Топ-10 фільмаў Уолта Дыснэя – у дзень памяці вялікага мультыплікатара

У кожнага ня тое што маленькага, але вельмі нават дарослага гледача ёсьць свой улюбёны анімацыйны фільм самай знакамітай кінакампаніі, якая стварае казкі на экране. Уолт Дыснэй зьяўляецца сінонімам ўтульнага вечара перад экранам ці ў кінатэатры. Мы склалі аўтарскі сьпіс лепшых мультоў. Прыемнага прагляду!

Кадр з фільма Ўолта Дыснэя

Кадр з фільма Ўолта Дыснэя

Аднойчы Ўолт Дыснэй сказаў: «Я не ствараю фільмы проста, каб зарабляць грошы. Я зарабляю грошы, каб ствараць фільмы». Сёньня гэты прынцып здаецца перагорнутым з ног на галаву. Фільмы менш нагадваюць шчырыя, створаныя з любоўю праэкты, а больш падобныя на пралічаныя інвэстыцыі, разьлічаныя на максімальны прыбытак, а не на максімальны эфект.

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Прыгажуня і Пачвара (Beauty and the Beast). 1991

beauty_and_the_beast.webp

За страшнай зьнешнасьцю Пачвары хаваецца трагічная гісторыя, за выглядам Прыгажуні – вялікія памкненьні. Яны яшчэ ня ведаюць, што лёс наканаваў пераплесьці іх жыцьці ў адно. Калі прыгажуня Бэль выяўляе схаваную дабрыню і ўразьлівасьць Пачвары, гледачам нагадваюць, што сапраўдная прыгажосьць знаходзіцца ўсярэдзіне.

Гэты анімацыйны фільм будзе вельмі дарэчным, каб паглядзець з дзецьмі, каб сучасны ціск грамадзтва меў ад чаго адбіцца ў сэрцах яшчэ маленькіх людзей.

«Прыгажуня і Пачвара» стаў першым анімацыйным фільмам, намінаваным на прэмію «Оскар» за лепшы фільм (не анімацыйная, а галоўная намінацыя!). Толькі праз прыблізна 20 гадоў падобны посьпех паўтарыў мульт «Наверх».

Нумар 9. Русалачка (The Little Mermaid). 1989

the_little_mermaid_1.avif

Яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі існавалі розныя легенды пра тых, хто жыў пад вадою, у марскім каралеўстве. Акрамя розных багоў на чале з Пасейдонам, існавалі і іншыя гісторыі – пра русалак, якія былі і свавольнымі, і дабразычлівымі. Галоўная гераіня тут – русалка вельмі маладая і добрая. Хто не ведае імя Арыель?

Калісьці яна напаткала сваю мару – але вось праблема – ён не плавае пад вадою, а ходзіць па зямлі. Дзеля сапраўднага пачуцьця ім прыйдзецца прайсьці праз перашкоды і тады, магчыма, яны застануцца адным цэлым.

На што здольныя пайсьці закаханыя, калі ім спрабуюць ставіць палкі ў колы?

Арыэль – адна з улюбёных гераіняў для касплэю ў наш час.

Нумар 8. Пінокіа (Pinocchio). 1940

pinocchio.jpg

Заснаваная на клясычнай італьянскай казцы Карла Калодзі, гісторыя распавядае пра драўляную марыянэтку па імі Пінокіа, з любоўю зробленую добразычлівым разьбяром па дрэве Джэпэта, які марыў аб сапраўдным сыне. Калі Блакітная фея дае жыцьцё Пінокіа і абяцае зрабіць зь яго сапраўднага хлопчыка, у выпадку калі ён праявіць сябе адважным, праўдзівым і бескарысьлівым, і пачынаецца незабыўная прыгода, знаёмая мільёнам хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўсім сьвеце.

Якасьць анімацыі не дазваляе нават і падумаць, што гэта было створана 84 гады таму! Адкладзіце ў бок падробкі з «бураціна» і глядзіце арыгінал!

Нумар 7. Лэдзі і валацуга (Lady and the Tramp). 1955

lady_and_the_tramp_1.jpg

Часам добра зірнуць на чалавечыя гісторыя іншымі вачыма. У гэтым выпадку сапраўдныя жарсьці адбываюцца ў сьвеце сабакаў. Вы не паверыце, там амаль так як і ў нас: тыя ж простыя сабакі, якія спрабуюць знайсьці костку на абед, а разам зь імі і шляхетныя прадстаўнікі – кокер-спаніэлі, у якіх маецца выбар з дзясяткаў улюбёных страваў на кожны прыём ежы.

Нават там бываюць зусім ужо фантастычныя сітуацыя, калі дзьве гэтыя групы сабакаў сутыкаюцца і атрымліваецца рамантычная хімія. Шляхетная пані спаніэль вымушаная вырвацца з дому сваіх людзей-гаспадароў і шукаць паратунку на цёмных, невядомых і страшэнных вуліцах. Апроч небясьпекі яна сустракае і Валацугу.

Як выжыць разам сярод дзікіх гарадзкіх джунгляў?

Нумар 6. Халоднае сэрца (Frozen). 2013

frozen_1.jpg

Калі марозіцца – тады па поўнай. Страшэнны заклён стварыў з багатай і радаснай краіны спрэс ільдзяное каралеўства. Прынцэса Ганна можа выратаваць радзіму, калі адшукае сваю сястру Эльзу. Прыгатуйцеся паўдзельнічаць у дзівосных сьнежных прыгодах.

Між іншым сьнег выглядае на экране зусім рэалістычна – стваральнікі прыдумалі адмысловае праграмнае забесьпячэньне, якое дазволіла рабіць падобны эфект.

Вось бы так і ў жыцьці – каб выратаваць радзіму, неабходна растапіць адно замерзлае сэрца.

Героі мультыплікацыі сустрэнуцца з філязофскім пытаньнем – калі пачне ўрэшце цяплець, і жыцьцё прыходзіць у норму – аднаму зь іх – сьнегавіку Олафу прыйдзецца зьнікнуць пад сонцам?

Нумар 5. Пітэр Пэн (Peter Pan). 1952

peter_pan.webp

Калі слова «Нэвэрлэнд» яшчэ не сапсаванае ў вашым ўспрыманьні прыгожага сьвету, тады адважна скіроўвайце позірк у бок прагляду знакамітай казкі пра хлопчыка, які ніяк не жадаў станавіцца дарослым.

Калі Пітэр выцягвае маленькую дзяўчынку зь яе братам і сястрой, далей ад штодзённасьці Лёндана, яны адпраўляюцца ў захапляльнае падарожжа, напоўненае піратамі, русалкамі, феямі. Аднак таксама іх чакаюць непазьбежныя аспекты ўласнага сталеньня. Аўтар кнігі Дж. М. Бары выпісаў Пітэра дастаткова зразумелым для прачытаньня: ён сацыяпат. Анімацыя ж дае больш пяшчотны вобраз за кніжны.

Кожнаму прыйдзецца пасталець, і толькі Пітэр Пэн будзе даганяць ці бегчы ад капітана Крука.

Нумар 4. Бэмбі (Bambi). 1942

bambi.jpg

Хто ня ведае Бэмбі? Нават тыя, каму яшчэ не пашчасьціла пазнаёміцца зь ім на экране, відавочна бясконцую колькасьць разоў сустракаліся на малюнках, вопратцы і амажах. Фільм заснаваны на рамане Фэлікса Салтэна «Бэмбі, жыцьцё ў лесе» і распавядае пяшчотную гісторыю сталеньня маленькага аляня.

Аніматары вывучалі рэальных жывёлаў і іх рухі, каб пераканацца ў сапраўднасьці, ствараючы пэрсанажаў, якія выглядаюць рэалістычнымі і мілымі на экране. Толькі вось рогі бацькі Бэмбі сталі сапраўднай пакутай для супрацоўнікаў Дыснэй. Ніхто ня мог справіцца, каб намаляваць іх добра. Скончылася ўсё тым, што ўзялі рогі рэальнага аленя, зрабілі фота з вялікай колькасьці ракурсаў і ўжо толькі потым па спэцыяльнай тэхналёгіі дадалі гэта ў фільм.

Для прагляду спатрэбіцца сурвэтка для кожнага, хто будзе назіраць за гісторыяй Бэмбі.

Нумар 3. Гісторыя цацак (Toy Story). 1995

toy_story_1.jpg

Калі людзі засынаюць ці выходзяць з пакою – прачынаюцца цацкі. Ці вы не ведалі? Менавіта таму іх можна знайсьці на раніцу ў самых незвычайных месцах. Але часам некаторыя зь іх знаходзяцца пашкоджанымі. Справа ў тым – што сярод цацак таксама бываюць канфлікты, і некаторыя зь іх – могуць сапсаваць іншых.

Што рабіць, калі ўлюбёная цацка перастае ёю быць? Новы фаварыт больш сучасны, больш сьвежы, а яшчэ і астранаўт. У той час як стары герой – звычайны каўбой Вудзі. Пачынаецца змаганьне за ўвагу гаспадара – маленькага хлопчыка.

Нумар 2. Беласьнежка і сем гномаў (Snow White and the Seven Dwarfs). 1937

snow_white_2.jpeg

Гэты мульт стаў рэвалюцыйным у гісторыі кінематографа. Ён быў першы ў сьвеце поўнамэтражны анімацыйны фільм. І які! Заснаваны на казцы братоў Грым, ён распавядае чароўную гісторыю Беласьнежкі, добрай і прыгожай прынцэсы, чыя чысьціня рэзка кантрастуе з непрыемнай мачахай, злой каралевай, ахопленай рэўнасьцю да прыгажосьці Беласьнежкі.

Вымушаная пакінуць свой замак, Беласьнежка знаходзіць прытулак у чароўным лясным доміку, дзе жывуць сем мілых гномаў. Вам здаецца, што вы ведаеце гісторыю, але нашая парада: няма лепшага прыкладу экранізацыі адной зь лепшых казак у сьвеце.

Пасьля гэтага анімацыйнага фільма адна за другой пачалі зьяўляцца поўнамэтражныя стужкі. А што было б, калі Ўолт Дыснэй не наважыўся на гэты эксперымэнт?

Нумар 1. Кароль Леў (The Lion King). 1994

the_lion_king_1.jpeg

Акуна матата. Вы яшчэ ня ведаеце жыцьцё, калі значэньне гэтага выразу вам не знаёмае. Афрыка, у караля жывёлаў льва Муфасы нараджаецца спадкаемца – Сімба. Ва ўсе часы такія падзеі выводзяць на злую сьцяжыну зайздросьнікаў і па-просту злачынцаў. Дзядзя караля, хітры, але пабіты жыцьцём Шархан вырашае адпомсьціць усім і захапіць каралеўства жывёлаў. А дзеля гэтага неабходна разабрацца з каралём і прынцам.

Вельмі цікавым падаецца тое, што імя Муфаса меў апошні кароль народа, які жыў на тэрыторыі Кеніі, да яе калянізацыі брытанцамі. Гісторыя пра караля льва насычаецца новымі сэнсамі.

Гісторыя вучыць нас, што нават у сітуацыі з часовым захопам улады, калі кіраваць пачынае ўзурпатар, знойдзецца той, хто кіне яму выклік. І ў выніку безумоўна пераможа.

Прыемнага прагляду!