Топ-10 фільмаў пра час пасьля вайны

Кожная вайна раней ці пазьней сканчваецца. Пасьля гэтага надыходзіць дзіўны перыяд: час надзеі прасякнуты трагічнай рэчаіснасьцю. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Попел і дыямант (Popiół i diament). 1958

popiol_i_diament_1.jpg

Палітычная драма Анджэя Вайды, якая была зьнятая ў складаны час для сацыялістычнага лягеру. Рэжысэр здолеў стварыць такое кіно, якое прайшло пра цэрбераў з цэнзарскай машыны, і трапіла на эўрапейскія кінафэсты, дзе атрымала розгалас і ўхвалу.

Хаця гэтая стужка і сканчвае так званую «ваенную трылёгію» Вайды, самай удалай зьяўляецца менавіта яна. Праз лёс аднаго чалавека мы прасочваем як ламаўся народ. У сюжэце мы трапляем у апошні дзень вайны. Галоўны герой антыкамуністычнага руху атрымлівае загад – зьнішчыць чырвонага камісара. Але на дарозе змаганьня паўстае буфетчыца. З пачуцьцямі да яе герой пачынае ўзважваць рызыкі свайго заданьня. Ці вартае яно, каб рызыкаваць сабою? Ці вартае яно, вялікае змаганьне для самой Польшчы? Што такое Армія Краёва?

Як сьвярджаў Анджэй Вайда, праз візуальныя вобразы ён здолеў падмануць ненавісную камуністычную цэнзуру.

Эстэтычнае захапленьне вам гарантаванае.

Нумар 9. Леапард (Il gattopardo). 1963

il_gattopardo_2.jpg

Фільм Лукіна Вісконці з Алэнам Дэлонам у галоўнай ролі. Стужка атрымала перамогу ў Канах – і заслужана ёй была прысуджаная Залатая пальмавая галіна. Партнэрамі Дэлона ў гістарычным фільме сталі Бэрт Ланкастэр і Клаўдыя Кардынале. Міжнародны акторскі склад трапляе ў італьянскую вайну за незалежнасьць, ці інакш кажучы за аб’яднаньне Італіі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.

Гэты працэс, сёньня лічыцца непазьбежным разьвіцьцём нацыянальных рухаў у Эўропе таго часу. Але разам з гэтым шмат для якіх краінаў, у тым ліку Сіцылійскага каралеўства, справа выглядала інакш: страта незалежнасьці і пераход пад уладу Поўначы. Гэтыя складаныя абставіны і сталі галоўным канфліктам у стужцы. Калі старэйшае пакаленьне не жадала прысягаць Гарыбальдзі, а новае не бачыла іншых магчымасьцяў.

Нумар 8. Рым, адамкнёны горад (Roma città aperta). 1945

roma_citta_aperta_4.jpg

Легендарны фільм Рабэрта Расаліні пабачыў сьвет у першую мірную восень Італіі пасьля Мусаліні. Гэтае кіно ўзрушыць вас па поўнай. Рэжысэр нібы ходзіць (ці хутчэй бегае пад кулямі) з камэрай па горадзе, і здымае дакументальны фільм. Сюжэтная лінія распавядае пра лідэра супраціву, які хаваецца ад нацыстаў.

Жыхары рымскага раёна блукаюць увесь час дзеяньня. Маладыя хлопцы рызыкуюць жыцьцём, каб увайсьці ў бойку з ворагам. Іх анёл-ахоўнік - каталіцкі сьвятар, які ўсімі магчымымі, а таксама немагчымымі чынамі спрабуе выратаваць сяброў.

Фільм вельмі змрочны і цяжкі для ўспрыманьня праз рэалістычнасьць паказанага. Але як інакш бывае на вайне, асабліва калі змагаешся з фашызмам.

Нумар 7. Чытач (The Reader). 2008

the_reader_1.jpg

Вельмі кранальная і ў нейкім сэнсе занадта скандальная стужка Стывена Долдры, які экранізаваў сусьветны бэстсэлер нямецкага аўтара Бэрнхарда Шлінка. Перад гледачамі разгортваецца гісторыя сталеньня двух асобаў у Нямеччыне пасьля Другой сусьветнай вайны.

Калі браць пад увагу ўзнагароды, дык гэта, відаць самая ўпэўненая роля Кейт Уінслет на гэты момант, бо менавіта гэтая стужка прынесла акторцы Оскар. Перад намі – зруйнаваная Нямеччына, дзе дастаткова дарослая жанчына ўваходзіць у адносіны зь яшчэ нядаўна хлопчыкам. Але на вайне сталеньне ідзе падвойнымі тэмпамі. Пасьля яе – наступае драма.

Незаконная сувязь дваіх раптоўна абрываецца, каб галоўныя дзейныя асобы сустрэліся праз некалькі гадоў на трыбунале, дзе судзілі нацысцкіх злачынцаў.

Нумар 6. Эўропа (Europa). 1991

europa_2.jpg

Праца Ларса фон Трыера, якая атрымала шэраг узнагародаў на Канскім кінафэсьце. Сярод актораў можна знайсьці ўлюбёнца Інгмара Бэргмана – Макса фон Сюдава. Псыхалягічны і нялёгкі фільм паказвае нам пасьляваенны сьвет. Амэрыканец нямецкага паходжаньня вырашае ў 1945 годзе паехаць у Нямеччыну, каб разам са сваяком працаваць на чыгунцы.

Страшэнныя малюнкі пасьляваеннай Эўропы пад грукат цягніка грукаюцца ў ягонае сэрца. Гэты фільм – спроба рэжысэра асэнсаваць разгубленасьць пасьляваеннай Эўропы. Часам фантасмагарычныя дэкарацыі толькі падвышаюць градус гэтай гісторыі.

Нумар 5. Малена (Malèna). 2000

malena_1.jpg

Дзеяньне фільма з незабыўнай Монікай Белучы ў галоўнай ролі адбываецца на фоне маляўнічага сіцылійскага гарадка падчас і пасьля Другой сусьветнай вайны. Музыка Эніа Марыконэ пяшчотна ўвасабляе сутнасьць галоўнай гераіні, чыя прыгажосьць не дае спакойнага жыцьця хлопчыку, які знаходзіцца на парозе мужнасьці. Пакуль Малена трывае пільныя погляды мужчынаў і пагарду жанчынаў горада, мэлёдыі Марыконэ таксама нарастаюць і заціхаюць, нібы яны жывуць марскім жыцьцём з адлівамі і прылівамі.

Джузэпэ Тарнаторэ, рэжысэр стужкі, з любоўю паказвае сваю родную Сіцылію і яе дзівосных жыхароў.

Нумар 4. Роварныя злодзеі (Ladri di biciclette). 1948

ladri_di_biciclette_2.jpg

Фільм Віторыа Дэ Сіка зноў запрашае на шпацыр па Рыму, які толькі-толькі ўздымаецца пасьля спусташальнай вайны. Адна справа здымаць эпахальныя стужкі пра Рымскую імпэрыю праз дзьве тысячы гадоў пасьля падзеяў, і зусім іншая – непасрэдна ў тых гістарычных дэкарацыях, якія яшчэ дыхалі подыхам Мусаліні, і спрабавалі на смак новыя дэмакратычныя парадкі.

Рым паўстае не як легендарны горад глядыятараў і імпэратараў, а як суровы пейзаж эканамічнага адчаю і сацыяльнай барацьбы. Праз простую, але вельмі хвалюючую гісторыю пра бацьку і яго сына ў пошуках скрадзенага ровара — жыцьцёва неабходнага сродка да існаваньня — фільм выразна выказвае чалавечую годнасьць і адчай.

Дэ Сіка абірае не прафэсійных актораў на галоўныя ролі, і гэта дадае сырой шчырай сапраўднасьці. Мы такія, якія ёсьць, і мы жывем на экране менавіта сваё жыцьцё.

Нумар 3. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961

judgment_at_nuremberg_5.jpg

Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.

Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».

Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.

Нумар 2. Трэці чалавек (The Third Man). 1949

the_third_man_2.webp

У фільме з першага кадра ствараецца вобраз разбуранай, падзеленай Вены, апакаліптычнага мегаполіса. Нуар у сваёй лепшай праяве.

Захапляльнае рассьледаваньне абставінаў сьмерці сябра. Рэжысэр Кэрал Рыд віртуозна спалучае элементы таямніцы, здрады і маральнай неадназначнасьці герояў у складаны пасьляваенны час. Оскар Уэлз і Джозэф Котан ствараюць дуэт фенаменальнай акторскай гульні.

Безьліч таямніцаў загаданыя, штосьці мусіць адкрыцца, але якім коштам? Кожны выбар герояў стужкі цягне за сабою бурлівую працу ў душы. Сачыць за гэтым – адно задавальненьне.

Нумар 1. Паляўнічы на аленяў (The Deer Hunter). 1978

the_deer_hunter_1.jpg

Стужка Майкла Чыміна зьяўляецца адным з самых дасьледаваньняў вайны ў В'етнаме і яе ўзьдзеяньня на псыхіку чалавека. Па сутнасьці, фільм - гэта гісторыя пра сяброўства і незгладжальныя шнары, пакінутыя вайною.

Робэрт Дэ Ніра грае простага працоўнага, які стаў жаўнерам. Яго ператварэньне з чалавека, які атрымлівае асалоду ад звычайных задавальненьняў жыцьця, у змучанага вайной ветэрана прымушае любога чалавека ўзьвесьці актора ў пантэон найвялікшых актораў у гісторыі.

Стужка падзеленая на тры часткі: спакойнае даваеннае жыцьцё, хаатычны ваенны досьвед у В'етнаме і вяртаньне ў сьвет, які назаўжды зьмяніўся. Сумна вядомыя сцэны расейскай рулеткі ў выкананьні Крыстафэра Ўокэна зьяўляюцца моцнай метафарай выпадковасьці таго, хто памірае ці хто выжывае на вайне.

Прыгожы вобраз стварае Мэрыл Стрып, якая становіцца закладніцай тых зьменаў, што адбываюцца з іншымі людзьмі.

Прыемнага прагляду!