Пададзена заяўка на правядзенне акцыі ў гадавіну Слуцкага збройнага чыну

Прадстаўнікі Руху «За Свабоду» і Партыі БНФ Віталь Амяльковіч і Павел Батуеў падалі сёння заяўку на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу, прысвечаных ушанаванню памяці герояў Слуцкага паўстання 1920 года.

document_51_s600x600_logo_1_1.jpg

Правядзенне акцыі запланавана на 24 лістапада з 14.30 да 16.00. Арганізатары разлічваюць, што атрымаюць дазвол на шэсце ў цэнтры Слуцка.
Сярод заяўнікаў таксама намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прадстаўнік Руху салідарнасці «Разам» Генадзь Драздоў. Мэта акцыі ўшанаванне памяці паўстанцаў, «адзначэнне ўгодкаў Слуцкага паўстання як значнай падзеі для гісторыі і сучаснасці Беларусі» і беларускага войска.
«Мы разлічваем на тое, што ўлады дазволяць правядзенне мерапрыемства ў запланаваным намі фармаце. І не паўтораць свае памылкі мінулага году, калі месца збору і маршрут шэсця па ініцыятыве Слуцкага выканкаму былі небяспечнымі для ўдзельнікаў», — адзначыў Мінскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч.
Каментуючы планы аб правядзенні будучай акцыі, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ў апошнія гады ўлады звычайна даюць дазволы на правядзенне дэманстрацыі ў Слуцку. Апошні выпадак забароны акцыі быў у 2014 годзе. Палітык выказаў спадзяванне, што сёлетняя акцыі павінна прыцягнуць больш грамадскай увагі, бо прыпадае на год стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, пад чыімі штандарамі быў распачаты Слуцкі Збройны Чын.
Як чакаецца, рашэнне выканкама аб дазволе акцыі ў Слуцку павінна быць прынятае не пазней за 19 лістапада.
Слуцкі збройны чын (Слуцкае паўстанне) — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў лістападзе і снежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам. 
З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстання, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасць Беларусі, адзначаюцца беларускім грамадствам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.
Паводле pyx.by, narodny.org