Топ-10 фільмаў для прагляду пад травеньскі барбэкю

Год за годам на травень прыпадае перыяд усеагульнага разьняволеньня. Кампаніі людзей зьбіраюцца на рознага кшталту адпачынкі, і з гэтай нагоды мы падрыхтавалі аўтарскі сьпіс лепшых фільмаў, якія будзе ідэальна паглядзець разам. Прыемнага прагляду!

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Чатыры вясельлі і адно пахаваньне (Four Weddings and a Funeral). 1993

four_weddings_and_a_funeral_1.jpg

Усё як у жыцьці. Стужка Майка Ньюэла зьяўляецца выдатным абразцом кіно 90-х. Х’ю Грант і Эндзі Макдаўэл зьняліся ў незьлічонай колькасьці не самых сьмешных і не самых рамантычных камедыях. Але гэты фільм – безумоўнае выключэньне ў іх паслужных сьпісах.

Мы будзем назіраць за вечнай гісторыяй, калі хлопец, які і ня думаў браць шлюб, пад уплывам тых ці іншых абставінаў вымушаны каардынальна зьмяніць свой жыцьцёвы плян.

Прыемная, лёгкая камедыя. Дарэчы, у пракаце яна акупілася больш чым у 60 разоў і да канца ХХ стагодзьдзя была самай прыбытковай стужкай брытанскага кінематографу!

Нумар 9. Трохкутнік смутку (Triangle of Sadness). 2022

triangle_of_sadness_1.jpg

Вельмі іранічная камедыя швэдзкага рэжысэра Рубэна Эстлунда ўжо пасьпела перамагчы на апошнім Канскім кінафэсьце. Стужка складаецца з трох частак, кожная зь якіх раптоўна выходзіць з папярэдняй. Трэба адзначыць, што гумарам насычаны амаль увесь экранны час, і бліжэй да фіналу можна нават стаміцца ўсьміхацца.

Фільм – цудоўны прыклад правільнага і іранічнага падыходу да сучаснага сьвету, і дзякуючы гэтай працы мы можам без пагрозы кэнсэлінгу ад душы пасьмяяцца з самых тонкіх тэмаў сёньняшняга дня. Вудзі Харэльсан грае капітана круізнага лайнэра, які зьяўляецца ідэйным марксістам, дадайце туды самалійскіх піратаў, пару мадэляў, брытанскіх вытворцаў зброі, расейскага алігарха, і нямецкую кабету-інваліда – усе зьмяшаюцца ў прывабны ансамбль. Кожны са шматлікіх герояў фільма вельмі таленавіта раскрываецца і ўдзельнічае ў трагікамічных сцэнах.

Нумар 8. Джуманджы (Jumanji). 1995

jumanji_1.jpg

Што можа адбыцца, калі выпадкова знойдзеш настолку, пра якую раней ня чуў? Даследуючы стары асабняк, маладыя людзі знаходзяць на гарышчы цікавую гульню на тэму джунгляў пад назвай Джуманджы. Калі яны пачынаюць гуляць, яны вызваляюць Алана Пэрыша (Робін Уільямс), які на дзесяцігоддзі затрымаўся ва ўнутраным свеце гульні.

Калі яны перамогуць у Джуманджы, дзеці змогуць назаўсёды вызваліць Алана – але гэта азначае, што будуць змагацца з гіганцкімі жукамі, нявыхаванымі малпамі і нават насарогамі, якія тузаюць!

Нумар 7. Шафёр міс Дэйзі (Driving Miss Daisy). 1989

driving_miss_daisy_1.webp

Праблемы расы, старэньня, сяброўства і звычайных адносінаў – гэтыя рэчы чакаюць вашай увагі напрацягу ўсёй шчымлівай стужкі Бруса Бэрэсфорда. Фільм адаптаваны па п'есе Альфрэда Угры, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Гледачы трапляюць у далікатныя абставіны амэрыканскага поўдня канца 1940-х гадоў.

Вобраз Джэсікі Тэндзі, сталай габрэйскай удавы, адлюстроўвае складанасьці жанчыны, якая змагаецца з уласнымі забабонамі і страхамі. Морган Фрыман у ролі кіроўцы робіць свайго героя цярплівым, годным, але разам з тым і сьцішана-упартым, чым самым вымушае шаноўную гаспадыню зьмяніць фанабэрства на павагу.

Спакойны, ціхі фільм, які верагодна стале ўлюбёнцам у вашай залатой калекцыі кіно.

Нумар 6. Некаторыя любяць па-гарачэй (Some Like It Hot). 1959

some_like_it_hot_4.webp

Выдатная камедыя Білі Ўайлдэра праз дзесяцігоддзі пасьля выхаду на экраны не губляе свайго фантастычнага эфекту на новыя і новыя пакаленьні гледачоў. Бэнэфіс Мэрылін Манро, які падмацоўваецца моцным выкананьнем яе партнэраў – Тоні Кёрціса і Джэка Лемана.

Бясконцая гульня ў пераапрананьні. Мафія, шоў-кабарэ і шмат музыкі. Перамяшайце гэтыя інгрыдыенты і атрымаецца вельмі гарачы кактэйль. Мэрылін Манро выглядае звышарганічна ў шыкоўным ансамблі.

Разам з тым па-за межамі здымачнай пляцоўкі ў акторкі віравала сапраўдная драма. Падчас здымкаў яна была цяжарнаю, але розныя фактары прывялі да таго, што Манро згубіла дзіця. Камедыя скончылася трагедыяй.

Мэрылін не была прыемным чалавекам. Засталося зусім мала сьведчаньняў яе калегаў, ці знаёмых, дзе яе ўзгадвалі па-сапраўднаму цёплым словам. Вось і рэжысэр гэтага фільма, як і акторы ў галоўных ролях былі надзвычай незадаволеныя яе падыходам да працы.

Зрэшты, фільмы з Мэрылін Манро глядзелі, глядзяць і будуць глядзець, не зважаючы на любую крытыку. І гэта правільна.

Нумар 5. Аднойчы ў Галівудзе (Once Upon a Time in... Hollywood). 2019

once_upon_a_time_in..._hollywood_3.jpg

Апошні на гэты момант фільм Квенціна Таранціна. Той самы момант, калі суперзоркі выстрайваюцца ў чаргу, каб трапіць у кадр да Таранціна, бо гэта амаль гарантаваны посьпех як на кінафэстах і ўзнагародах, так і сярод гледачоў. У стужцы з такой назвай не магло быць невядомых актораў. Тут і Леанарда Ды Капрыё, і Брэд Піт, і Марго Робі і суцэльная глыба кіно Аль Пачына. Усе яны граюць некага з сапраўднай мінуўшчыны Галівуда канца 60-х гадоў.

Сюжэт закручаны вакол зоркі вэстэрнаў, які адчувае канец сваёй кар’еры, але спадзяецца праз новы ўдалы фільм «абнавіцца», а таксама яго вернага каскадзёра, які выконвае апроч усіх складанасьцяў на экране яшчэ і працу па дому.

Мы ўбачым крыху альтэрнатыўнае прачытаньне знакамітай гісторыі сэрыйнага забойцы Чарльза Мэнсана, адной з ахвяраў якога была жонка Рамана Паланскі.

Нумар 4. Сем дзён у траўні (Seven Days in May). 1964

seven_days_in_may_3.png

Джон Франкенхаймэр стаў рэжысэрам гэтай стужкі, зоркамі якой былі Бэрт Ланкастэр і Кірк Дуглас. Гэта выдуманая гісторыя, аднак надзвычай падобная да праўды. У сюжэце слабы прэзідэнт ЗША дамовіўся аб пагадненьні аб скарачэньні ўзбраеньняў з краінай саветаў, але яго мера непапулярная і не падабаецца знакамітаму генэралу, герою папярэдняй вайны. Яны сутыкаюцца ў барацьбе за кантроль над урадам ЗША.

Адзін з афіцэраў, лаяльных да прэзідэнта прыходзіць да высновы, што найвышэйшае кіраўніцтва арміі рыхтуе пераварот, каб зрынуць гаспадара Авальнага кабінэту. Прэзідэнт спрабуе знайсьці доказы, каб спыніць вайскоўцаў, якім застаецца зусім крыху да пасьпяховага вырашэньня сваёй задумы. Усё павінна вырашыцца за сем дзён, да нядзелі.

Нумар 3. Назад у Будучыню (Back to the Future). 1985

back_to_the_future_3.jpg

У гэтай клясычнай навуковай фантастыцы 1980-х гадоў каліфарнійскі падлетак Марці Макфлай (Майкл Дж. Фокс) вяртаецца ў 50-я гады, калі эксперымэнт яго эксцэнтрычнага сябра-навукоўцы Дока Браўна (Крыстафэр Лойд) не атрымліваецца.

Падарожнічаючы ў часе на мадыфікаваным аўтамабілі DeLorean, Марці сустракае маладыя вэрсіі сваіх бацькоў (Крысьпін Гловэр, Леа Томпсан) і павінен пераканацца, што яны закахаюцца, інакш ён перастане існаваць. Што яшчэ больш страшэнна, Марці павінен вярнуцца ў свой час і выратаваць жыцьцё Дока Браўна.

Нумар 2. Форэст Гамп (Forrest Gump). 1994

forrest_gump_3.jpg

Рэбэрт Зэмэкіс зьняў шэдэўральны фільм. Седзячы на аўтобусным прыпынку, Форэст Гамп — не вельмі разумны, але добры і адкрыты хлопец — распавядае выпадковым сустрэчным гісторыю свайго незвычайнага жыцьця.

Форэст Гамп, ролю якога выконвае Том Хэнкс, ніколі не лічыў сябе абяздоленым. Дзякуючы сваёй маці ён вядзе зусім звычайны лад жыцьця. З самага маленства хлопец пакутаваў ад захворваньня ног, суседзкія хлопцы дражнілі яго, але ў адзін цудоўны дзень Форэст адкрыў у сабе неверагодныя здольнасьці да бегу.

Форэст натхняе людзей сваім дзіцячым аптымізмам, незалежна ад таго, ці становіцца ён выпадкова зоркай футбольнай каманды, ці змагаецца ў В'етнаме або ўзначальвае рыбацкую лодку. На цырымоніі Оскар гэтая стужка атрымала сярод іншых узнагароды за лепшы фільм, рэжысэрскую працу і лепшую галоўную ролю Тома Хэнкса.

Нумар 1. Добры, кепскі, злы (The Good, the Bad and the Ugly). 1966

the_good__the_bad_and_the_ugly_3.webp

Вяршыня ў гісторыі кінематографу ў жанры вэстэрн. Заключны фільм трылёгіі Серджыа Леонэ з Клінтам Іствудам у галоўнай ролі.

Калі я быў маленькі і праводзіў лета ў дзядулі з бабуляй, дагэтуль памятаю той канкрэтны вечар. Мой дзед Анатоль сказаў, што ўвечары будуць паказваць добры фільм (хаця кінаманам яго нельга было назваць), і я цэлы дзень чакаў прагляду. Як толькі пачаліся першыя кадры, мяне нельга было зварушыць з фатэля на працягу трох гадзінаў, што цягнулася тая стужка. Гэта былі гадзіны, якія перагарнулі ўспрыманьне майго кінамастацтва. Добры, кепскі, злы.

Музыка, якая стварала сабою ўражаньне свайго асабістага сьвету, прымусіла ўвабраць у сябе сцэну за сцэнай, і я несьвядома адчуваў сябе часткай дзікага Дзікага Захаду. Гэтыя пачуцьці пранёс і праз усе з тых часоў пройдзеныя гады, і са шчырым сэрцам вельмі рэкамендую ўбачыць гэты шэдэўр.

Скажыце, ці змаглі б вы прыгадаць сцэну на 10 хвілінаў, дзе не адбываецца нічога, апроч таго, што тры чалавекі стаяць, не прамаўляючы ні слова – і ад гэтага немагчыма адвесьці позірк ні на долю сэкунды? Гэтая сцэна ў фільме Леонэ.

«Ты ведаеш, што ў гэтым сьвеце ёсьць два віды людзей, мой сябар – тыя, у каго зараджаная зброя і тыя, хто капае. Ты капаеш».

Прыемнага прагляду!