Улады дазволілі ўсталяванне помніка Юліусу Столе
Міністэрства культуры ухваліла з’яўленне ў Бярозаўцы помніка заснавальніку шклозавода «Нёман» Юліусу Столе.
Ініцыятывай усталявання помніка займаюцца мясцовыя актывісты, паведамляе Рух «За Свабоду».
«Разгледзеўшы лісты Бярозаўскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю стварэння і ўсталёўкі памятніка Ю.А. Столе ў г. Бярозаўка за кошт пазабюджэтных (спонсарскіх) сродкаў», — сказана ў лісце за першага намесніка міністра І. Дрыгі.
Па словах чыноўніцы, з улікам значэння асобы Столе для гісторыі рэгіёну ведамства лічыць, што трэба правесці конкурс эскізных праектаў помніка з уключэннем у журы прадстаўнікоў Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальнаму і манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву.
«Мы ведалі, што дзяржаўная машына працуе марудна, таму хуткага адказу не чакалі. Так яно і выйшла. Тым не менш, станоўчы адказ міністэрства мы вітаем і распачынаем другі этап нашай ініцыятывы — збор сродкаў на сам помнік», — пракаментаваў рашэнне сябра Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак.
Збор сродкаў ідзе на краўдфандынгавай платформе «Талака».
Па ягоных словах, асоба Юліюса Столе для яго — гэта сімвал паспяховага прадпрымальніка, які рэалізаваў свой патэнцыял, у выніку чаго з’явіўся цэлы горад працавітых, амбітных і актыўных людзей — Бярозаўка.
З ініцыятыўнай групай, якая займаецца ўсталёўкай помніка Столе, сустракалася і прапраўначка Юліюса Столе Вольга Рачыньская.