У першым гродзенскім паэтычным слэме перамог Валера Руселік
“Літаратурны рынг” ва ўтульным дворыку ля галерэі “Крыга” сабраў шмат гарадзенцаў розных узростаў. Нягледзячы на адчувальны холад, большасць дачакалася канца выступаў і ўзяла ўдзел у галасаванні.

Пераможца Валер Руселік
Слэм аб’яднаў вельмі розных выступоўцаў: паводле полу, узросту, статусу і паэтычнага здабытку. Шляхам лёсавання была вызначана чарговасць выступаў. Кожны прачытаў па два вершы і ніхто ані разу не перакрочыў адведзеныя для выступу пяць хвілін.

Вядучыя Хрыся Марчук і Лёша Шота

ЛёсаваннеЛёсаваннЛЛ Лёсаванне
У слэме ўзялі ўдзел гарадзенскія паэты Ала Петрушкевіч, Святлана Куль, Ганна Аўчыннікава, Святлана Якімава, Валер Руселік, Анатоль Брусевіч, Антон Янкоўскі і Артур Камароўскі. Большасць
удзельнікаў абрала цалкам традыцыйны спосаб дэкламавання вершаў, таму слэм атрымаўся вельмі падобны да звычайнага чытання паэзіі.
.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Антону Янкоўскаму давялося выступаць першым

Пераможцу можна назваць сапраўды “народным паэтам”, бо яго абралі ў галасаванні прысутныя. Валеру Руселіку ў свае пяць хвілін удалося прачытаць вершы адначасова і пра каханне і пра Гародню, а таксама ўступіць у жартаблівую дыскусію з вядучым. Ён, дарэчы, максімальна выкарыстаў адведзены час — выступ заняў 4 хвіліны 52 секунды.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі Данута Бічэль (на здымку) і Аляксей Пяткевіч. Данута Янаўна расказала прысутным пра тое, як у савецкія часы літаратуру ацэньвалі не чытачы, а партыя і пра тое, як арганізоўваліся ў пачатку 90-х спаборніцтвы сярод тых, хто ведаў на памяць найбольш вершаў Максіма Багдановіча. Па словах Дануты Янаўны, у іх заўсёды перамагаў Алесь Краўцэвіч.
Аляксей Пяткевіч (на здымку) выступіў у канцы мерапрыемства і ўручыў пераможцы падарунак, падрыхтаваны арганізатарамі слэму ГА “Цэнтр “Трэці сектар”. Вядомы гарадзенскі літаратуразнаўца вельмі цёпла і пазітыўна выказаўся пра ініцыятыву, якая аб’яднала гумар, лірыку, цікавых выступоўцаў і ўдзячную публіку.

Усе ўдзельнікі атрымалі таксама падарункі ад кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” — арганізацыйнага партнёра слэма.
Музычнае афармленне мерапрыемства забяспечваў дуэт “Раса мечтателей”, які выканаў некалькі кампазіцый на вершы беларускіх паэтак.

Здымкі Яна Лялевіча