адраджэнскім руху першай паловы ХХ стагоддзя, якія былі закатаваныя альбо фашыстамі, альбо збольшага загінулі ў Гулагу. Шмат даволі было мерапрыемстваў, але атрымалася не ўсё што было запланавана.
Таму мы мяркуем працягнуць у наступным годзе. Будзем далей ушаноўваць памяць гэтых людзей.
Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі даследаваннямі асобы ксяндза Гадлеўскага, яго ролі ў якасці духоўнага дзеяча і нацыянальнага лідара беларускай дзяржавы ў пачатку мінулага стагоддзя, палітыка і
аўтара канцэпцыі нацыяналізму. Былі закранутая дзейнасць і гістарычны ўплыў паплечнікаў ксяндза, які з'яўляецца перакладчыкам на беларускую мову Новага Запавету. Нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі ў
вёсцы Шурычы на Гродзеншчыне.
23 снежня ў Мінску адбудзецца малітва ў памяць знанага беларускага дзеяча, ідэолага адраджэння беларускай нацыі, публіцыста, выдаўца. Пачнецца яна а 18-й гадзіне ў Чырвоным касцёле.
Беларускае Радыё Рацыя.