Топ-10 фільмаў пра радыяцыю
Дзень 26 красавіка 1986 года назаўжды трапіў у гісторыю нашай краіны. І няхай час дазімэтраў нібы сышоў, праблемы і выклікі, зь якімі сутыкаюцца людзі ва ўсім сьвеце, зьвязаныя з радыяцыяй – засталіся. Ядзерная вайна, выпадковае зараджэньне, сродкі бясьпекі – усё гэта будзе недзе побач яшчэ вельмі доўга. Мы падрыхтавалі аўтарскі сьпіс лепшых фільмаў, каб не забываць пра Чарнобыль. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашага сьпісу
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. На беразе (On the Beach). 1959

Чорна-белы фільм Стэнлі Крамэра пастаўлены ў 59-м годзе апавядае пра найбліжэйшую да таго часу будучыню – 1964 год. Змрочны і пэсымістычны сьвет паказаны ў Аўстраліі. Дзеяньне адбываецца праз некалькі месяцаў пасьля ядзернай вайны паміж ЗША і СССР, і ў аўстралійцаў ёсьць усяго некалькі месяцаў, перш чым воблака ядзерных ападкаў дасягне іх і зьнішчыць Аўстралію.
Напружаньне ўзрастае праз тое, як кожны спрабуе займацца сваімі штодзённымі справамі, ведаючы, што ўсё роўна хутка памрэ. Людзі проста працягваюць жыць, бо не ведаюць, што яшчэ рабіць. Капітан субмарыны, якога грае Грэгары Пэк сустракае ў Аўстраліі паненку ў выкананьні Авы Гарднэр, якая абуджае ў ім пачуцьці, негледзячы на непазьбежнасьць. Яна шмат п’е. Але каму якая справа, калі сьвету засталося жыць тры, дзьве, адну хвіліну.
Нумар 9. Калос: Праэкт Форбіна (Colossus: The Forbin Project). 1970

Джозэф Сарджэнт паставіў навукова-фантастычны фільм, дзе прасочваецца адвечнае супрацьстаяньне дабра і зла. Ядзернае стрымліваньне даведзенае да экстрымальнай крайнасьці: ужо не людзі адказваюць за запуск ракет з атамнай бомбай, але машыны. У Злучаных Штатах створаны супер кампутар, які кантралюе ядзерны арсэнал заходніх краінаў.
Але ў хуткім часе ён пачынае жыць сваім жыцьцём, пры гэтым працягваючы кантраляваць ядзерную зброю. Адначасова з гэтым у краіне саветаў ствараюць адпаведнік амерыканскага кампутара, які робіць тое ж самае. А далей нечакана: абодва кампутары ўваходзяць у змову, каб скончыць імаверную вайну любымі сродкамі. Нас чакаюць хвіліны халоднай кампутарнай іроніі, якія пераклікаюцца з рэальнай палітыкай у наш час.
Нумар 8. Тэстамэнт (Testament). 1983

Рэжысэрка Лін Літман стварыла стужку, дзе Джэйн Аляксандар выконвае ролю маці траіх дзяцей. Гераіня павінна справіцца з тым, што Сан-Францыска, Нью-Ёрк былі зруйнаваныя ядзернай бомбай і сьвет незваротна развальваецца. Гледачы, адразу пасьля прэм’еры, казалі, што фільм прымусіў іх плакаць. Некаторыя, падчас другога прагляду, калі яны ўжо ведалі сюжэт і што будзе ў канкрэтнай сцэне, усё адно не маглі стрымаць сьлёзаў наноў.
Джэйн Аляксандар увайшла ў сваю ролю з такім імпэтам, што гэта было адзначана намінацыяй на Оскар за лепшую жаночую ролю. Гэты фільм пра страшэннае выжываньне. Маці вымушаная даваць дзецям малако, ведаючы, што яно заражанае, але інакш дзеці памруць ад голаду.
Нумар 7. Сістэма бясьпекі (Fail Safe). 1964

На мяжы пяцідзясятых і шасьцідзясятых выйшлі эталонныя фільмы на заяўленую тэматыку. Калі кампутарная памылка адпраўляе амерыканскія бамбавікі ў СССР, каб разбамбіць Маскву ўшчэнт, амерыканскі прэзідэнт у вакананьні Генры Фонда павінны паведаміць камуністычнаму кіраўніцтву аб тым, што здарылася. Адначасова ён спрабуе прадухіліць канец сьвету.
Пасьля сканчэньня фільму гледачы ўбачаць цікавыя тытры, якія зьявіліся пры настойлівым пажаданьні міністэрства абароны ЗША: «Строгая сістэма гарантый і кантролю гарантуе, што такія падзеі, як апісаныя ў гэтай гісторыі, не могуць адбыцца на самой справе».
Нумар 6. Барвовы прыліў (Crimson Tide). 1995

Экстрэмісцкая групоўка ўзяла пад кантроль ядзерную ўстаноўку ў Расеі (а ў наш час не адрозьніш групоўку ад тых, хто знаходзіцца ва ўладзе), і амерыканская падводная лодка адпраўляецца з загадам нанесьці прэвентыўны ядзерны ўдар, у выпадку, калі сітуацыя пагоршыцца. У пэўны момант сувязь на падлодцы адключаецца, капітан субмарыны і яго адказны афіцэр разыходзяцца ў меркаваньнях, ці варта запускаць іх ядзерную ракету.
Экіпаж разыходзіцца на два лягеры таксама. У стужцы Тоні Скота зорны акторскі склад, у тым ліку Джын Хэкман, Дэнзэл Вашынгтон, Віга Мортэнсэн і Джэймс Гандальфіні. Па магчымасьці глядзіце не дубляваную вэрсію: гук у фільме вельмі якасны (намінацыі на Оскар за гук, мантаж і мантаж гуку).
Ці стане вада ад магчымых ахвяраў выбуху ядзернай ракеты барвовай – даведаемся напрыканцы стужкі.
Нумар 5. Ніткі (Threads). 1984

Мік Джэксан стварыў вельмі цяжкі фільм. Яго немагчыма глядзець без суперажываньня героям. Героямі зьяўляюцца ўсе жывыя людзі. Стужка распавядае пра тое, што адбываецца пасьля ядзернай атакі, у прыватнасьці, пра хуткае павелічэньне захворваньня на рак. Ён паказвае нам голад і непазьбежную сьмерць чалавецтва. Дзеяньне фільма распачынаецца ў Іране, дзе сутыкаюцца ЗША і імпэрыя зла.
Каб паказаць псыхалягічны эфект ад атамнай бамбардзіроўкі, рэжысэр правёў шматгадзінныя сустрэчы са шматлікімі ахвярамі апраменьваньня пасьля Хірасімы і Нагасакі. Гэты фільм рэкамендуем глядзець ужо падрыхтаваным маральна гледачам да страшэнных кадраў.
Нумар 4. На наступны дзень (The Day After). 1983

Гэты фільм адразу трансляваўся на тэлебачаньні і не меў пракату ў кінатэатрах. Амаль праз 40 гадоў пасля дэбюту «На наступны дзень» па-ранейшаму зьяўляецца самым папулярным тэлефільмам усіх часоў, яго глядзелі каля 100 мільёнаў толькі ў ЗША, у тым ліку тагачасны прэзідэнт Рональд Рэйган. Пасьля прагляду ён сказаў, што гэта прымусіла яго перагледзець свае ваяўнічыя выступы ў бок камуністаў.
Сюжэт уключае ядзерную атаку на горад Лорэнс, штат Канзас, і тое, як людзі спраўляюцца з непазьбежнымі наступствамі і канчатковым спыненьнем чалавечага жыцьця. Сельскагаспадарчыя надзелы ў штаце пакрытыя забруджаным попелам. Ежа не будзе расьці, лекары не маюць лекаў, дзеці будуць нараджаюцца з адхіленьнямі. У сьвету пасьля выбухаў няма будучыні.
Нумар 3. Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў атамную бомбу (Dr. Strangelove or: How I Learned to Stop Worrying and Love the Bomb). 1964

Стэнлі Кубрык стварыў шэдэўральную стужку, якую, у адрозьненьні ад «Нітак» мы прапануем паглядзець усім. Найперш – гэта камедыя. Стварыць іранічны фільм пра ядзерную вайну тое яшчэ выпрабаваньне. Кубрык за гэта атрымаў намінацыю на Оскар як лепшы рэжысэр, а сам фільм быў вылучаны яшчэ ў трох: лепшы фільм года, лепшы адаптаваны сцэнар і лепшая мужчынская роля (Пітэр Сэлерс). Актор выканаў цэлых тры ролі ў фільме: амерыканскага прэзідэнта, брытанскага вайскоўца, а таксама прыкаванага да інваліднага вазка нямецкага навукоўца Стрэйнджлава.
Напачатку фільма адзін з амерыканскіх генэралаў лічыць, што камуністы зьбіраюцца скрасьці «цялесныя сокі» амэрыканцаў (што гэта значыць даведаецеся падчас прагляду), і скіроўвае самалёты з бомбамі на Маскву. Што будзе далей – глядзіце самі ў гэтым цудоўным фільме.
Нумар 2. Опэнгэймэр (Oppenheimer). 2023

Біяграфія стваральніка атамнай бомбы не магла выклікаць падвышаную цікавасьць у наш час, калі тэрарысты з Крамля шантажуюць сьвет выкарыстаньнем той самай бомбы. У час стварэньня гэтай зброі, а менавіта напрыканцы Другой сусьветнай вайны, заходнія дэмакратыі ясна разумелі небясьпеку і варожую сутнасьць «сытуацыйнага хаўрусьніка» ў барацьбе з немцамі, які сядзеў у тым жа Крамлі. Таму цалкам дарэчнае зьяўленьне трохгадзіннай драмы Крыстафэра Нолана менавіта ў гэты час.
Кіліян Мёрфі ў ролі знакамітага навукоўца, акрамя якаснай акторскай працы, стаў вядомым як герой незьлічонай колькасьці мэмаў. Няпростая, не самая цікавая і захапляльная і доўгая гісторыя пайшла ў народы, што варта адзначыць як магічную здольнасьць Крыстафэра Нолана ствараць захапляльнае кіно.
Ці шмат людзей, якія здольныя вытрымаць прагляд стужкі другі раз? І ці цікава будзе глядзець гэты баёпік наноў – вырашаць вам.
Нумар 1. Хірасіма, маё каханьне (Hiroshima mon amour). 1959

Абсалютна французскі фільм пра Японію. У цэнтры гісторыі Алэна Рэнэ – японскі архітэктар і акторка з Францыі. Іх пачуцьці нараджаюцца пасьля вайны, пасьля атамнай бомбы, калі краіна, дзе ўзыходзіць сонца, спрабуе намацаць сваю новую ідэнтычнасьць, а героі нясуць праз жыцьцё цяжар уласных жорсткіх момантаў.
Як пісалі пасьля прэм’еры стужкі на Канскім кінафэсьце – «фільм выбухнуў як бомба». Вельмі чульлівым чынам спадарожнічае тэма жахлівага рэха вайны і адносінаў, якія б не мелі шанцу на ўзьнікненьне без той, папярэдняй катастрофы.
Прыемнага прагляду!